сістэматызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Прывесці (прыводзяць) у сістэму (у 1, 2, знач.). Трэба дакументы сістэматызаваць, нарабіць ім рэестры, каб было добра відаць, што, адкуль і куды ідзе. Скрыган. [Вольга:] — Лёня мне кажа: у цябе, маўляў, ёсць здольнасць сістэматызаваць і аналізаваць факты. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. у чым. Рыцца, капаючы.

К. ў градках.

К. ў пяску.

2. перан., у чым. Залішне старанна, дэталёва аналізаваць, абдумваць што-н., унікаць у што-н.

К. ў душы.

3. з чым і без дап. Марудзіць, павольна рабіць якую-н. справу.

К. з перакладваннем кніг.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паддавацца капанню.

Пасля дажджу зямля лягчэй капаецца.

|| зак. закапа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 3 знач.).

|| наз. капа́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

калупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы што‑н. [Дзеці] калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак. Маўр. Чухноўскі ўзяў запалку з парабка.., што ляжаў на стале, і стаў калупацца ёю ў люльцы. Пестрак. // перан. Корпацца ў чым‑н., важдацца з чым‑н. Хлапец.. пусціўся на святло і хутка ўбачыў, што шафёр нечага калупаецца ў маторы. Кулакоўскі. Камера лопнула, і.. [Міхась] доўга калупаўся з колам. Кавалёў.

2. перан. Займацца справай, якая патрабуе карпатлівай, працяглай працы; рабіць што‑н. няўмела і марудна. З самага ранку і да вечара калупаўся Мікіта ля хаты, каля стагоў і хлява. Галавач. // у чым. Залішне старанна аналізаваць, разбіраць што‑н. нязначнае, дробязнае. Нецікава было весці далей гутарку ў гэтым тоне і калупацца ў людскім брудзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., у чым.

1. Капаючы, разграбаючы, рыцца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. На дарозе ў пяску капаліся нейчыя куры. Рылько. За плотам пад сцяной капаўся ў снезе стары. Карпюк. // Разм. Перакладваючы, перабіраючы, шукаць што‑н. Капацца ў паперах. Капацца ў кішэні. □ Дзяўчаты тэрмінова шылі сабе нейкія старамодныя сукенкі, хлопцы капаліся ў старых бацькоўскіх скрынях у пошуках доўгіх да пят паляшуцкіх дзедаўскіх світак і кажухоў. Краўчанка. // перан. Дэталёва, па дробязях аналізаваць, абдумваць што‑н., унікаць у што‑н. Капацца ў душы. □ Сяльчонку не захацелася далей капацца ў гэтай старой гісторыі. Асіпенка.

2. Разм. Займацца якой‑н. карпатлівай справай, рабіць што‑н. марудна, няўмела; важдацца. [Туляга:] Ваша праца пасоўваецца. Аляксандр Пятровіч. [Гарлахвацкі:] А іменна? [Туляга:] Матэрыялы падбіраю. [Гарлахвацкі:] Доўга капаецеся. Крапіва. [Жонка] капалася каля прыпечку. Бядуля.

3. Паддавацца капанню. Пад пластом шчэбню была мяккая зямля і капалася лёгка, хутка. Краўчанка.

4. Зал. да капа́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і карпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. у чым. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. Корпацца ў пяску. Корпацца ў градах. // Не спяшаючыся, разбірацца ў чым‑н., папраўляючы, наладжваючы. Корпацца ў прыёмніку. Корпацца ў фотаапараце. □ Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. // Шукаць, перабіраючы што‑н. Корпацца ў паперах. Корпацца ў чамадане. □ Салёнаў доўга корпаўся ў скрынцы — перабіраў шурупчыкі, маткі старога дроту, сапсаваныя ліхтарыкі — шукаў шкларэз. Даніленка.

2. перан. Рабіць што‑н. марудна, не спяшаючыся або няўмела. Пляменніца працавала на ферме, а маці Ліды, пастарэлая і зусім знядужаная, пакрысе корпалася каля дому. Кавалёў. — Дакуль вы будзеце корпацца... Не на вечарынку ж збіраецеся... Васілевіч.

3. перан. Вельмі дэталёва аналізаваць што‑н., абдумваць што‑н., разбірацца ў чым‑н. — І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)