накляпа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Прыкляпаць што‑н. да чаго‑н. Накляпаць плешку на болт.

2. Кляпаннем зрабіць пэўную колькасць чаго‑н.

3. Ударамі малатка навастрыць (касу, нож і інш.). Тая [каса], што касіў Мішка залетась, была нядрэннаю. Каб яшчэ накляпаць яе.., мянташкай правесці, то працаваць можна. Кандрусевіч.

накляпа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Нагаварыць на каго‑н., узвесці паклёп. Папракнуў [Самарос] сябе за тое, што праз меру накляпаў на Каршукова, расказваючы Галаю пра гаворку з ім. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́нава, прысл.

1. Не так, як раней, іначай, па-новаму. Пасля зімы чалавек пазнае зямлю нанава. Пташнікаў. Трэба было папраўляць літаральна ўсё.. — іначай кажучы, пісаць аповесць нанава, зусім другой танальнасці. Скрыган.

2. Яшчэ раз; зноў, спачатку. Песня непасрэдна абуджае пачуцці, змушае быццам нанава перажываць радасць, крыўду, нянавісць. Шырма. Гендарсан ціхенька ўстаў, адзеўся, пайшоў у кухню, памыўся халоднай вадой і адчуў сябе так бадзёра, нібы нанава нарадзіўся на свет. Чарнышэвіч. І ўсё-такі пачынаць жыццё нанава Максім Сцяпанавіч не мог. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насы́ціцца, ‑сычуся, ‑сыцішся, ‑сыціцца; зак.

1. Наесціся ўволю, дасыта. [Дзямід:] — Алень паваліўся на зямлю, а рысь пачала кавалкамі рваць яго мяса, аж пакуль не насыцілася так, што і паварушыцца ёй цяжка было. В. Вольскі. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць свае патрэбы, жаданні і пад. Глядзіш і не можаш наглядзецца, не можаш насыціцца белай радасцю, што апанавала ўсё наваколле, што адна непадзельна ўладарыць зараз над прыродай. Кандрусевіч.

2. Прасякнуцца, набрыняць якім‑н. рэчывам; увабраць у сябе што‑н. у дастатку. Глеба насыцілася вадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.

2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.

2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.

3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Незак. да парваць (у 5 знач.).

2. Настойліва вабіць, заманьваць куды‑н. З якой незвычайнай сілай парываюць .. [старасвецкія шляхі Беларусі] да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Колас. / у безас. ужыв. Паходню парывала неадкладна зайсці да Кудзіных — хоць бы яны дазналіся пра яго прыезд. Хадкевіч. // Узрушаць, хваляваць. І ўстануць з’явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. Колас. Праз колькі дзесяткаў год ужо гучалі .. [словы Купалы], узрушалі, парывалі не адно сэрца. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безжыццёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены жыцця, мёртвы. Візэнер з жудасцю адпіхнуў ад сябе ўжо безжыццёвае цела. Шамякін.

2. Нерухомы, вялы, малавыразны. Правая рука [Каршукова] абыякава ляжала на Ядвісіным плячы. Гэтая безжыццёвая халодная рука чамусьці раздражняла Ядвісю. Асіпенка. У яго [гаспадара] быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені. Лупсякоў.

3. Без прыкмет якога‑н. жыцця, руху. Моцны звонкі гук набліжаўся, і нельга было зразумець, адкуль ён ідзе: ні то з горада, ні то з безжыццёвых караблёў, што стаяць па той бок бухты. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.

Разм.

1. Спыніць рух, ход каго‑, чаго‑н., затрымаць каго‑, што‑н. на месцы. Запыніць машыну. □ Людзі разыходзяцца. Намерыўся выйсці і Свідэрскі, але яго запыніў сержант. Глебка. // Запаволіць, прыпыніць. Запыніць дыханне. Запыніць крок.

2. на кім-чым. Затрымаць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (сваю ўвагу, позірк, думку і пад.). Ніна запыніла позірк на маршчынках, што выразаліся пад вачамі. Мележ. // Прыцягнуць да сябе чыю‑н. увагу. Вось тая шчаслівая думка, што запыніла на сабе Пракопаву ўвагу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., чым.

Добраахвотна пазбавіць сябе чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н. І ўжо сама гэтая бескампраміснасць і паслядоўнасць у адстойванні сваіх намераў, немагчымасць паступіцца самай малой часцінкай праўды, схібіць хоць бы ў прыватных рэчах пэўным чынам гарантуюць лірычнага героя ад дробязнасці. Бугаёў. Для блізкага чалавека Іван можа нават і паступіцца чым-небудзь, а калі гэты чалавек яшчэ хоць трохі для чаго карысны, то яму Тхорык можа і зорку з неба дастаць. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сацы, Т ‑ай, ж.

Разм.

1. Пагард. Пра пісьменніка (звычайна дрэннага, але пладавітага). А ўвогуле, каб яго воля, .. [Гукан] не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым .. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Шамякін. [Генерал] глянуў на мяне неяк здзіўлена — як гэта пісака можа даваць такія практычныя парады? Пестрак.

2. Жарт. Той, хто піша, умее пісаць (у 1 знач.). Часам за стол садзіўся бацька.. і казаў: — Ну, дарэктар, прымай яшчэ аднаго пісаку... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)