так, прысл., часціца злучн.

1. прысл. Абазначае акалічнасць спосабу дзеяння: такім чынам. Ён так расказваў, што ўсе смяяліся. □ [Юрка:] — Давай так дамовімся: ты [Алесь] сваё глядзі, а я сваё. Скрыпка. Прыгожых у шчасці, Цнатлівых у тайне, Іх так і застала Над рэчкай світанне. Гілевіч. / З даданым сказам спосабу дзеяння або даданым параўнальным, які ўдакладняе сэнс прыслоўя або дзеяслова. Нарэшце гром так неба скалыхнуў, Што ўпала і разбілася вясёлка І морам разлілася скрозь. Вітка. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так мы сёння ідзём узнімаць цаліну. А. Вольскі. // (звычайна з адмоўем). Адпаведным чынам. Тут штосьці не так. □ Не так жывеш, як хочацца, а так, як можацца. Прыказка. Не так чорт страшан, як яго малююць. Прыказка. // Наступным чынам, як сказана далей. Каханне ў іх [Андрэя і Насці] распачалося так. Яму было трынаццаць. Насці — восем. З. Астапенка.

2. прысл. У такім выглядзе, становішчы, стане, як ёсць, без каго‑, чаго‑н. (без дадатковых сродкаў, намаганняў, без платы і пад.). Я і так дастану, без лесвіцы. Памідоры прыйшлося есці так, без солі. □ Жанчына несла за плячыма вялікі клунак. Хлопчык ішоў так. Шамякін. // Без вынікаў, без рэагавання. Пакінуць гэту справу так нельга. Гэта табе так не пройдзе. □ [Наўмыснік] быў упэўнен, што ўцякаць яму нікуды не прыйдзецца, усё абыдзецца так. Чорны.

3. прысл. У такой меры, ступені, да такой меры, ступені; вельмі; настолькі. Гэта не так важна. □ А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. Якімовіч. [Юхім:] — Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

4. прысл. Без прычыны, патрэбы, выпадкова; без сур’ёзнага намеру, пэўнай мэты, падставы. — Так проста зайшлі, — стаў апраўдвацца адзін з .. [хлопцаў], рыжагаловы і чырвоны ад хмелю, як вараны рак. — Святы дзень сёння. Кулакоўскі.

5. прысл. Правільна, дакладна, сапраўды. Мабыць, гэта так. □ Я вычытаў недзе, што, пасадзіўшы ў гэты час [зімой] галінку вішні, яна зацвіце... Захацелася праверыць, а ці так гэта? Кандрусевіч.

6. часціца. Ужываецца ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды. У бібліятэку збіраецеся? — Так. □ Па-першае, ты адчуваеш, што робіш, карысную справу; па-другое, ты прывыкла наведваць сваю Журавінку; па-трэцяе, ты палюбіла яе. Так? — «Так», — адказала Валя. Маўр.

7. Ужываецца ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці. Што з вамі? — Так, галава трошкі закружылася. □ — Здароў, сусед! — Здарова, ласянятка! — Як справы, дамасед? — Ды так... усё ў парадку. Калачынскі.

8. часціца ўказальная. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі. [Турсевіч:] — Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш. Колас. — Будзем жыць, — паўтарыў стары, едучы дамоў. — Так. Будзем жыць. Чорны. Так, пазіцыя выбрана ўдала. В. Вольскі.

9. часціца ўзмацняльная. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яна стаіць. Ну так старанна вырабляў нагамі [Мацей], Што ўсе ў далоні пляскалі яму. Корбан.

10. часціца абмежавальная. Ужываецца для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго‑н., час і пад. Гадоў так дзесяць таму назад. □ [Акулька:] — Не даходзім так метраў сто да купальні, што насупраць Аўсейчыкавых. Домка наша як уздрыгне і стала як укопаная. Ракітны. Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў. Гартны.

11. часціца. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа, які растлумачвае папярэдняе выказванне, у значэнні: «а іменна», «напрыклад». Расказвалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць. Колас. Працу размеркавалі хутка. Так, напрыклад, першаму звяпу даручылі лён, другому сенажаць. «Звязда».

12. часціца. У спалучэнні з «і» указвае на характар дзеяння (энергічнасць, рашучасць, міжвольнасць і пад.). Стары не вытрымаў, так і асунуўся. Чакаў, чакаў, так і пайшоў ні з чым. □ [Сухадольскі:] Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных Савецкай уладай. [Фёдар Мікалаевіч:] Так і рваліся ў бой. Крапіва. // У спалучэнні з «і» указвае на скептычныя, негатыўныя і пад. адносіны да якога‑н. дзеяння, з’явы. Бач ты, ён яшчэ надумаў пагражаць! Так яго і спужаліся. □ Так і валэндаліся ў санаторыі з гэтым Малахам. Кавалёў.

