азнаямле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. азнаямляць — азнаёміць і азнаямляцца — азнаёміцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інфармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак. і незак., каго-што.

Даць (даваць) інфармацыю (у 2 знач.); азнаёміць (азнаямляць) з чым‑н. [Рэдактар] заўсёды інфармаваў [загадчыкаў аддзелаў] пра рашэнні бюро гаркома партыі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абве́зці, -вязу́, -вязе́ш, -вязе́; -вязём, -везяце́, -вязу́ць; -вёз, -ве́зла; -вязі́; -ве́зены; зак., каго-што.

1. Правезці вакол чаго-н.

А. турыстаў вакол горада.

2. Правезці кружным шляхам, мінаючы што-н.

3. Развозячы ва ўсе пункты, азнаёміць з чым-н.

А. загад па брыгадах.

|| незак. абво́зіць, -во́жу, -во́зіш, -во́зіць; -во́зь.

|| наз. абво́з, -у, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прыго́ўтацца (прыго́ўтаціса) ’супакоіцца’ (пруж., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага о́ўтацца. Няясна. Цікава, што арэал распаўсюджання роднасных форм (верагодна, агульны) — паўднёварускі і ўкраінскі: кур., арл., разан., варонеж. прыголта́ться ’прызвычаіцца, асвоіцца; прыцярпецца’, варонеж. ’налажыцца; прыстасавацца’, укр. приго́втатися ’асвоіцца, азнаёміцца’ < приго́втати ’прывучыць; асвоіць, азнаёміць’. Параўн. аго́ўтацца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уве́сці, увяду́, увядзе́ш, увядзе́, увядзём, уведзяце́, увяду́ць; увёў, увяла́, -ло́; увядзі́; уве́дзены; зак.

1. каго-што ў што. Прымусіць увайсці, прывесці куды-н.

У. войскі ў горад.

У. карову ў хлеў.

2. што ў што. Уліць, упусціць, умяшаць унутр чаго-н.

У. глюкозу.

3. каго-што ў што. Уключыць у што-н., зрабіць дзейным або ўжывальным.

У. ў бой новыя сілы.

У. канал у эксплуатацыю.

У. мяч у гульню.

4. каго (што) у што. Уцягнуць у што-н.; прычыніць каму-н. што-н.

У. ў выдаткі.

У. ў грэх.

5. каго (што) у што. Дапамагчы асвоіцца з чым-н., азнаёміць.

У. ў свае планы.

6. што. Устанавіць, пакласці пачатак чаму-н.

У. самаабслугоўванне.

У. надзвычайнае становішча.

|| незак. уво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. увядзе́нне, -я, н. і уво́д, -у, М -дзе, м. (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

посвяти́ть сов.

1. (кого, что во что) падзялі́цца (з кім, з чым, чым-небудзь); адкры́ць (каму, чаму, што); азнаёміць (каго, што, з чым); паінфармава́ць (каго, што, аб чым); расказа́ць (каму, чаму, пра што); уве́сці (каго, што, у што);

посвяти́ть в свои́ пла́ны падзялі́цца сваі́мі пла́намі, адкры́ць свае́ пла́ны, азнаёміць са сваі́мі пла́намі, паінфармава́ць аб сваі́х пла́нах, расказа́ць аб сваі́х пла́нах;

посвяти́ть в свои́ интере́сы расказа́ць пра свае́ інтарэ́сы, уве́сці ў свае́ інтарэ́сы;

2. (кого, что, кому, чему) прысвяці́ць;

посвяти́ть себя́ му́зыке прысвяці́ць сябе́ му́зыцы;

3. (возвести в звание) пасвяці́ць;

посвяти́ть в ры́цари пасвяці́ць у ры́цары;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

паказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. каго-што. Даць магчымасць убачыць, разгледзець каго‑, што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Паказаць кнігу. Паказаць абноўку. □ [Чалавек] паказаў некалькі пустых бланкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі. Чорны. Мне прапанавалі яшчэ адзін гадзіннік з такой жа прыблізна цаной, потым паказалі яшчэ некалькі. Лынькоў. // Прадэманстраваць перад кім‑н. (гледачамі, аўдыторыяй і пад.). Паказаць новы спектакль. Паказаць фокус. // Азнаёміць з чым‑н., даючы тлумачэнні. Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. На другі ж дзень ён павёў паказаць ферму ўнуку. Даніленка. // Даць каму‑н. на праверку, для азнаямлення, прагляду і пад. Паказаць рукапіс рэдактару. // Прад’явіць. Дзед паказаў .. [вартавому] пропуск. Якімовіч.

