Граб ’назва дрэва Carpinus betulus’ (БРС, Шат., Касп.). Прасл. форма *grabъ (параўн. яшчэ рус. граб, укр. граб, польск. grab) і таксама *grabrъ (балг. га́бър, славен. gȃber, чэш. habr). Роднасныя формы: ст.-прус. wosigrabis ’брызгліна’, макед. γράβιον ’драўніна пэўнай пароды дуба і г. д.’ Гл. Фасмер, 1, 449. Параўн. агляд у Трубачова (Эт. сл., 7, 99–100), які думае пра роднаснасць са слав. *grebǫ, *grebti (назва ўзнікла, магчыма, у перыяд даўняга збіральніцтва).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Губа́ ’губа’ (БРС, Сцяшк.). Прасл. *gǫba. Трубачоў (Эт. сл., 7, 79) лічыць, што значэнні ’грыб’ і ’губа’ звязаны па паходжанню, і ’губа’ выводзіцца з ’грыба’. Звычайна слав. *gǫba параўноўваюць з літ. gum̃bas ’гуз, жаўлак, нарасць’, лат. gum̃ba. Фасмер (1, 468) лічыць, што ёсць два розныя словы (’губа’ і ’грыб’), але не выключае магчымасці аднолькавага іх паходжання.

Гу́ба ’губа, трутнік, трут’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Таго ж паходжання, што і губа́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дава́льны: дав. скл. Параўн. укр. дава́льний (відмінок). Аналагічным утварэннем з’яўляецца і рус. да́тельный (падеж). Калька грэч. або лац. назвы. Для рус. мовы Фасмер (1, 485) лічыць зыходным лац. casus dativus, якое калькуе грэч. δοτική (πτῶσις). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 17), у рус. мове гэта запазычанне са ст.-слав. мовы, дзе сустракаецца ў перакладзе Граматыкі Іаана Дамаскіна, які зрабіў Іаан, экзарх балгарскі (дательный). У ст.-слав. мове дательныи з грэч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Да́ўні, даўно́ (БРС). Рус. да́вний, укр. да́вній, польск. dawny, чэш. dávný, dávní, серб.-харв. да́ван, ст.-слав. давьнъ. Прасл. *davьnъ ’даўні’ утварэнне ад асновы *davě ’нядаўна; сёння раніцай; раней; даўно’ і г. д. (гл. у Трубачова, Эт. сл., 4, 198). Параўн. ст.-інд. dáviya‑ ’далей’, лац. dū‑r‑are ’вытрымліваць, працягвацца’, грэч. δηρόν ’доўга’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 480–481; Бернекер, 1, 181; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́ктар ’доктар’ (БРС). Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове: докторъ ’доктар; настаўнік багаслоўя’ (тут яно лічыцца паланізмам: польск. doktor < лац. doctor; гл. Булыка, Запазыч.). Рус. до́ктор, укр. до́ктор. Польск. або ням. пасрэдніцтва пры запазычанні прымаецца і для рус. мовы (не выключаецца таксама і непасрэдна лац. крыніца; гл. Фасмер, 1, 523, Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 157–158). У лац. мове doctor — гэта ўтварэнне на ‑tor ад дзеяслова docere ’вучыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Негр (БРС, ТСБМ), нэ́гар (побач з му́рын, Некр. і Байк.), укр. негр, рус. негр. Ст.-бел. нигръ (з 1598 г.) са ст.-польск. niger, вядомага з XVI ст., куды трапіла з сярэдневяковага лат. niger ’чорны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 126), параўн. таксама ст.-бел. нигритъ ’тс’ з той жа крыніцы (там жа). Сучасная форма, відаць, паўторнае запазычанне з рус. негр, што з франц. nègre (< лац. niger), параўн. Фасмер, 3, 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́нічы, ноньчы ’сёлета’ (Сл. ПЗБ), ’сёлета; сягоння, цяпер’ (бешанк., Нар. сл.), сюды ж таксама ноненны ’сяголетні’ (Сл. ПЗБ). Магчыма, запазычанне з рус. ноньче ’тс’ (праз мову мясцовых жыхароў-старавераў), аднак суфікс ‑ч‑ы, адзначаны, паводле Шубы (Прыслоўе, 63), у нонячы ’тс’ побач з заўтрачы, сённечы і пад., ставіць пад сумненне такую магчымасць. Хутчэй за ўсё, мясцовае ўтварэнне ад ноні ’тс’ (< прасл. *пъпё), варыянт ніні, ніня (гл.) (Фасмер, 3, 82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ну́це ’ну, давайце’: núcie chłopcy próbować (Пятк. 2), ну́це і ну́цё ’выклічнік, які ўжываецца пры паганянні валоў’ (Кліх), ну́цетка ’ну, нутка’ (Нас.), укр., рус. ну́те ’тс’, серб.-харв. ну̏те, ну̏ти ’ну; бач’, славен. nuti, nute ’бач’. З *nu/nǫ (гл. ну) і часціцы *‑te (*‑tě, *‑ti), якую часам спрабуюць звязаць з канчаткам 2‑й асобы мн. л. загад, ладу (ESSJ SG, 1, 329; 2, 506; Фасмер, 3, 88). Параўн. ну́тка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пава́га ’пачуццё пачцівасці да каго-, чаго-н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп.). Ст.-бел. павага (1528 г.). З польск. powaga ’павага, паважнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 186). Таксама паважа́ць (ТСБМ, Касп., Шат.) < польск. poważać ’тс’. Як мяркуюць Фасмер (4, 144), Махэк (674), уся група з коранем ‑ваг‑ ва ўсх.-слав. з польск., дзе звязана з нов.-в.-ням. Wage ’вага’ (гл. яшчэ Брукнер, 598).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пага́ны ’мярзотны, подлы; прызначаны для смецця, нечыстот’ (ТСБМ, Касп., Шат., Яруш., Шпіл., Бяссон.), пога́ны ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.), ’дрэнны, дробны’ (Мат. Гом.), ’няхрышчаны, язычнік’ (ТСБМ, Нас.), пага́на ’дрэнна, кепска’ (Яруш., Шпіл., З нар. сл.), пага́нец, па́ганства. Агульнаславянскае; параўн. укр. пога́ний, серб.-харв. по̏ган ’нячысты’, чэш., славац. pohan ’язычнік’. Старажытнае запазычанне з лац. pāgānus ’вясковы, язычаскі’: pāgus ’акруга’ (Фасмер, 3, 294 і наст.; там жа і інш. літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)