закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.
2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злы, злосны, раззлаваны, гнеўны, разгневаны, сярдзіты, люты, разлютаваны, ліхі, азвярэлы, ашалелы, асатанелы; злючы (разм.); воўчы (разм., перан.)
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)