2. што, на каго-што і без дап. Рухам, жэстам вызначыць кірунак, звярнуць чыю‑н. увагу на каго‑, што‑н. Паказаць дарогу на станцыю. □ — Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла. Пальчэўскі. — Сёння будзе самалёт. Трэба адправіць у Маскву, — паказала.. [Антаніна Мікалаеўна] на партызана і дзяцей, якія сядзелі на калёсах. Шчарбатаў. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль. // перан. Вызначыць, указаць (шлях, мэту і пад.). Выгадаваў [Ленін] класу Партыю ў баях, На прастор шырокі Паказаў нам шлях. Глебка.

3. што і з дадан. сказам. Растлумачыць, навучыць каго‑н. рабіць што‑н. Паказаць, як карыстацца паяльнікам. □ Неяк увесну.. [маці] пазычыла ў суседзяў буквар і папрасіла.. дзядзьку Сцяпана, каб ён паказаў мне літары. Ляўданскі. // Падказаць, навесці на думку. Паказаць спосаб рашэння задачы.

4. што. Выявіць, зрабіць прыкметным якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці і пад. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Колас. [Валошын:] Скажы, Ён вельмі мучыцца? [Таццяна:] Азорыч? Вельмі, Хоць і стараецца не паказаць. Глебка. // Дабіцца якіх‑н. вынікаў (на спаборніцтве, конкурсе і пад.). Паказаць лепшы вынік у бегу на 100 м.

5. што і з дадан. сказам. Апісаць, расказаць пра каго‑, што‑н., капіруючы, падрабляючы (голас, паходку і інш.). У.. [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж. Колас. // Адлюстраваць у мастацкім творы. Паэма Куляшова [«Сцяг брыгады»] народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі. Бярозкін.

6. што і з дадан. сказам. Выявіць, раскрыць што‑н. Абследаванне паказала, што хворы папраўляецца. □ Крымская вайна. Яна з поўнай відавочнасцю паказала ўсю гніласць самадзяржаўна-памешчыцкага ладу ў Расіі. Г. Кісялёў. Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх. Шамякін. // З’явіцца сведчаннем чаго‑н.; даць падставу для якога‑н. заключэння. — Сённяшні дзень пакажа, — спакойна пярэчыць Клім, — якая брыгада перадавая, наша ці ваша... Кавалёў. // Даказаць. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек. Колас.

7. што. Адзначыць, засведчыць на прыборах якія‑н. велічыні (тэмпературу, ціск і пад.). Тэрмометр паказаў 39,3°. □ Лічыльнік.. не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Шыцік.

8. з дадан. сказам. Даць паказанні на допыце. Дапытвалі ўсіх рабочых з барака, дзе жыў Шаліма, але ўсе, як адзін, паказалі, што ў гэты вечар нікога ў бараку не было. Мікуліч.

9. каму. Разм. Адпомсціць за дрэнны ўчынак, за якую‑н. правіннасць; правучыць. — Ну, я ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок .. [сабакі] і пайшоў далей. Колас. — Я ж табе пакажу, шкоднік ты! — раскрычалася.. [старажыха] на ўвесь сад. Якімовіч.

•••

Не паказаць віду (выгляду) — тое, што і не падаць віду (выгляду) (гл. падаць).

Паказаць вочы — паявіцца дзе‑н.

Паказаць, дзе ракі зімуюць каму — правучыць, пакараць каго‑н.

Паказаць дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паказаць зубы — а) агрызнуцца; б) выявіць сваю агрэсіўнасць.

Паказаць кіпцюры — выявіць гатоўнасць да адпору ці нападу.

Паказаць на дзверы каму — прапанаваць каму‑н. выйсці.

Паказаць прыклад — паслужыць узорам.

Паказаць пяткі — хутка ўцячы.

Паказаць сваё я — а) тое, што і паказаць сябе; б) настаяць па сваім.

Паказаць сябе — поўнасцю выявіць свае якасці, здольнасці, магчымасці.

Паказаць хвост — паехаць, не дачакаўшыся падыходзячых пасажыраў. — «Ракета» хвост паказала, — усміхнуўся Рыгорка. — На якія-небудзь дзесяць хвілін спазніліся... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)