абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клёкат, ‑у, М ‑каце, м.

1. Перарывісты крык, характэрны для некаторых птушак. Бусліны клёкат. □ Гучаць мелодыі, і сэрца рвецца Туды, дзе ружамі цвітуць даліны, Дзе вінаграднік ля дарогі ўецца, А ў небе клёкат чуецца арліны. Гілевіч.

2. Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, бульканні вадкасцей. Клёкат вады.

3. Пра глухія перарывістыя гукі ў горле, грудзях. Сын гаварыў спакойным тонам, але з нейкім слабым клёкатам у глотцы. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калдо́біна, ‑ы, ж.

Выбоіна, ямка на дарозе. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ў бакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка. Адзін з грузавікоў.., заходзячыся сіплым выццём, спрабаваў выбрацца з калдобіны, але калёсы буксавалі. Мележ. // Паглыбленне, упадзіна на мясцовасці або на дне вадаёма. Прыходжу нарэшце з кошыкам па грыбы — зноў свежыя калдобіны чарнеюць. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калідо́р, ‑а, м.

Праход, які злучае асобныя часткі кватэры, будынка. Калідор гасцініцы. Калідор інтэрната. □ Павялі [салдаты Міколку з дзедам] з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Лынькоў. З аднаго пакоя ў другі цераз калідор.. прабегла маленькая старая жанчына з прасам у руках. Арабей. // Вузкі доўгі праход, прастора, абмежаваная з абодвух бакоў. Наверсе свішча вецер,.. але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. загрыз, ‑ла; зак., каго.

1. Грызучы зубамі, давесці да смерці; разарваць. Ваўкі загрызлі каня.

2. перан. Разм. Змучыць, давесці да цяжкага душэўнага стану папрокамі, прыдзіркамі і пад. — Глядзі ж не забудзься каня папасвіць, а то Рыгор загрызе нас з табою. Якімовіч. // Замучыць (пра пачуцці). — Ох, унучак, хаця ў сумлення і няма зубоў, але яно можа загрызці да смерці. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.

1. Збянтэжана спыніцца, затаптацца на месцы ў нерашучасці. — Сюды ці не сюды? — замяўся я ля парога. Карпюк. // Завагацца, не ведаючы што рабіць. Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Колас.

2. Спыніць гаворку, збянтэжыўшыся або падбіраючы патрэбнае слова. Алесь замяўся, круцячы ў руках без патрэбы шапку і стараючыся нешта сказаць. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змані́ць, зманю, зманіш, зманіць; зак.

1. Сказаць няпраўду; схлусіць. Калі маці спыталася: а дзе ж хлеб? — Ганна хацела выдумляць, што згубілі акрайчык, але Аленка не магла зманіць маці. Сабаленка. — Нас тут ззаду група, — на ўсякі выпадак зманіў Чыжык. Лупсякоў.

2. каго-што. Спакусіць пайсці куды‑н., за кім‑н. ці зрабіць што‑н. Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́ршчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зморшчыць.

2. у знач. прым. Пакрыты маршчынамі. Твар .. [бабкі] быў маленькі, зморшчаны, губы западалі ў рот, і гаварыла яна неяк мякка, нібы словы зліпаліся адно з адным. Скрыган. // З маршчыністым тварам. І хоць гэтай бяззубай, зморшчанай, як стары засушаны грыб, пляткарцы ніхто не верыў, але званіцу не бурылі. Ваданосаў.

3. у знач. прым. Пакарабачаны, пакрыты складкамі. [Да вады] прыліпала зморшчанае лісце. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́цца, змяшчуся, змесцішся, змесціцца; зак.

1. Знайсці сабе дастаткова месца; умясціцца. Для правядзення свята быў выбраны самы вялікі клас, але людзей было так многа, што ўсе не маглі змясціцца. Залескі. — Я, хлопцы, у вас пераначую... Вось хаця б да цябе, Віктар. Ты хлопец шчуплы, як-небудзь змесцімся... Сачанка.

2. Разм. Размясціцца, пасяліцца дзе‑н. Адзін з прыяцеляў прапанаваў .. [прафесару] часова змясціцца з сям’ёй у сваім доме. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ідылі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ідыліі (у 1 знач.). Ідылічны жанр.

2. Мірны, ціхі, спакойны; нічым не засмучаны. Ідылічны настрой. □ У пакой улятаў лагодны шум вясковага лесу, наперабой спявалі птушкі, але гэты ідылічны малюнак не супакойваў. Шчарбатаў. Ну, бываюць такія ідылічныя сем’і, дзе б пражылі век, ні разу ні ў чым не ўсумніўшыся, не засумаваўшы; без адзінага папроку і непаразумення? Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)