смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.
2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стары́зна, ‑ы.
1. зб., ж. Разм. Старыя, зношаныя рэчы, прадметы. Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку. Брыль. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [Альбіны Селівестраўны] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны. // Тое, што аджыло, устарэла. [Гэля:] Не так я ўяўляла сабе сваё вяселле... [Стась:] А як? [Гэля:] З кветкамі... з фатой... [Стась:] Ды аджывае гэта ўсё! Старызна! Губарэвіч.
2. м. Разм. іран. Пра старога чалавека. — Ну, як жывецца, старызна? — весела запытаў Патржанецкі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.
1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. убярог, уберагла, ‑ло; заг. уберажы; зак., каго-што.
1. Зберагчы, хаваючы, абараняючы ад каго‑, чаго‑н. [Лабыш:] Я хацеў уберагчы цябе ад розных басякоў і жулікаў і выдаць замуж за чалавека, вартага цябе. Козел. У голасе старога Глушака Ганне пачуўся папрок: не ўберагла [дзіця]! Мележ. [Вера] ў любімай сваёй вопратцы — у адзенні колеру бэж і ў жакетцы з карычневага футра, якія яна ўберагла ад рынку. Мікуліч. // Ахаваць (ад чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага, непажаданага). [Галя:] — А на тых жа курортах, кажуць, столькі спакус, што хто яго ведае, ці ўберажэ сябе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убо́ства, ‑а, н.
1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.
2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угрэ́ць, угрэю, угрэеш, угрэе; зак.
Разм.
1. каго-што. Зрабіць, цёплым, нагрэць, сагрэць. Ледзь угрэлі гэту печ. Угрэць хату.
2. без дап. Прыгрэць. Угрэла сонца. Жней чародкі Ідуць паважна, як лябёдкі. Колас.
3. каго-што. Упарыць, моцна ўтаміць. Угрэць каня.
4. каго, па чым і без дап. Груб. Ударыць чым‑н., агрэць. Угрэць па патыліцы. □ Сабака, згледзеўшы гаспадара, з усіх ног кідаецца ў бульбоўнік. Нібы ведае: лепей быць далей ад гэтага панурага і злоснага чалавека — нізавошта можа ўгрэць ботам. Сачанка. [Дзед] глядзеў, есці даваў, але ці вуха закруціць ці плескача ўгрэе. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
худасо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.
2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.
3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвілы́, ‑ая, ‑ое.
1. Пакрыты цвіллю. Цвілы хлеб. Цвілы сыр. □ [Сымон] спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Чорны. // перан. Разм. Нездаровы на выгляд, нядошлы (пра чалавека, жывёлу). З-за дрэў паказалася фурманка. Удвух сядзелі пораўні. У вясковым адзенні — тузаў лейцамі, падахвочваючы бегчы.. цвілую каняжыну. Крапіва. Пад вачамі ў Санькі сіне, нос выцягнуўся і завастрыўся, а сам ён, як кажа мая бабка, вельмі ж цвілы. Сяркоў. Дзяк належаў да тыпу людзей, якіх звычайна называюць цвілымі або сметанковымі. Колас.
2. Які патыхае цвіллю. Цвілы пах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́ста, ‑а, М ‑сце, н.
1. Вязкая маса рознай кансістэнцыі, якая атрымліваецца пры змешванні мукі з вадкасцю (вадой, малаком і пад.). Праз дзверы ў кухні .. [Грушэўскі] ўбачыў жанчыну, якая мясіла на стале цеста. Карпюк.
2. Усякая густая маса, якая атрымліваецца пры змешванні цвёрдага, сыпкага рэчыва з вадкасцю. Бетоннае цеста. □ Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад кола раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў.
•••
З аднаго цеста — пра людзей, якія падобны адзін да аднаго па поглядах, характарах і пад.
З другога цеста — пра чалавека, які не падобны да іншых, не роўны па становішчу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шака́л, ‑а, м.
1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, якая харчуецца пераважна мярцвячынай. Сцежкай снягоў тых і дзікіх узлессяў Тур ці шакал Толькі могуць праскочыць. Хведаровіч. Недзе недалёка ў гарах завылі шакалы, вылі тонка і працяжна, нібы плакала малое дзіця... Каваль.
2. перан. Разм. Пра прагнага, драпежнага чалавека. Я чую стогн Афрыкі Каланіяльнай. І гром навальніцы Над Нігерам дальнім; Крык неграў лінчованых За акіянам, Быццё ў эфіры Шакалаў паганых. Танк. Няхай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць узнятай народнай хвалі супроць нямецкага фашызму. Казлоў.
[Перс.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)