свая́к, ‑а, м.
Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
святкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.
Адзначаць, спраўляць свята (у 1 знач.); урачыста адзначаць якую‑н. падзею, які‑н. знамянальны дзень. Святкаваць Новы год. □ Набліжалася свята Кастрычніка. Кожны ўспамінаў, як ён летась святкаваў гэты дзень у сябе дома, як маці вешала чыстыя фіранкі, засцілала накрухмалены кужэльны абрус, пякла смачныя пірагі. Грахоўскі. У Мядзведзічах святкавалі зімняга Міколу. Крапіва. // Арганізоўваць банкет і пад., весяліцца з прычыны якой‑н. падзеі. [Максім:] — Праўда, святкаваць наваселле думаў крыху пазней, калі ў хаце ўсё да ладу будзе прыведзена. Шамякін.
•••
Святкаваць перамогу — браць верх над кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спіса́цца, спішуся, спішашся, спішацца; зак.
1. Звязацца з кім‑, чым‑н. праз перапіску. [Салдат:] — Мяне цягнік чакае... А вось адрасок ваш дайце. Можа, спішамся як. Сачанка. [Максім Сцяпанавіч:] — Варта б з Горкаўскім і іншымі заводамі спісацца. Карпаў.
2. Звольніцца (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); выйсці ў запас. Не дзеля таго.. [Крывахіж] пайшоў у знішчальную авіяцыю, каб праз паўгода спісацца. Алешка. // перан. Перастаць актыўна працаваць, дзейнічаць. Равеснік паснуўшых у брацкіх магілах, не спішацца ён аніколі ў запас. А. Вольскі.
3. Зрасходавацца пры пісьме; прыйсці ў непрыгоднасць (пра карандаш, пяро і пад.). Карандаш спісаўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
1. Здзейсніцца, ажыццявіцца. Было яшчэ адно запаветнае жаданне, якое Аляксей хаваў у душы, бо амаль не верыў, што яно тут споўніцца. Мележ. Мне нават зрабілася шкада, што мае мары ніколі не споўняцца, што ўсё застанецца па-ранейшаму. Карпюк.
2. Скончыцца, прайсці (пра час, тэрмін чаго‑н.). [Герасім Дзмітрыевіч:] — Во, якраз пятнаццаць гадоў споўнілася, як нашу гэтае ўпрыгожанне. Морскі якар. Б. Стральцоў. // безас. каму-чаму. Пра дасягненне кім‑н. пэўнага ўзросту. Калі Ганцы споўнілася восем год, бацька павёў яе ў школу. Бяганская. Калі Мішку споўнілася паўгода, Ганна Макараўпа прапанавала сфатаграфаваць яго. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суправаджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суправаджаць — суправадзіць.
2. Тое, што суправаджае якую‑н. з’яву, працэс.
3. Акампаніраванне; акампанемент, другая партыя. [Маша] ўпершыню чула капэлу-спеў без музычнага суправаджэння. Шамякін.
4. Спец. Група ваеннаслужачых (або баявых машын, самалётаў і пад.), якая суправаджае або канваіруе каго‑, што‑н. Самалёты суправаджэння.
•••
У суправаджэнні каго-чаго — а) разам з кім‑, чым‑н. Па вагону ў суправаджэнні правадніцы прасоўваецца брыгадзір. Васілёнак. [Пішчыкаў] павярнуўся і прасачыў, як самалёт з групы Мохарта пайшоў і пайшоў уніз у суправаджэнні знішчальніка. Алешка; б) пад акампанемент чаго‑н. Хор у суправаджэнні аркестра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. Правіць краінай, дзяржавай; быць уладаром, мець уладу над кім‑, чым‑н. Уладарыць над прыродай. □ Старая ўладарыла .. [у доме] і пачынала кожны новы дзень трохі не пасярод ночы. Шамякін. Пачалі глядзець навокал мы далёка і глыбока. Уладарым у паветры, зазірнулі мы і ў нетры. Дубоўка.
2. перан. Панаваць, займаць пануючае становішча. Над зямлёю восень уладарыць. Азірае пожні і бары. Ляпёшкін. І толькі ў буру-непагоду, Калі ўладарыць шторм адзін, Парою з дна марскога воды На бераг выплеснуць бурштын. Тарас. За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уяві́цца, уявіцца; зак., каму.
Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Глядзець на каго‑, што‑н. з пэўнай мэтай; сачыць за кім‑, чым‑н. Раздражняе Тарэнту пудзіла, бо заўжды здаецца яму, што нехта жывы стаіць там, сярод канапель, і цікуе за яго дваром. Галавач. Усе прывыклі цікаваць тут за бусламі: то як сядзяць, то як ляцяць. Кулакоўскі. Надумаў я падпільнаваць [хто забірае вуды]. Увечары крадком у лазняках завёў і цікую. Савіцкі. // каго-што і з дадан. сказам. Выглядаць, падпільноўваць каго‑, што‑н. [Пастушкі] пачалі з-за кустоў цікаваць, што чалавек будзе рабіць далей. Крапіва. Удвух з бацькам, закапаўшыся ў стог сена, яны цікавалі зайцоў. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што.
1. Пазбягаць каго‑, чаго‑н.; ухіляцца ад зносін з кім‑н., ад выканання чаго‑н. Не зведаў хлапчук .. пяшчотаў змалку і цяпер цураўся іх. Пальчэўскі. [Сымон:] — Ды гэта і няважна, дзе чалавек аблюбуе сабе прыстанішча — у вёсцы ці ў горадзе, важна тое, каб свайго люду не цураўся. М. Ткачоў. Заўсёды жартаўлівы і вясёлы, ён [Міхал], здавалася, ніколі ні на каго не крыўдаваў, не цураўся ніякай працы. Машара.
2. Адракацца ад каго‑, чаго‑н., выракацца каго‑, чаго‑н. [Ціток:] — Хоць ты бяры, чалавек, ды сваёй хаты цурайся. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цырымо́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
1. (звычайна з адмоўем «не»). Захоўваць правілы прынятага этыкету; быць цырымонным. — Вам пераапрануцца трэба, — сказала жанчына і .. узлавана крыкнула: — Кіньце вы цырымоніцца! Асіпенка. Хлор быў заўсёды смелым у братавай хаце і нічуткі не саромеўся нікога і не цырымоніўся. Гартны.
2. з кім-чым і без дап. Праяўляць празмерную далікатнасць, прыстойнасць у адносінах: да каго‑, чаго‑н. [Антон:] — Прашу, пакуль не: позна, навядзі парадак у брыгадзе. І не цырымонься з гультаямі! Савіцкі. Яшчэ ў школе яна [Ірына] звыкла камандаваць гэтым маўклівым хлопцам. І цяпер таксама не цырымоніцца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)