сла́віцца, сла́ўлюся, сла́вішся, сла́віцца; незак.

1. (звычайна чым або са словам «як»). Мець славу, шырокую вядомасць у якіх‑н. адносінах. Стары Даніла славіўся на цэлую ваколіцу сваімі вырабамі: вёдрамі, начоўкамі, цабэркамі і лыжкамі, якія выходзілі з яго рук моцныя, гладкія. Бядуля. Міхайлаў славіўся як аматар смелых рашэнняў і шырокіх маштабаў. Карпаў. Цяпер гэты калгас [«Рассвет»] славіцца на ўвесь Савецкі Саюз. Паслядовіч. // Вызначацца чым‑н. (звычайна адмоўным). Палагея .. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

2. Усхваляцца, праслаўляцца, ушаноўвацца. Слаўся, радзіма мая, за пачын Цяжкага шляху на Марс! Смагаровіч. Паслухай, Як соладка Славіцца шчасце У кожнай Аргана трубе! Кірэенка.

3. Зал. да славіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуллі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны ўспрымаць знешнія, фізічныя раздражненні. Чуллівыя нервы. // Які вызначаецца хваравіта павышанай здольнасцю ўспрымаць раздражненні. Адно вядома, што хвароба вельмі небяспечная, яна падкралася да самага чуллівага аргана — да мазгоў. Васілёнак. — У гэтых дваццаці яблынь мы наўмысна затрымліваем цвіценне, яны вельмі чуллівыя да замаразкаў. Стаховіч.

2. Кранальны, сардэчны, здольны выклікаць замілаванне, добрае пачуццё. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу, ведаем аб той чуллівай апошняй сустрэчы Уладзіміра Ільіча з маці ў Стакгольме. «ЛіМ». Вечарамі баян з пералівамі Ціха шэпча песні чуллівыя. Бураўкін.

3. Здольны тонка адчуваць, востра рэагаваць. На душы ў паэта, чуллівай заўжды, Кожны імпульс жыцця адгукнецца. Сэрца плача, смяецца, а трэба — тады І крывёю гарачай зальецца. А. Астапенка. Ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшы. Краўчанка. Людзі з цяжкім лёсам ад гора не чарсцвеюць, а робяцца чуллівымі, вельмі спагадлівымі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)