Ігры́шча ’вечарынка моладзі з песнямі, музыкам і скокамі’ (Бяльк., Шат., Інстр. II), ’танцы, скокі’ (Сцяшк. МГ), ’вясковыя вячоркі, забаўныя зборышчы’ (Мал.). Рус. дыял. и́гри́ще ’гулянне моладзі з песнямі і скокамі’, ’вечарынка моладзі’, ’каляднае гулянне, калядная гульня’, ’месца гуляння, гульняў’, укр. гри́ще, ігри́ще ’месца для гульні; святочныя забавы моладзі’ (Грынч.), польск. igrzysko ’барацьба, спаборніцтва’, ’забаўныя мерапрыемствы з музыкам і танцамі’, ’відовішча’, чэш. hřiště ’месца для гульняў і спорту’, славац. ihrisko ’тс’, славен. igrišče ’тс’, серб.-харв. ѝгрӣште ’тс’, балг. игри́ще ’тс’, макед. игриште, игралиште ’тс’. Ст.-слав. игрище ’арэна’, игрища мн. ’забавы’, ст.-рус. игрище ’забава, відовішча’, ’месца гульняў, відовішчаў’. Ст.-бел. игриско ’гульня, турнір’ (1677 г.) з польск. (Булыка, Запазыч.). Прасл. *jьgrišče ўтворана ад *jьgrati (гл. іграць) з суф. ‑išče; параўн. зборышча, гульбішча, явішча. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 211–212; Слаўскі, 1, 446–447. Ад ігрышча з суф. ‑нік ігрышчнік ’удзельнік сялянскага каляднага гульбішча’ (Нас. Доп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сцэ́на, ‑ы, ж.
1. Спецыяльная пляцоўка ў тэатры, на якой адбываюцца спектаклі; тэатральныя падмосткі. Ужо ў тэатры, седзячы поруч з Юлькай, Аляксей глядзеў на сцэну, але не разумеў, што там робяць артысты. Даніленка. Сцэна была невялікая, але малюнак дэкарацыі, што вісеў на задняй сцяне, рабіў яе бясконцай. Пальчэўскі. // Тэатр, тэатральная дзейнасць. Майстры сцэны. □ І ўжо нават без сцэны [Мікола] Сам сябе не ўяўляў. Бачыла. На прафесійную сцэну .. [Рыгор Пятрэнка] прыйшоў з мастацкай самадзейнасці. «ЛіМ».
2. Асобная частка акта тэатральнай, п’есы. Фінальная сцэна пятага акта. □ [Зоя:] — Ты разумееш, сядзелі мы з Тамарай пасля першай сцэны ў грыміровачнай, нам выступаць у самым канцы спектакля. Рамановіч.
3. Асобны эпізод, які паказваецца ў п’есе, літаратурным творы, карціне. Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн. Лужанін. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт [Ф. Багушэвіч] выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // Невялікі драматычны твор, які перадае які‑н. асобны эпізод, выпадак. «Сцэны з рыцарскіх часоў» А. С. Пушкіна.
4. Разм. Рэзкая, вострая размова. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. [Міхаліна:] — Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі... Шамякін. // Здарэнне, эпізод, якія можна назіраць у жыцці. [Брат Зосі] намерыўся схаваць сала пад рубашку, але адчыніліся дзверы з пакоя, і Сегенецкая ўбачыла ўсю гэтую сцэну. Чорны. Мне жыва прыгадаліся сцэны тых дзён у нашым шчаслівым пакойчыку. Дуброўскі.
5. перан. Поле, арэна дзейнасці. На гістарычную сцэну выступіў рабочы клас. □ Сышлі са сцэны прэч магнаты. Колас.
[Лац. scaena з грэч.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)