буй 1, буя́, М на буі́; мн. буі́, буёў; м.

Высокае, адкрытае з усіх бакоў для ветру месца. Гэта быў даволі высокі буй, парослы верасам і дробным сасоннічкам. Броўка. Але ляжаць за сумётамі было зацішней і ўтульней, чым на буі. Грахоўскі.

буй 2, бу́я, М на буі́; мн. буі́, буёў; м.

Сігнальны паплавок на рацэ, возеры, у бухце для абазначэння мелі, месца рыбацкай сеці і пад.

[Гал. boei.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяссо́нніца, ‑ы, ж.

1. Нездаровая адсутнасць сну. Клопікаў часцяком наведваўся ў бальніцу са сваімі раматусамі, бяссонніцамі і іншымі нуднымі старэчымі хваробамі. Лынькоў. // Адсутнасць магчымасці для сну; звязаная з рознымі знешнімі прычынамі. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Мележ.

2. Жан. да бяссоннік. — Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каго-што. Вызначаць вагу; узважваць. Там.. [Толя] моўчкі важыў мяхі, браў мерку, высыпаў збожжа ў скрыню, рабіў запісы ў кнізе. Брыль.

2. Мець пэўную вагу. Важыў.. [зубр] больш за тысячу кілаграмаў, але быў, нягледзячы на сваю масіўнасць, вельмі шпаркі і спрытны ў руху. В. Вольскі.

3. Абл. Наважвацца, намервацца. Глядзіць — прывезлі тры цыстэрны, Шэсць грузавых, відаць, снарады. Што важыць вораг крыважэрны? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі смачны. Ласы кусок.

2. на што, да каго‑, чаго‑н. Які мае асаблівую цягу да каго‑, чаго‑н.; прагны, сквапны. Жвавы, гладкі конік рупліва перабіраў нагамі і весела ёкаў: відаць, не толькі сенам кормлены, але і да аўса ласы. Новікаў. Ласы на чужыя прыпасы. Прыказка. // Разм. Які выражае ахвоту, захапленне, прагнасць; ахвочы. Гаспадар .. таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ленава́цца, лянуюся, лянуешся, лянуецца; незак., з інф. і без дап.

Адчуваць ленасць, ляніва адносіцца да чаго‑н. — Ты ж і крок лішні лянуешся зрабіць, каб да мяне на двор заглянуць! — папракаю я суседа. Кавалёў. Але Янот — ну што ты зробіш з ім! — Да той работы і не дакранаўся. І не таму, што ведаў ён не меў Ці працаваць не ўмеў, А проста ленаваўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лічы́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Стадыя развіцця некаторых жывёльных арганізмаў (чарвякоў, насякомых, рыб і пад.), калі арганізм ужо вызваліўся ад зародкавых абалонак і вядзе самастойнае жыццё, але адрозніваецца па віду і будове ад канчаткова сфарміраванай жывёліны; жывёльны арганізм на гэтай стадыі.

лічы́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец. Частка затвора вінтоўкі, якая замыкае канал ствала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затума́нены, ‑эя, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад затуманіць.

2. у знач. прым. Зацягнуты смугой; туманны. Сінь.. [неба] была не яскравая, а затуманеная, малочная. Мележ. // Мутны, з павалокай слёз (пра вочы). [Пятра] з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Шамякін. // перан. Цьмяны, замарочаны (пра свядомасць). Крык Маслянкі пранікаў у затуманеную свядомасць Максіма, але не выклікаў страху. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зважа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго-што і з дадан. дап. (звычайна з адмоўем).

Звяртаць увагу на каго‑, што‑н., надаваць значэнне каму‑, чаму‑н. Бяжыць Яська, не зважае, як сыплюцца кулі наўкол. Лынькоў. Даходзілі да Кастуся чуткі пра тое, што вучыцца там [у семінарыі] нялёгка, выкладчыкі муштруюць вучняў, але ён на гэта зважаў мала. С. Александровіч.

зважа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зважыць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дубро́ва, ‑ы, ж.

Невялікі лісцевы лес; гай. Дарога вілася між густых дуброў, але часта насустрач нам нечакана выбягаў малады сасоннік. Хведаровіч. Праз дарогу цягнуліся калгасныя палеткі, дзе-нідзе перарэзаныя невялікімі бярозавымі пералескамі ці дубровамі. Шчарбатаў. // Дубовы лес. Дубнячок, што некалі.. ледзь дасягаў чалавечага росту, цяпер .. стаў суцэльнай дубровай. Ракітны. Усё ж шыракалістыя пароды сустракаюцца, а месцамі нават утвараюць невялікія дубовыя ляскі, так званыя дубровы. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантро́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кантролю, ажыццяўляе кантроль. Кантрольны пункт. Кантрольны мост. Кантрольная камісія. // Прызначаны для кантролю. Кантрольная работа. Кантрольная апаратура.

2. у знач. наз. кантро́льная, ‑ай, ж. Праверачная работа ў школе, вну. Было ў Сяргея і сваё, асабістае жаданне. Пра яго ён не толькі не пісаў ніколі ў кантрольнай, але нават не гаварыў і сваім лепшым сябрам. Шахавец.

•••

Кантрольныя лічбы гл. лічба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)