пустабрэ́х, ‑а, м.
Разм.
1. Сабака, які брэша без патрэбы. Цяпер і.. [Слава] будзе ведаць, як выхоўваць свайго Тумана, каб не рос пустабрэхам. Шыловіч.
2. перан. Пра балбатлівага чалавека. А Света... З языка ўвесь дзень не спусціць. Света — пустабрэх. Пустабрэх і сакатуха. Пташнікаў. А хто і скажа, Маючы на ўвазе, Што ты — фігляр, махляр, Штукар ці блазен, ці пустабрэх, Якога свет не ведаў, — Як часта думаем мы: «Гэта пра суседа!». Лойка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
расстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставіць.
2. Р мн. ‑новак. Парадак, паслядоўнасць у размяшчэнні чаго‑н. Расстаноўка знакаў прыпынку. □ Самой расстаноўкай вершаў у нізцы Багдановіч нібы паказвае гісторыю ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Лойка.
3. Р мн. ‑новак. Кароткія перапынкі пры размове, пры выкананні чаго‑н. Хабібулін узняў на нас нейкія чужыя вочы і, адвёўшы погляд, з расстаноўкай прагаварыў: — Няма Цімчанкі. Згарэў... Даніленка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
адзінабо́рства, ‑а, н.
Барацьба адзін на адзін паміж двума праціўнікамі; паядынак. Даўней гэта выглядала так. Сустракаліся два варожыя станы. Асілкі скрыжоўвалі зброю, а ворагі тым часам, гледзячы з двух бакоў на адзінаборства, набіраліся злосці, каб рынуцца пасля ў крывавы бой. Брыль. // Барацьба аднаго з некалькімі праціўнікамі адначасова або са стыхіяй. Сама легенда была нескладанай: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Лойка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
абло́га, ‑і, ДМ, ‑лозе, ж.
1. Даўно не воранае поле, звычайна пакрытае дзірваном, травой. Узараць аблогу. □ За бульбай — аблога, зарослая піжмай, паўзучымі рамонкамі і яшчэ нейкай дзікай травой. Рылько. — Ляглі кругом нечапаныя аблогі, — уставіў Кукарэка. — Адзін сівец... Шчарбатаў.
2. Акружэнне войскамі умацаванага пункта (горада; крэпасці, раёна і пад.) з мэтай яго захопу. Шарэла... Аблогай ачэплен быў гай, Бой глухнуў у вольхах старых... Лойка. // Абкружэнне ўчастка лесу з мэтай правядзення аблавы.
•••
Ляжаць аблогай гл. ляжаць.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
заро́дак, ‑дка, м.
1. У жывёл і чалавека: арганізм у першы перыяд свайго развіцця, які жывіцца за кошт матчынага арганізма або пажыўнымі рэчывамі, назапашанымі ў яйцы. Зародак кураняці. // У вышэйшых насенных раслін: зачатак новай расліны, які развіваецца з аплодненай яйцаклеткі ўнутры семені. Зародак семя пшаніцы.
2. перан. Пачатковы стан, першае праяўленне чаго‑н. Зародкі культуры. □ Містыцызм.. — атрута, якая забівала і забівае ўсе творчыя зародкі духоўнай дзейнасці чалавека. Лойка.
•••
У зародку — у самым пачатку.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
куцця́, ‑і, ж.
1. Урачыстая вячэра напярэдадні каляд, новага года, якая суправаджалася варажбою. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // Дзень, у які адбываецца гэта ўрачыстасць. Снег на куццю — грыбы на лета, Такая матчына прымета. Колас.
2. Каша з ячных або іншых круп як традыцыйная абрадавая яда ўсходнеславянскіх і інш. народаў. У печы з панцаку варыцца калядная куцця. На куццю, пад вечар, чакаюць гасцей. Васілевіч. Куцці святочнай задымілася гара. Лойка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пачарпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і чаго.
1. Разм. Зачэрпаць. У гэты час Ніна, якая прыгнулася да латка, каб пачарпнуць вады, выгукнула: — Ганна Сымонаўна! Сябры! Тут нейкія малюнкі! Дубоўка.
2. перан. Атрымаць, узяць, запазычыць адкуль‑н. Пачарпнуць веды з кніг. □ Калі і хадзілі раней байкапісцы ў суд, дык толькі дзеля таго, каб пачарпнуць жыццёвыя факты, уведаць — няхай, можа, і сумныя — чалавечыя гісторыі. Казека. Моц пачарпнуў Міцкевіч з жыцця. Лойка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
сімптаматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. У медыцыне — які накіраваны па ліквідацыю асобных сімптомаў хваробы, але не вылечвае захворвання поўнасцю. Сімптаматычнае лячэнне.
2. Кніжн. Які з’яўляецца сімптомам (у 2 знач.) чаго‑н.; паказальны ў якіх‑н. адносінах. Зварот да, рэальных жыццёвых фактаў быў з’явай глыбока сімптаматычнай і заканамернай. «Полымя». Багдановіч звяртаў увагу на дзве сімптаматычныя з’явы — на сувязь першых спроб усіх паэтаў, разбуджаных 1905 годам, з традыцыямі Багушэвіча і на працэс нараджэння адметных паэтычных індывідуальнасцей. Лойка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
спарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.
1. Нарадзіць на свет падобнага да сябе. [Наста:] Сыне мой, На гора спарадзіла я цябе. Глебка. Спарадзіла чачотачка с[ямё]ра дачок, Спарадзіла невялічка с[ямё]ра малых. Купала.
2. Даць жыццё, існаванне чаму‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Пераход ад эпохі змагання і бітваў да штодзённай працы, па сутнасці, пераход у новы стан спарадзіў праблемы глыбокага ўнутранага характару. «Маладосць». Маштабна-рамантычнае адчуванне зямлі спарадзіла ў А. Куляшова шмат вобразаў. Лойка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
су́ма, ‑ы, ж.
1. Лік, які атрымліваецца ў выніку складання дзвюх або некалькіх велічынь. Сума двух лікаў.
2. Агульная колькасць, сукупнасць чаго‑н. Багдановіч класічна выкарыстоўваў і першы і другі сродак [метафару і эпітэт], абапіраючыся на суму сродкаў, а не на паасобныя з іх. Лойка. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.
3. Пэўная колькасць грошай. [Вера Паўлаўна:] А большую суму на будаўніцтва вы не маглі вылучыць? Крапіва.
•••
Круглая (кругленькая) сума — пра вялікія грошы.
[Лац. summa.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)