перашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.
1. Перарабіць пашытае, гатовае, пашыць іначай, другім фасонам. Перашыць плацце. // Пашыць з пашытага што‑н. другое. Перашыць шынель на паліто. □ [Дзед:] — А хіба ж пасля тваёй маткі нічога такі не асталося — ні палатна, ні гатовай якой адзежыны? То няхай бы табе перашылі. Сабаленка.
2. Прышыць што‑н. нанава, іначай або ў другім месцы. Перашыць гузікі. □ Майстар.. доўга ўглядаўся на маю падкладку, круціў яе ў руках, калупаў пальцамі, нарэшце надзьмуўся і сказаў: — Перашыць. Якімовіч.
3. Спец. Пераслаць чыгуначную каляю. Немцы перашылі чыгунку на свой манер: кастылі яны замянілі непадатлівымі шурупамі, якія трэба было завінчваць ключом. Навуменка.
4. Разм. Пашыць на працягу якога‑н. часу вялікую колькасць чаго‑н. Колькі ён людзям адзежы і абутку перашыў!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пух 1, ‑у, м.
Вельмі дробныя, мяккія, тонкія валаскі на целе птушак, жывёл. Гусіны пух. Казіны пух. □ Праз некаторы час бераг пакрыўся пер’ем, як снегам, а пух насіўся воблакам. Маўр. // Мяккія кароткія валасы на твары, шыі, галаве чалавека. Тварам дзіцё горкае, белы пух пад носам, затое ў плячах ды ростам — рэдкі мужчына зраўняецца. Карамазаў. // Валаскі на насенні раслін, на паверхні сцябла або ліста. Брыгада, як адна сям’я, ішла па завадскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Шамякін. Пальчыкі згарнуліся ў кулачок, ад кволай кветкі засталося ў ім трошкі пуху. Брыль.
•••
Ні пуху ні пер’я! — нежаданне удачы, поспеху.
У пух і прах — зусім, канчаткова (разбіць, разнесці і пад.).
пух 2, выкл.
Разм. Слова, якое перадае гук стрэлу або падобны на яго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сабе́,
гл. сябе.
сабе́, (без націску), часціца.
Разм. Ужываецца пры дзеясловах або займенніках для падкрэслівання, што дзеянне адбываецца спакойна, незалежна, з задавальненнем. Як сабе хочаш. □ Жывуць сабе камунары Весела, шчасліва. Купала. Узбіўся той пастух на гэтую грэблю дый тупае сабе, прыслухоўваючыся. Мурашка. Цяля вільготнай пысай Траву сабе скубе. Голуб. // З выказваннем дакору. Што ты сабе думаеш?
•••
Не так сабе гл. так.
Так сабе гл. так.
Хай сабе — добра, хай будзе так. Хай сабе смяюцца. □ [Андрэй:] — Ужо мала таго, што.. абед не згатаваны, — ну, хай сабе, скажам так, раўнапраўнасць, але ж і не пагуляе [Таццяна], як даўней. Зарэцкі.
Хоць бы сабе гл. хоць.
Як сабе ні гавары — тое, што і што ні гавары (гл. гаварыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Змяншэнне якой‑н. сумы, вызначанай нормы; паніжэнне цаны на што‑н. — Дык скідкі не зробіш, дзядзька? — усміхаючыся, запытаў Клім. — Скідкі? Не... Хаця... для цябе тройку скіну, а ты мне за гэта пач[а]к махоркі дасі. Ладна? Галавач. [Каморнік Варановічу:] — Вам цяпер далі скідку з падатку на канюшыну?! Чорны.
2. Зніжэнне патрабаванняў да каго‑, чаго‑н., уступка. [Карн:] — Цяпер ужо ты камандуй мной. І глядзі, каб ніякай там скідкі, патурання не даваў ні мне, ні каму з нас. Шамякін. [Дзімін:] — Не так у нас, маўляў, многа галоўных інжынераў, каб не рабіць ім скідак!.. Карпаў.
3. Скачок звера ўбок пры бегу, каб заблытаць сляды. Побач прабег палахлівы бяляк, Скідку зрабіў — і падаўся на [лежню]. Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́піцца, ‑піцца; зак.
