адлюстраванне, адбітак, адбіццё; люстэрка, пячаць (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дгук, ‑у, м.

1. Адбіццё гуку; водгулле, рэха. Затрашчала галлё — панёсся водгук. Гартны. // Слабы гук, які даносіцца здалёку. З ветрам, што кідаўся зверху,.. даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Лынькоў.

2. перан. Спачувальныя адносіны, салідарнасць з чым‑н. Шырокі водгук. □ Я веру, песень маіх кліч бунтарскі Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх. Купала. Водгук на чужое гора жыў у.. сэрцы [Ядвісі]. Колас.

3. перан. Тое, што з’яўляецца вынікам чаго‑н., адказам на якія‑н. падзеі, з’явы. Рэвалюцыйныя падзеі знайшлі магутны водгук у дакастрычніцкай беларускай літаратуры. Пшыркоў. Творы [Лынькова, Чорнага, Труса] з явіліся гарачым водгукам на хвалюючыя пытанні свайго часу. Казека.

4. Разм. Тое, што і водзыў (у 1 знач.). Кніга водгукаў. □ Вялікую цікавасць мелі.. [Купалавы] водгукі аб.. паэзіі Адама Міцкевіча. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

отраже́ние ср.

1. (удара, нападения) адбіццё, -цця́ ср.; (атаки) адбіва́нне, -ння ср.;

2. (отсвет) адбі́так, -тку м.;

3. (изображение) адлюстрава́нне, -ння ср., адбі́так, -тку м.;

4. филос. адлюстрава́нне, -ння ср.; (отображение) адво́бражанне, -ння ср.;

ле́нинская тео́рия отраже́ния ле́нінская тэо́рыя адлюстрава́ння;

5. (эпохи, общества) адлюстрава́нне, -ння ср.; пака́з, -зу м.;

6. (влияние) адбі́так, -тку м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

во́дгулле, ‑я, н.

1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.

2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Раптоўны ваенны ўзброены напад на каго‑, што‑н. Атрады зрабілі налёт на станцыю, разграмілі нямецкі гарнізон і ачысцілі вялікі ўчастак чыгункі ад варты. Шамякін. Налёт нашых самалётаў па станцыю ў горадзе быў вельмі ўдалым. Шахавец. // Нечаканы, масіраваны абстрэл. Артылерыйскі налёт. Агнявы налёт.

2. Напад з мэтай грабяжу, вобыску і пад. Налёт на кватэру. Налёт на банк. □ [Банда] рабіла налёты на мястэчкі і сёлы, радавала ўсё, што ў каго можна было. Сабаленка. Раптам на базар камендант зрабіў налёт. Гурскі. // Разм. Набег на чужы сад, агарод. Вясковыя хлапчукі, сярод якіх быў і герой апавядання Мікітка, зрабілі налёт на суседскі сад. Шкраба.

3. Тонкі слой якога‑н. рэчыва, што асела ці з’явілася на паверхні чаго‑н. Налёт сажы. Налёт іржы. □ [Лілія Віктараўна] здзьмухнула з крэсла налёт пудры і запрасіла Рамана сесці. Васілёнак. На чорны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светла-шэры налёт. Шамякін.

4. перан. Слаба выражаная адзнака, рыса; слабае адбіццё ўнутранага стану, пачуцця. Налёт сентыментальнасці. □ Рыгора ўразілі вочы. Не тое каб вялікія, а нейкія нерухомаспакойныя, з налётам незразумелай тугі і смутку. Б. Стральцоў.

5. Колькасць налятанага часу або налятавай адлегласці. Дзвесце гадзін налёту на самалёце. □ [Кудлач:] — У складаных умовах [лётчыкі] ляталі многа. Агульны налёт таксама не дрэнны... Алешка.

6. Гнойнае ўтварэнне на якім‑н. органе або ране. Налёты на дыхальным горле.

•••

З налёту — а) з разгону, не спыняючы руху, на поўным хаду. Клюе верхаводка з налёту. Матрунёнак; б) хутка, адразу, не задумваючыся. Амаль усё, за што ні браўся хлопец, давалася яму лёгка, проста з налёту. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)