наме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.
1. Паставіць меткі, знакі на чым‑н. Намеціць дрэвы для высечкі. Намеціць бялізну.
2. Абазначыць, ставячы меткі, знакі. Намеціць дарогу тычкамі.
3. Лёгкімі штрыхамі, лініямі абазначыць асноўныя контуры чаго‑н. Намеціць пярэдні план карціны. Намеціць фасад будучага дома. // перан. Зрабіць, стварыць у агульных рысах; накідаць. Намеціць схему ўрока.
4. Папярэдне вызначыць каго‑, што‑н. Калі.. трэба было намеціць кандыдатуру сакратара райкома камсамола, Андрыян Цітавіч адразу прыгадаў Валю Красачку. Марціновіч. Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкова паедзе ў горад. Гартны.
5. Прымеціць, выбраць каго‑, што‑н. з якой‑н. мэтай. [Раечка] намеціла аднаго афіцэра і, прыцікаваўшы, калі ён будзе стаяць адзін, падышла запытаць. Лобан.
6. Задумаць, запланаваць зрабіць што‑н. Зараз .. [краіне] усё пад сілу, і ўсё, што намеціла партыя, будзе выканана. Карпаў. З Сюзанай звязана ўсё самае лепшае, што намеціў .. [Міця] зрабіць у жыцці. Навуменка. Памаўчалі, пасля загаварыў старшыня: — .. Вось што... Ульяна, і вы, Тодар... На вечар мы ўчора намецілі праўленне, не адкладаць жа. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.
2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.
3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.
4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.
5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўня́цца, ‑я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.
1. Тое, што і раўнавацца (у 1 знач.). І праўда, Антон, зусім яшчэ юнак, не мог раўняцца з ім: Андрыян — сталы хлопец, прыгожы, статны. Марціновіч. Асіна лапатала нават у бязветраныя дні, пад восень яна рабілася прыгажэйшай ад усіх дрэў, раўняцца з ёй вогненнымі барвамі мог адзін толькі клён, не часты ў нашым лесе. Навуменка.
2. Набліжацца да каго‑, чаго‑н., апынацца нароўні, побач з кім‑н. Клава выйшла наперад, стала раўняцца з Верай. Дуброўскі. Дзяўчына раўняецца, суцішае крок. Кулакоўскі.
3. Станавіцца роўнай, прамой лініяй; выраўноўваць строй. Байцы палка ўдарнага, Раўняйцеся ў стра[і]! Крапіва. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей. Адамчык. // заг. раўня́йся! Ужываецца як ваенная, спартыўная і пад. каманда: выраўнаваць рад (рады).
4. перан.; па кім і на каго-што. Імкнуцца стаць такім жа, як той, хто прызнаецца ў якіх‑н. адносінах узорам. Тут цяпер поплеч з намі ідуць старэйшыя таварышы, камуністы, на якіх нам вельмі добра раўняцца, у якіх нам трэба вучыцца, як жыць. Брыль. А калі плакаты заклікалі раўняцца на перадавікоў, дык толькі на тых, аб якіх пісалася ў цэнтральных газетах. Гаўрылкін. На яго [Віктара] паказчыкі раўняліся таварышы. Данілевіч.
5. Зал. да раўняць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)