далако́п, ‑а, м.
Рабочы, які капае магілы. Далакопы ўзяліся за рыдлёўкі, натоўп пачаў разыходзіцца, расцякаючыся па сцежках, што вялі да выхаду з могільніка. Хадкевіч. Магіла была гатова. Апёршыся на лапаты, чакалі далакопы, калі закопваць ім. Вярцінскі. // Той, каму даручана капаць, раскопваць што‑н. [Вера:] Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.
2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́зы, ‑ая, ‑ае.
1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.
2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́мач, ‑ы, ж.
Разм.
1. Недамаганне, слабасць; хвароба. Маці.. забывалася на немач, увіхалася ля печы, цешылася з сустрэчы. Вышынскі. [Шэмет:] «Што, ужо начальства немач бярэ? Дваццаць метраў прайсці не можа?» Лобан. [Кац] прайшоў не адну царскую ссылку, і, відаць, арганізм яго выпрацаваў у сабе здольнасць незвычайна супраціўляцца рознай немачы. Сабаленка.
2. Гора, няшчасце. [Юстына:] — Неўзабаве і Мікіта прыйшоў, што быў у матросах. Ды на табе, зноў немач — паны нахлынулі. Гурскі. Аляксандр Іванавіч быў добрай душы чалавек, але вось гэтая немач — немач, насланая вайною... Пестрак.
•••
Каб на яго (яе, іх, цябе, вас) немач; няхай яго (яе, іх, цябе, вас) немач — праклён са значэннем «чорт яго (яе, іх, цябе, вас) бяры».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.
2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., у чым.
1. Капаючы, разграбаючы, рыцца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. На дарозе ў пяску капаліся нейчыя куры. Рылько. За плотам пад сцяной капаўся ў снезе стары. Карпюк. // Разм. Перакладваючы, перабіраючы, шукаць што‑н. Капацца ў паперах. Капацца ў кішэні. □ Дзяўчаты тэрмінова шылі сабе нейкія старамодныя сукенкі, хлопцы капаліся ў старых бацькоўскіх скрынях у пошуках доўгіх да пят паляшуцкіх дзедаўскіх світак і кажухоў. Краўчанка. // перан. Дэталёва, па дробязях аналізаваць, абдумваць што‑н., унікаць у што‑н. Капацца ў душы. □ Сяльчонку не захацелася далей капацца ў гэтай старой гісторыі. Асіпенка.
2. Разм. Займацца якой‑н. карпатлівай справай, рабіць што‑н. марудна, няўмела; важдацца. [Туляга:] Ваша праца пасоўваецца. Аляксандр Пятровіч. [Гарлахвацкі:] А іменна? [Туляга:] Матэрыялы падбіраю. [Гарлахвацкі:] Доўга капаецеся. Крапіва. [Жонка] капалася каля прыпечку. Бядуля.
3. Паддавацца капанню. Пад пластом шчэбню была мяккая зямля і капалася лёгка, хутка. Краўчанка.
4. Зал. да капа́ць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схлы́нуць, ‑не; зак.
1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.
2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чацвёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Лічба 4. Напісаць чацвёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 4), якія нумаруюцца лічбай 4.
2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем «добра». Тарас Яцэвіч скончыў у тым годзе сярэднюю школу. Праўда, не зусім удала: з тройкамі і чацвёркамі. Якімовіч. Клава думала цяпер і пра тыя тры балы, якіх яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта «тройка» па пісьму і «чацвёрка» па хіміі. Кавалёў.
3. Ігральная карта, дошчачка даміно з чатырма ачкамі. Чацвёрка пік.
4. Запрэжка ў чатыры кані. Вёз [гаспадар] на .. [кабыле] дровы з лесу, ажно тыц! — едзе пан на чацвёрцы. Бядуля.
5. Колькасць каго‑, чаго‑н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы. Чацвёрка самалётаў. □ Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які турбуецца аб кім‑, чым‑н., клапоціцца пра каго‑, што‑н. Турботы чалавек. / у паэт. ужыв. Турботны родны дом Шчаслівых не пабудзіць. Голуб. // Які адлюстроўвае неспакой, хваляванне. Цімох углядаецца, пазірае пільней .. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца .. паплыў борзда ўгору белаваты дым. Колас. Белы колер халата і шапачкі .. вельмі ж неяк ідзе да .. вялікіх, чорных, .. турботных вачэй [Ганны Пятроўны]. Брыль.
2. Напоўнены рознымі турботамі, неспакойны. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць! Гроднеў. Прыемна і самому заадно з .. [Януком] яшчэ разок перакінуцца ў думках туды, дзе прайшло яго [Васіля] хоць і цяжкае, турботнае, але навек незабыўнае маленства. Кулакоўскі. Так уваходзіць юнак Аляксандр Віташкевіч у жыццё. Цяжкае, але прываблівае. Турботнае, але сваё, кроўнае, роднае — рабочае жыццё. Кавалёў. // Які выражае, выяўляе турботу. — А жыццё? Жыццё доўгае наша? — пераходзіць [Эльга] на трапяткі і турботны шэпт. — Бачу, назаўсёды ідзеш, нядобры твар у цябе. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.
2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.
3. Які мае адносіны да міру 1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.
4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)