панастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. і чаго. Наставіць, паставіць вялікую колькасць чаго‑н. [Трактарыст:] — А ці не лішне мы навазілі таго торфу?.. Гэта ж штабялёў панастаўлялі, што на поле не ўз’едзеш... Палтаран. // Набудаваць многа чаго‑н. Тым часам кончыліся цагляныя будынкі, якіх тут панастаўлялі за апошнія гады, і зноў пачаліся драўляныя хаты. Чыгрынаў.

2. Нацэліць куды‑н. усё, многае. Мы ўсе.. панастаўлялі рулі ўверх і стралялі па самалётах. Марціновіч.

3. Зрабіць стаячым усё, многае. Лётчыкі і тэхнікі селі на два прычэпы, затуліліся, панастаўлялі каўняры. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бале́ць, ‑ліць; незак.

1. Выклікаць адчуванне фізічнага болю (пра якую‑н. частку цела). У Тарэнты пачынае балець галава, яму робіцца горача. Галавач. Кандрату Назарэўскаму балела рана на назе. Чорны. Эх, і цяжка касцом... рукі, плечы баляць... Чарот. / у безас. ужыв. Баліць у баку. □ Толькі пакутлівая грымаса застыла на.. [хлапчуковым] твары; відаць, яму вельмі балела. Марціновіч.

2. перан. Хваляваць, турбаваць. Цяпер тое, што баліць аднаму, трывожыць усіх, а што радуе грамаду — цешыць і аднаго. Бядуля. Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць. З нар.

•••

Душа баліць гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм.

1. на каго, без дап. і з дадан. сказам. Крыўдаваць, злавацца. [Андрэй:] — Кароўка, відаць, у цябе добрая на малако? [Насця:] — Не маракую. Літраў дзесяць дае. А пасля ацёлу да пятнаццаці. Пальчэўскі. Цяпер .. [Цымбал] ходзіць і раскайваецца і маракуе, што яму ніхто не верыць. Скрыган.

2. над кім-чым і без дап. Разбірацца ў якой‑н. складанай справе, абдумваць што‑н. Зноў.. [Мірановіча] павялі ў аперацыйную, зноў доўга маракаваў над ім хірург, стараючыся намацаць іголкай асколкі і выдаліць, але гэта ніяк не ўдавалася. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рагу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Разм. Памянш. да рагуля (у 1 знач.); невялікая рагуля (у 1 знач.). Другое вогнішча Коля Булкін расклаў для кухараў, паставіў рагулькі, на іх павесілі кацялкі. Жычка.

2. Памянш.-ласк. да рагуля (у 2 знач.). — Хутка на пашу пойдзеце, рагулькі, — прамовіла Таццяна, быццам каровы маглі разумець яе. Марціновіч.

3. Спец. Прыстасаванне ў прадзільных машынах, якое дае ніцям вярчэнне і накіроўвае іх на шпульку.

4. толькі мн. (рагу́лькі, ‑лек). Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства казяльцовых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак. і незак., каго-што.

1. Нанесці (наносіць) рану (раны). Дзед .. падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Зуб. — Супрончыку плячо ранілі... — Андрыян уздыхнуў. — Па маёй віне прастрэлілі... Марціновіч. / у безас. ужыв. У апошнія дні вайны Мішу раніла, летам ён выпісаўся са шпіталя, прыехаў у родны горад і не застаў ні бацькоў, ні знаёмых. Карпюк.

2. перан. Прычыніць (прычыняць) каму‑н. душэўны боль, пакуты. У хаце настала тая жалобная хвіліна, якая раніць болем кожнае чулае сэрца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўнядзь, ‑і, ж.

Роўнае месца, раўніна. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступае ў нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н.; гладзь. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы... Брыль. Адсюль далёка відаць наваколле: і роўнядзь поля, і асфальтавая стужка дарогі, і горад. Марціновіч. Сонца апускаецца яшчэ ніжэй, і вось за намі, па рачной роўнядзі, пачынае, як хвост, цягнуцца .. люстраная паласа. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Дакранацца, датыкацца да чаго‑н. Пайшла [Марыля] зноў. Пасміхаецца, як бульбяныя жывыя лісточкі мякка чапаюцца за калені. Брыль. // Нападаць на каго‑н., біць. [Янка:] — Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я збег ад пана Замыжнага. Гартны.

2. Прыставаць да каго‑н., займацца з кім‑н. — Ты чапаешся з Грубэравымі прадаўшчыцамі, а яны яшчэ козы. Табе трэба не тое, ты мужчына. Брыль. Іншы раз у такіх выпадках Віця ўцякаў, ці прасіў не чапацца, ці палохаў, што паскардзіцца настаўніцы. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прая́ва, ‑ы, ж.

1. Незвычайнае здарэнне. «Што за праява?» — падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. Колас. І яшчэ адбылася з Хілімонам адна праява — больш ніхто яго не бачыў у старой пашарпанай ватоўцы. Сабаленка. Нейкі час Хацяноўскі быў сам не свой — заблытала яго гэтая жахлівая і ганебная праява, растрывожыла душу. Кулакоўскі.

2. З’ява, праяўленне. І ўсё ж у вачах стаялі праявы роднай вёскі, малюнкі перажытага. Марціновіч. Гісторыя слова грунтуецца на гістарычных падзеях, на розных праявах жыцця грамадства. Юрэвіч. Вялікі, магутны навакольны свет, поўны прыгажосці і сілы, праяў і падзей. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. папоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Пачаць паўзці. Праз момант танк стаў, адскочыла вечка люка, і адтуль, спрытна куляючыся, выскачылі танкісты, пападалі на зямлю і папаўзлі ўбок. Марціновіч. Па вуліцы, рыпаючы палазамі, папаўзлі вазы. Грахоўскі. Чырвань хутка папаўзла па шчоках, пераноссі, скронях. Б. Стральцоў. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў. Новікаў. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх. Колас. Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па шыбах доўгія крывыя пісягі. Грахоўскі. Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сынак, ‑нка, м.

1. Няродны сын для мужа ці жонкі ў сямі (родны аднаго з іх). Раіна разумела, што Лёнік не сваё дзіця Антосю, пасынак. Марціновіч. [Мачыха] адчувала холад, якім заўсёды веяла на яе ад падчарыцы і пасынка, аднак гэта яе вельмі не абыходзіла. Васілевіч. // перан. Пра таго, хто пераносіць якія‑н. нягоды, пра каго мала клапоцяцца, каму мала ўдзяляюць належнай увагі. Узняўся гоман пратэсту: чаму гэта ў раёне ёсць сынкі і пасынкі? Дуброўскі.

2. Бакавы парастак, атожылак у расліны. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)