фатаграфава́цца, ‑фуюся, ‑фуешся, ‑фуецца; незак.

1. Разм. Адлюстроўвацца на фатаграфіі (у 2 знач.). Дзе яны [хлопцы] узялі фота — не мог даўмецца я. Нарэшце, здагадаўся: мусіць, узялі ў таго фатографа, перад апаратам якога мы садзіліся па чарзе фатаграфавацца для альбомаў. Сабаленка.

2. Зал. да фатаграфаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люстрава́цца, ‑руецца; незак.

1. Блішчаць, адсвечваць, як люстра ​1. Люстравалася рэчка Сярод лугавін. Бядуля.

2. Адлюстроўвацца. У ціхай рэчцы мякка люстраваліся чырвань неба, бледны сярпок месяца і далёкія ярка-малінавыя аблокі, якія былі падобны на казачных жар-птушак. Хомчанка. Мужчыны адзін за адным, несучы на плячах косы, у якіх люстравалася сонца, сыходзіліся да брыгадзіравай дзялянкі на сняданак. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выража́ться

1. выяўля́цца;

2. (говорить) выка́звацца, гавары́ць, выража́цца;

3. (ругаться) прост., обл. ла́яцца;

4. страд. выяўля́цца; пака́звацца; перадава́цца; адлюстро́ўвацца; выка́звацца; выража́цца; см. выража́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

трактава́цца, ‑туецца; незак.

1. Быць прадметам абгаварэння, разгляду, тлумачэння чаго‑н. Княжанне Вітаўта трактуецца ў паэме [«Песня пра зубра» М. Гусоўскага] як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў поле для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці. У. Калеснік. // Характарызавацца, адлюстроўвацца пэўным чынам. У адрозненне ад аднайменнага рамана ў п’есе Чорнага «Бацькаўшчына» псіхалагічна паглыбляюцца або інакш трактуюцца асобныя вобразы. Луфераў. П’еса, напісаная як драматычная паэма, патрабавала героіка-рамантычнага вырашэння. Так яна і трактавалася рэжысурай. Сяргейчык.

2. Зал. да трактаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́стра1 ’адшліфаваная паверхня шкла, металу, здольная даваць адбіткі прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю’, ’паверхня, плошча чаго-небудзь’ (Нас., Грыг., Гарэц., Бяльк., Касп., Растарг., ТСБМ, Яруш.; маг. КЭС), лю́стро ’тс’ (ТС), лустэрка, люстэрка, люстэрак, лю́страчка, лістэрка (Сл. ПЗБ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Сцяшк.; КЭС, лаг.; капыл. Жыв. сл.). Запазычана з польск. lustro ’тс’, якое з італ. lustro ’бляск, водбліск’ (Слаўскі, 4, 385; Кюнэ, 73; Арашонкава, БЛ, 12, 49). Сюды ж люстрава́цца, люстрава́ць ’блішчэць, адсвечваць’, ’адлюстроўвацца’, люстра́ны ’з бліскучай паверхняй’ > люстраніць (ТСБМ; Васілеўскі, БЛ, 10, 17). Гл. таксама ю́стра, ю́стро.

Лю́стра2 ’падвесны, асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла’ (ТСБМ). З рус. лю́стра ’тс’, якое праз ням. Lüster або непасрэдна з франц. lustre ’тс’ < лац. lustrāre ’асвятляць’ (Фасмер, 2, 546; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адлюстрава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адлюстроўваць — адлюстраваць і адлюстроўвацца — адлюстравацца.

2. Адбітак прадмета на гладкай люстранай паверхні. Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Брыль. // Адбітак у нашай свядомасці з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Ленінская тэорыя адлюстравання. □ Матэрыялізм — прызнанне «аб’ектаў у сабе» або па-за розумам; ідэі і адчуванні — копіі або адлюстраванні гэтых аб’ектаў. Процілеглае вучэнне (ідэалізм): аб’екты не існуюць «па-за розумам»; аб’екты ёсць «камбінацыі адчуванняў». Ленін.

3. Тое, што ўвасабляецца, выяўляецца ў мастацкіх вобразах, малюнках і пад. У вершах, апавяданнях і байках, з якімі К. Крапіва выступіў у друку, шырокія масы працоўных убачылі адлюстраванне сваіх поглядаў, думак і пачуццяў. Казека.

4. Тое, што з’яўляецца вонкавым выяўленнем чаго‑н.; адбітак. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён.. падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з’явам свету. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)