па́параць, ‑і, ж.
Шматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных з буйнымі рассечанымі або складанымі лістамі, якая расце ў цяністых вільготных месцах. Стаяла чэрвеньская ноч, калі ў буйнай квецені красуе зямля, поўніцца сокамі лісцяны змрок лесу і ў цішыні ночы чуваць, як распраўляе малады ліст зялёная папараць, атрасаючы з сябе засохлую ігліцу. Лынькоў. // у знач. зб. Кусты, зараснік такой расліны. [Начлежнікі] ехалі на ўсю ноч, каб, абсеўшы зыркае вогнішча, слухаць таемныя гукі і галасы лесу, густа зарослага лапушной папараццю... Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іглі́ца, ‑ы, ж.
1. зб. Іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў. [Яліна] моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж ігліцы і шышак. Лынькоў. Потым пацягнула борам, які адтаў, спакойна аддаючы ў паветра водар кіславатай ігліцы, дух смалы і шышак... Ермаловіч.
2. Адзін ліст хвойных дрэў і кустоў. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас. Моўчкі сосны старыя стаяць (Ні адна не хіснецца ігліца). Матэвушаў.
3. Разм. Папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затулі́цца, ‑тулюся, ‑туліліся, ‑туліцца; зак.
Разм.
1. Затуліць, засланіць сябе чым‑н. ад чаго‑н. Затуліцца ад сонца. Затуліцца каўняром ад ветру.
2. Захінуцца ў што‑н., схавацца за каго‑, што‑н., дзе‑н. Затуліцца ў плашч. □ Крыху адышоўшы ў бок,.. [падрыўнік] затуліўся за калматую елку, гатовы біцца да апошняга патрона. Шахавец. Сяргейка спалохана затуліўся за пагранічніка, як за родную маці ў час небяспекі. Сабаленка. Калі затуліцца ноччу дзе-небудзь ля палявой дарогі, то можна ўбачыць не аднаго зайца. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрэ́гчыся, ‑прагуся, ‑пражэшся, ‑пражэцца; ‑пражомся, ‑пражацеся, ‑прагуцца; пр. запрогся, ‑прэглася і ‑праглася, ‑прэглася і ‑праглося; заг. запражыся; зак.
Разм.
1. Запрэгчы сябе ў што‑н.
2. Запрэгчы свайго каня, вала і пад. у што‑н. — Што, не запрагліся? Я так і знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? — .. [Юзік] узяў аброць у Тані.. Ён запражэ кабылу, і яны паедуць з усімі ў Карчаватку. Пташнікаў.
3. перан. Узяцца за цяжкую працяглую працу. — Запрогся ў воз — цягні, вязі! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.
1. Засланіць сябе чым‑н. Засланіцца шчытом ад удару. Засланіцца рукой ад сонца.
2. Аказацца нябачным, заслоненым чым‑н. Адна жоўтая лапінка ўвесь час паказваецца праз лісце. Мільгне, на момант заслоніцца, а потым зноў ярка жаўцее, амаль свеціцца, як уначы агонь машыны. Кулакоўскі.
3. перан. Адысці на задні план. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для пасылкі куды‑н., для выканання якіх‑н. даручэнняў. Пасыльная машына.
2. у знач. наз. пасы́льны, ‑ага, м.; пасы́льная, ‑ай, ж. Тон (тая), хто пасылаецца з якім‑н. даручэннем; рассыльны. [Начдыў:] Таварыш пасыльны! Знайдзіце камандзіра палка Кулагіна і перадайце, што я прашу яго сюды зараз жа. Крапіва. Перад заходам сонца Сільцоў праз пасыльнага выклікаў Арсеня да сябе. Хадкевіч. Неяк раніцой, у самым пачатку кастрычніка, з пошты прыбегла пасыльная і прынесла бацьку Рыгоркі тэлеграму. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
правадні́к 1, ‑а, м.
1. Той, хто паказвае дарогу ў незнаёмай мясцовасці. Генадзь і Міша аказаліся добрымі праваднікамі і сувязнымі між горадам і лесам. Няхай.
2. Чыгуначны служачы, які наглядае за парадкам у вагоне. На дапамогу прыйшлі паязны майстар і шмат хто з праваднікоў. Васілёнак. Праваднік запаліў свечку ў вагоне і голасна абвясціў: — Пад’язджаем да Мінска, таварышы... Хадкевіч.
правадні́к 2, ‑а, м.
Рэчыва, якое добра прапускае праз сябе электрычны ток, гук, цяпло і пад. Праваднік электрычнага току.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прада́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да продажу (у 1 знач.). Прадажная цана.
2. Прызначаны для продажу. — А браток, а галубок, прадай нам свайго звярка! — Не, — кажа падарожны, — звярок гэты не прадажны. Якімовіч.
3. Такі, які прадае сябе і свае пачуцці за грошы. У Парыжы.. [пан] захапляўся рэстаранамі і сувязямі з прадажнымі жанчынамі. Казека.
4. Такі, якога можна падкупіць, здольны за грошы да ганебных учынкаў. Не! Не кароткая ў людзей савецкіх памяць, Каб так вітаць прадажны зброд! Маеўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Вызначыць сваю адпаведнасць з кім‑, чым‑н. (па якіх‑н. якасцях, асаблівасцях). Затым .. [Фішар] прымераўся да глыбіні — бруствер яшчэ не дасягаў і грудзей. Быкаў. [Архіп Спірыдонавіч] парашыў паглядзець, як .. [сыны] жывуць, нават неяк прымерацца да іх жыцця. «Маладосць».
2. Разм. Прыстасавацца, прызвычаіцца да чаго‑н. Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца, Наперад не лезучы гвалтам. Панчанка. [Кручанюк] патроху звыкся са сваёю славаю, добра прымераўся да розных трыбун і пачынаў ужо адчуваць сябе незаменным чалавекам для грамадства. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.
Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)