Тузе́мец ‘карэнны жыхар якой-небудзь краіны, мясцовасці, абарыген’ (ТСБМ), ст.-бел. туземець: ꙗко…родивыисѧ оу васъ (Скарына, ГСБМ), сюды ж тузе́мскі ‘мясцовы паводле паходжання, прадукцыі’ (Нас.), тузе́мшчына ‘мясцовы выраб’ (там жа). Запазычана з ц.-слав. тъземьць ‘мясцовы жыхар’ (Арол, 4, 114), параўн. укр. тузе́мець, рус. тузе́мец, польск. tuziemiec, чэш. tuzemec ‘тс’. Паводле Праабражэнскага (Труды ИРЯ, 1, 14), Фасмера (4, 115), лексема ўтворана ад ту‑ ‘тут’ і земьць ‘прыродны жыхар’. Не выключана, аднак, утварэнне ад тъ ’гэты’ < прасл. *tъ ‘тс’ і земьць ‘жыхар’ (< *zem‑ьcь ад *zemь ‘зямля’) — ‘жыхар гэтай зямлі’, параўн. аналагічнае рус.-ц.-слав. сеземьць ‘туземец’ (Сразн., 3, 324), стараж.-рус. тоземьць ‘жыхар той зямлі’. Апошняе схіляе да думкі пра першасную форму з *tъ‑, а формы з *tu‑ — вынік народнай этымалогіі (ESJSt, 17, 1004).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́былец ‘туземец, мясцовы жыхар, абарыген, аўтахтон’ (ТСБМ, Гарб., Нас., Некр. і Байк., Яруш., ЛА, 3), тубы́лец ‘тс’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́быліц ‘тс’ (Бяльк.), сюды ж ту́былнык ‘мясцовы жыхар’ (Клім.), ту́бельцы ‘карэнныя жыхары’ (Жд. 3), ту́былнэц, ту́былнык ‘тутэйшы’ (стол., Нар. лекс.); ту́болец, ту́бэлэц, ту́былнык (палес., ЛА, 3), ст.-бел. тубылецъ ‘карэнны жыхар пэўнай мясцовасці’ (ГСБМ). Паводле Жлуткі (174, 175), апошняе адпавядала юрыдычнаму мясцоваму лац. incola ‘тубылец, тутэйшы, карэнны жыхар’ або indigena ‘тс’ і ‘нованабілант; шляхціц-іншаземец’. З польск. tubylec ‘тс’; Кюнэ (111) выводзіць са ст.-польск. tu і bydliciel ці іншага назоўніка, утворанага ад bydlić ‘пражываць, жыць’, а не być, што не бясспрэчна, параўн. ЕСУМ (5, 667), гл. таксама тужылец. Сюды ж тубы́ліца ‘мясцовая жыхарка’ (Байк. і Некр.), тубы́льны ‘аўтахтонны’ (там жа), ту́былный ‘мясцовы’ (кобр., Ск. нар. мовы). Гл. таксама тубалка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тутэ́йшы ‘мясцовы, які жыве тут, не прыезджы’, ‘які ўласцівы гэтай мясцовасці, не прывазны’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Федар. 5, Бяльк., ТС, Касп., Вруб., Байк. і Некр.; акрамя ўсходняй Магілёўшчыны і Гомельшчыны, ЛА, 3), ‘абарыген, карэнны жыхар, тубылец’ (Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. тутэйшы ‘родам адсюль, тубылец’, ‘які знаходзіцца тут’ (1635 г., ГСБМ). Паводле Карскага (1, 166), запазычана з польск. tutejszy — прыметнік ад tutej ‘тут’, хаця формай нагадвае параўнальную ступень прыметніка тутъ ‘гэты, вось гэты’ з суф. ‑эйш‑. Дзіні (Балтийские яз., 402) звяртае ўвагу на паралельнае літ. šišioniškiai (ад šišionai, šičionai ‘тут, сюды’), якім называюць сябе жыхары раёна Клайпеды. Пра рэгіянальную мадэль tutejsi/tutejšyja ‘die Hiesigen’ на беларуска-польскім паграніччы гл. Трэптэ ў Regionale Bewegungen in Regionalismen in europäischen Zwischenräumen seit der Mitte des 19. Jahrhunderts, Marburg, 2003, 145–157. Параўн. туташні, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)