спало́ханы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалохаць.
2. у знач. прым. Ахоплены страхам, жудасцю. Раптам у.. [Выжлятніка] з-пад ног пырхнулі два спалоханыя шпакі. Пташнікаў. Спалоханая маці прыціснула малога да грудзей. Корбан. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў руку [Ірыны]. Лынькоў. // Які выяўляе спалох. За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпт. Скрыган. У чырвонаармейца быў спалоханы від. Бядуля. Жанчына глядзіць проста перад сабою. Гэта тая самая, што мы бачылі ў гарадскім садзе, з вялікімі спалоханымі вачыма. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тпру, выкл.
Выкрык, якім спыняюць каня або якую‑н. рабочую жывёліну. — Тпру-у! — громка закрычаў Мацвей Шэмет, які на вазку быў за фурмана. Лобан. — Тпру, тпру! — нацягнуў лейцы Драбок. Краўчанка.
•••
Ні тпру ні но — а) ні з месца, ні ўзад, ні ўперад. Паляглі па чэравах коні і... ні тпррру!.. ні но! Колас; б) нічога не атрымліваецца; далей не пасоўваецца. Да прыкладу, Лявон, — чым не жаніх, здаецца, — Падыдзе, падміргне і засмяецца, А вось далей — ні тпру ні но... Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тфу, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які ўтвараецца пры пляванні. — Тфу! — плюнуў Шырокі і акінуў фельчара зняважлівым вокам. Колас.
2. Ужываецца для выказвання незадаволенасці, прыкрасці, злосці, расчаравання і пад., а таксама пагардлівых адносін да каго‑, чаго‑н. [Лазавік:] — Тфу, атрута. І як ты, Стась, смокчаш сваю люльку? Хомчанка. — Тфу! — зазлаваўся Міхалап. — Галоднай куме хлеб наўме. Алешка.
3. у знач. вык. Ужываецца для характарыстыкі каго‑, чаго‑н. нязначнага, дробязнага, нікчэмнага. Абрэзкі тыя — тфу! — метровыя шматкі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́жны, ‑ая, ‑ае, займ.
1. (мн. ко́жныя, ‑ых, ужываецца толькі ў спалучэннях колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, а таксама з назоўнікамі, якія не маюць адзіночнага ліку). Адзін з усіх, узяты асобна; усякі. Аўтобус ходзіць кожныя пяць мінут. Кожны дзень. □ Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік.
2. у знач. наз. ко́жны, ‑ага, м.; ко́жная, ‑ай, ж. Усякі чалавек. Кожнаму сваё. □ Запомніць кожнаму не шкодзіць: Герой Не той, Хто дагары нагамі ходзіць. Корбан.
•••
Кожны божы дзень гл. дзень.
На кожным кроку гл. крок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́перці, ‑пру, ‑праш, ‑пра; пр. выпер, ‑рла; зак.
1. што. Выціснуць, выдушыць што‑н. адкуль‑н. Выперці дно ў бочцы. Выперці шыбу.
2. каго. Разм. Прымусіць выйсці, выехаць адкуль‑н.; выгнаць. Выперці дзяцей з хаты. □ Напэўна б сход сарваўся, Але Трэзор Прыдумаў, чым даць рады: За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду, і выперлі нягодніцу на двор. Корбан. // Выключыць, звольніць каго‑н. адкуль‑н. Выперці з установы.
3. без дап. Разм. Выдацца, высунуцца за межы чаго‑н. Выперці наперад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абсталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
Забяспечыць патрэбным абсталяваннем — інструментамі, прыладамі, механізмамі; прыстасаваць для чаго‑н., пад што‑н. Школа абсталявала майстэрні, фізічны і хімічны кабінет. □ Моладзь абсталявала залу для спектакляў. Самі зрабілі сцэну, прыбудавалі касірскую будку. Чарнышэвіч. // Набыць абстаноўку; мэбляваць. Нарэшце працавіты гаспадар абсталяваў сваю кватэру, Набыў карціны, дываны, парцьеры. Корбан. // Арганізаваць, зрабіць што‑н. Друкарню абсталявалі ў невялічкім драўляным аднапавярховым доме ў кватэры Міхала Воранава. Гурскі. Але калі зайшла гаворка, дзе абсталяваць радыёпункты ў трактарных брыгадах, прыйшлося задумацца. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распераза́цца, ‑перажуся, ‑пяражашся, ‑пяражацца; заг. расперажыся; зак.
1. Зняць з сябе тое, чым быў падперазаны (пояс, папругу, рэмень і пад.). Не пазіраючы ні на кога і тупнуўшы разы са два, Пракоп моўчкі расперазаўся і зняў сярмягу. Колас.
2. Разм. Расшпіліцца (пра пояс).
3. перан. Перастаць стрымліваць сябе; стаць недысцыплінаваным, нахабным. Прытым, Зусім расперазаўся [Кузьма], — Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан. Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамін, .. [Гукан] падумаў інакш, больш злосна: «Зазнаўся, няшчасны пісака... Расперазаўся». Шамякін.
•••
Хоць расперажыся — уволю, колькі хочаш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падбаро́дак, ‑дна, м.
1. Месца паміж барадой і шыяй; падбароддзе. Галаву [Лізавета Назараўна] прыкрыла танюткай квяцістай хусцінкай, завязанай пад падбародак. Корбан. Яна падцягнула да сябе сваю чарку, прыкусіла дрыжачую губу, нервова развязваючы пад сухім падбародкам вузел святочнай хусцінкі. Дуброўскі.
2. Тое, што і барада (у 1 знач.). Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Пальчэўскі. Як раней, так і цяпер, быў пажылы мужчына з шырокім зухаватым тварам, з глыбока запалымі вачамі, з выступаючым уперад вострым падбародкам. Радкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калясі́ць, каляшу, калясіш, калясіць; незак.
Разм. Хадзіць або ездзіць пятляючы, робячы кругі. Тыдзень ужо, як Піня не мог упарадкаваць як след коней, а калясіў па паляўнічай сцежцы Крайскім бокам. Пташнікаў. [Раманенка і шафёр] калясілі па гарадку, шукаючы патрэбную вуліцу. Шамякін. // Шмат ездзіць або хадзіць на розных мясцінах, у розных напрамках. Калясіць па свеце. □ Лявон Свірыдовіч, шафёр першага класа, адчуваў стомленасць. Паездка была нялёгкай. Чацвёра сутак калясілі яны па дарогах вобласці. Корбан. Шмат калясіў ты, разведчык, Многім няўдачам па зло, Там, дзе нагі чалавечай Можа зусім не было. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.
2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)