Разм. Сабрацца кучай, масай. Скупіліся хмары над лесам. // Сабрацца разам, збіцца ў кучу, стоўпіцца. Павел.. прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго. Пестрак. Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці. Чыгрынаў.
скупі́цца, ‑плю́ся, ‑пі́шся, ‑пі́цца; незак., на што, з інф. і без дап.
Неахвотна расходаваць, даваць іншым што‑н.; быць празмерна ашчадным. Скупіцца на пачастунак. □ Зайкін скупіўся аплаціць працадні так, як гэта нават дазваляла калгасная капейка. Дуброўскі. Як ні скупіўся [Арцём], як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак. Бядуля. // (звычайна з адмоўем). Быць шчодрым на што‑н. Не скупіўся [Галавач] некага пахваліць, нечаму парадавацца. Скрыган. Ванда Адамаўна, у процілегласць мужу, ніколі не скупілася на словы. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.
2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.
3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажы́ва, ‑ы, ж.
1. Тое, чым можна пажывіцца; лёгкая нажыва. [Канвойныя] трасуць кішэні, складкі Адзення з ног да галавы, А да спажывы яны падкі, Ты ж стой ні мёртвы, ні жывы. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас. [Волф] даўно ўжо звык да лёгкай спажывы. Мележ.
2. Здабыча, харч; ежа. Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, найзлейшы вораг вавёркі. В. Вольскі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачамі смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Колас. Разам з тым прачнуўся голад, і.. [людзі] зноў пайшлі шукаць спажывы. Маўр.
3. перан. Матэрыял для мыслення, разважанняў, для разумовай дзейнасці і пад. Спажыва для розуму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спатыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зачапіўшыся за што‑н. пры хадзе, бегу, страціць раўнавагу. На прыступцы лесвіцы .. [Наташа] спатыкнулася і ледзь не ўпала. Гарбук. Нялоўка пераступіўшы парог, .. [Даніла] спатыкнуўся на ручку плуга і ледзь не ўпаў. Краўчанка.
2. перан. Разм. Сустрэць перашкоду ў чым‑н.; патрапіўшы на цяжкасці, спыніць якое‑н. дзеянне, перастаць рабіць што‑н. А як сеў [Валодзька] за стол, спатыкнуўся на першым жа слове. І заела: ні туды, ні сюды. Гамолка. Абмеркаванне ішло гладка. Толькі на Вараціле сход спатыкнуўся. Карпюк.
3. перан. Разм. Зрабіць якую‑н. памылку ў жыцці, дзейнасці. Каб суд яму [кладаўшчыку] ласкава дараваў, То болей ён ужо не спатыкнецца. Корбан. [Бацька:] — Адзін ты мая надзея. Глядзі, сынку, не спатыкніся. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Стан паніжанай жыццядзейнасці, які наступае ў некаторых млекакормячых у неспрыяльную для іх пару года. Упасці ў спячку. Летняя спячка. □ Нарэшце, дзеці рашылі пакінуць вожыка на тыя самым месцы, якое ён аблюбаваў сабе на час доўгай зімовай спячкі. Стаховіч. // Пра здранцвенне халаднакроўных жывёлін. Спячка жаб. / у перан. ужыв. Вось і аблогі. Шмат гадоў ляжалі яны некранутымі, парослыя хмызняком ды рэдкай сухой травой. Ні карысці, ні радасці не было ад іх людзям. Але сёлета прыйшоў канец іх спячцы. Так парашылі калгаснікі. Бяганская.
2. Разм. Неадольная санлівасць. // перан. Стан душэўнага здранцвення; бяздзейнасць, пасіўнасць. І толькі тады абудзіўся [Казімір] ад горкай спячкі, калі пачуў адну навіну, якую ўсе людзі ў аколіцы лічылі звычайнай. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Праяўляць стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Нездарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Гарэцкі.
2. з інф. Імкнуцца дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкладаць намаганні да чаго‑н., намагацца рабіць што‑н. Аднак, не хочучы быць несумленным ні перад сабой, ні перад ёю, у далейшым .. [Казанцаў] стараўся сустракацца з Аняй радзей. Васілевіч. Пасля .. [салдату] пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Чорны. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Б. Стральцоў.
•••
Рад старацца! гл. рады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)