падбо́р, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.
2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.
3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.
•••
У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.
(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недахо́п, ‑у, м.
1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
празаі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прозы (у 1 знач.). Побач з паэзіяй і драматургіяй усё большае развіццё атрымліваюць празаічныя жанры, асабліва раман. Адамовіч.
2. Будзённы, абмежаваны вузка практычнымі інтарэсамі. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Шамякін. Калі парыў самахвалення Улёгся ў Вогуце, апаў, Ён перайшоў ад летуцення Да празаічных, шэрых спраў. Колас. // Пазбаўлены паэтычнасці, узнёсласці. Кожнаму з нас даводзілася бачыць, як адзін самую, здавалася б, празаічную працу робіць з душой і натхненнем, а другі нават там, дзе без натхнення ніяк не абысціся, працуе як мокрае гарыць. Шкраба. [Зоя] прынцыпова не хацела гуляць з хлопцамі са свайго курса інстытута — лічыла іх вельмі празаічнымі. Арабей.
3. Дзелавы, практычны. Анцыпік быў чалавек празаічны, практычнага складу характару. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праці́ўнік, ‑а, м.
1. Чалавек, які адносіцца варожа ці адмоўна да каго‑, чаго‑н. Селянін Сцёпка Ляўшун смела выступаў супраць крыўд сельскай грамады, на сходах быў першым праціўнікам начальства. Пшыркоў. Сярод клінкоўскай беднаты знайшліся і праціўнікі калектывізацыі. Колас.
2. Чалавек, які імкнецца перамагчы другога (у спрэчцы, сутыкненні, бойцы); сапернік. Маім адкрытым праціўнікам стаў Васіль. Кавалёў. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. // Удзельнік гульні, спартыўнага спаборніцтва (у адносінах да другога, другіх удзельнікаў). Мячык быў перахоплены праціўнікам. Гамолка.
3. зб. Варожыя ўзброеныя сілы; вораг. Вагонаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Брыгада несла цяжкія страты, адступаючы пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Пасунуцца, даючы месца каму‑н.; пацясніцца. Хлопцы паціснуліся, далі месца. Я прысеў, але піць не стаў, хоць мяне і прымушалі. Асіпенка. Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай. Шамякін. // Пасунуцца, наблізіцца да каго‑н. або адзін да аднаго. Дзяўчынкі пераглянуліся і паціснуліся боязна адна да аднае. Дуброўскі. // Пажыць у цеснаце, пацясніцца.
2. Пайсці куды‑н., да чаго‑н., ціснучыся, пераадольваючы перашкоды. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас. Леапольд Гушка пазнаў голас Паўла Няміры і ўбачыў, як ён паціснуўся праз натоўп да эстрады. Чорны.
3. Разм. Пабыць некаторы час у цеснаце. [Дзямід Сыч:] — Мы тут вырашылі клуба ў новым годзе не ставіць.. Паціснемся яшчэ год-два ў хаце-чытальні. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.
2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.
ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ука́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Запырскаць якой‑н. вадкасцю; зака́паць. Укапаць стол клеем.
укапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.
1. што. Замацаваць што‑н. у выкапанай яме, паглыбленні. Стары .. не перашкаджаў жончыным намерам укапаць слупкі і выкапаць ямы. Янкоўскі. Месца пад хату .. [Мітрафан] доўга не выбіраў. Агледзеў млынарышча .. І, каб не раздумваць, тут жа ўкапаў першую штандарыну. Ракітны.
2. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўскапаць што‑н. Зямля такая мёрзлая, што не ўкапаеш. □ Пачалі мы кусты на полі высякаць, карчаваць. А дзёран узяўся — не ўкапаць, не ўараць. Місько.
3. што і чаго. Разм. Накапа́ць, выкапаць невялікую колькасць чаго‑н. Застаўшыся зноў адзін, .. [Алесь] пакуль што нічога не робіць — не крышыць зелля свінням, не ідзе ўкапаць бульбы, а сядзіць у хаце. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь наспявае адказваць.. [жанчыне]. Васілевіч. Галя ўсміхалася жыццярадасна і шчыра, яна расчырванелася, нібы маладуха. Марціновіч. Заўсёды ён усміхаўся, і яго вочы іскрыліся такой радасцю, што Новікаў таксама не мог стрымацца, і ён смяяўся разам з Ільічом. Мяжэвіч. // Усмешкай выражаць свае адносіны да каго‑, чаго‑н., адказваць на што‑н. [Зося] ўсміхалася Галене і з замілаваннем глядзела, як тая вітаецца з бацькам яе. Чорны. / у перан. ужыв. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... Панчанка. Зводдаль светла ўсміхаецца хата, І, расхрыстаны, юны, без шапкі, У прадчуванні вялікага свята Я прыношу яловыя лапкі. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.
1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.
2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)