Багро́вы (ст.-бел. багровый, параўн. Бярында, 239: багровая фарба; у яго ж багрян ’баграны’, 228; багряни́ца, 217), ба́гра ’пурпурная фарба’ (Нас.), баграві́зна ’пляма ад удару на целе’, ба́гравіць ’крывавіць, пачырваніць’ (Нас.). Рус. ба́гор, багр ’пурпурны колер’, укр. ба́гор, ст.-слав. багрити, багръ, балг. ба́гря ’фарбую чырвоным’ і г. д. У зах.-слав. мовах гэтага слова няма. Паходжанне няяснае. Магчыма, роднаснае з грэч. φώγω ’пяку, смажу, абпальваю’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’, Фасмер, 1, 103. Няпэўным з’яўляецца параўнанне Младэнава, 39, РФВ, 68, 373 з гал. baggaert ’твань’, слав. bag(ъ)no і балг. божу́р ’мак’. Неабгрунтавана Праабражэнскі, 1, 11 (< гоц. fagrs, ст.-в.-ням. fagar ’прыгожы’; супраць Фасмер, 1, 103). Локач (107) лічыць запазычаннем з араб. maġra ’прыродная чырвоная фарба’. Не пераконвае Львоў, ЭИРЯ, IV, 66–71: < ba‑gъr (ba‑ ўзмацняльная частка, gъr — да gorěti). БЕР, 1, 24–25: < і.-е. *bhōgh‑ro‑ (*bhāgh‑ro‑) ’тапіць, мачыць’ (параўн. грэч. βάπτω ’патапляю, таплю, акунаю’, βαπτός ’ярка пафарбаваны, яркага колеру’); Лапацін (Исслед. ист. лекс., 250–252) дадае і іншыя паралелі. Менгес (UAJb, 31, 177–178) стаіць за цюрк. крыніцу (яго падтрымлівае Трубачоў, Серболуж. сб., 160). Пашырэнне слова ва ўкр. дыялектах (параўн. назвы для кароў і валоў: багрі́й, ба́гря; для сліў: багру́ля і г. д.; для раслін: багри́на, багрове́ць) робіць няпэўнай думку аб запазычанні наогул гэтага слова з паўд.-слав. моў (так Цімчанка, 48; КЭСРЯ, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стыль1 ‘драўляны калок, якім замацоўваюць бярвенні ў сцяне зруба’ (Сцяшк.), стыль, штыль ‘шост, пры дапамозе якога кіруюць паромам; багор для сартыроўкі бярвенняў пры сплаве’ (Маслен.). З ням. Stil ‘ручка, дзяржанне’ праз польск. styl ‘тс’; параўн. Брукнер, 524.

Стыль2 ‘холад’ (Барад., Юрч. Фраз. 1, Мат. Гом., Растарг.), сты́ліца ‘халадэча’ (Яўс., Мат. Маг.), стыле́ча экспр. ‘холад’ (Мат. Гом.). Да стыць, параўн. стылы, гл.

Стыль3 ‘спосаб, характар пісьма, творчасці і інш.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычанне з франц. style ‘тс’ праз польск. styl ‘тс’ ці рус. стиль ‘тс’; паходзіць ад лац. stilus ‘завостраны калок; кіёчак для пісання на васковай дошчачцы; спосаб выкладання, пісьма’. Гл. Брукнер, 524; Фасмер, 3, 760.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)