13. злучн. У спалучэнні са злучнікам «што» выкарыстоўваецца для далучэння даданых выніковых сказаў у значэнні: у выніку гэтага, таму. [Валерый:] — Ад паноў і падпанкаў нацярпеўся за свой век нямала, так што зуб на іх у цябе [дзядзькі Рыгора] яшчэ востры. Якімовіч. // У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем. Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка толькі тады, калі згасла электрычнае святло. Пестрак.

•••

Вось так гл. вось ​2.

Даўно б так — адабрэнне чыйго‑н. учынку, задавальненне чыімі‑н. дзеяннямі.

За так — бясплатна, дарма (рабіць што‑н.).

І так гл. і ​3.

І так далей — ужываецца ў канцы пералічэння і ўказвае, што пералічэнне можа быць прадоўжана.

І так, і гэтак — а) рознымі спосабамі, на розны манер; б) па-рознаму; то добра, то дрэнна.

(І) так і сяк; ці так ці сяк — на розны манер, рознымі спосабамі; усяляк; тым ці іншым спосабам.

Не так, каб; не так каб — выкарыстоўваецца для некатэгарычнага адмаўлення якой‑н. думкі ў значэнні: не вельмі.

Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам. І ўсё ж зараз, на старасці гадоў, рашыў .. [сусед] заняцца вінаградарствам. І не так сабе: даўно сачыў за доследамі селекцыянераў. Кавалёў. [Тарас:] — Дык можа і за Валяй будуць сачыць? [Сымон:] — Не ведаю. Але думаю, што выпусцілі яе не так сабе... Якімовіч.

Проста так гл. проста.

Так званы гл. званы.

Так і быць гл. быць.

Так і ёсць — на самай справе, сапраўды.

Так і так — ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, таго, пра што ўжо расказвалася. [Гарошка:] — Так і так, расказваю, ёсць у суседзяў нашых закінуты кацёл. Краўчанка.

Так і трэба каму — за ўчыненае і адплата.

Так на так — а) без прыдачы, адно за другое (пра абмен); б) у роўнай прапорцыі, у роўных суадносінах.

Так сабе — а) ні добрае, ні дрэннае (пра каго‑, што‑н.). Гаспадар з яго так сабе; б) проста так, несур’ёзна. Гэта была толькі так сабе, прыстрэлка. Шыцік. [Алена:] — Прастойваеш вечары з хлопцам так сабе, выходзіць? Пальчэўскі.

Так сказаць гл. сказаць.

Так точна! — так, іменна так.

Так то (яно) так — усё гэта правільна, але... [Андрэй:] — Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае. — Так то яно так, сынок... Чарнышэвіч.

Так трымаць! гл. трымаць.

Так ці інакш (іначай) (у знач. пабочн.) — ва ўсякім выпадку, тым ці іншым спосабам.

То так, то сяк; то так, то гэтак — па-рознаму; то адным спосабам, то другім.

Хоць бы і так — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым‑н.

Ці так? — ці праўда?

Як жа так гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

браць, бяру, бярэш, бярэ; бяром, бераце, бяруць; незак.

1. каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу. // У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. □ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі. Галіноўская. // Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. □ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому. Чорны. // Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы. // Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю. Свірка. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. Шамякін. // Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей. Зарыцкі. // У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. □ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату. Адамчык. / у перан. ужыв. Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу? «Маладосць». // Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах. Ермаловіч. // Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд. Сабаленка. // Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы. Лынькоў. // Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе. Колас. Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату. Шамякін. // Красці. Воўк і лічанае бярэ. Прыказка. // Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна. Матрунёнак. На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь. «Беларусь».

2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву. // Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць. Ермаловіч.

3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы. // Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. □ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі. Брыль. // Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей. Дубоўка. // Наймаць. Браць фурманку. // Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон. // Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё. Чорны. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Колас.

4. З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс. Сіняўскі. Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу. А. Вольскі. Смеласць гарады бярэ. Прыказка.

5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар. // Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Лынькоў. // Запазычваць. Браць з чужога вопыту. // Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай. Глебка.

6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. □ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках. Арочка.

7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!.. З. Астапенка.

8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Майхровіч. Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі. Ермаловіч.

9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. □ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода. «Беларусь». / у перан. ужыв. Вайна брала ўсё новыя ахвяры. Колас.

10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку. // Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі. // Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.

11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. □ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь. Танк. Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў. Крапіва. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае. Колас. Міхалку ўжо браў сон. Чорны.

12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца. Карамазаў. // перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам. / у безас. ужыв. Тваё бярэ. // Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ. // Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. / у безас. ужыв. Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала! Вялюгін.

13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. □ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Чорны. // Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. □ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. // Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. □ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх. Арочка. // Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела. Васілевіч. // Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.

14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца. Шамякін.

15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул. // Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства. // Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Ядвігін Ш. // Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.

16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.

17. Удзельнічаць; згаджацца. Браць удзел. Браць чый-небудзь бок.

18. Купляць. Глядзі, каб ягад без білета У лесе бабы не збіралі І на грыбы каб білет бралі. Колас.

19. Разм. Атрымліваць (зарплату, пенсію і пад.). [Анна Паўлаўна:] Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш. Крапіва.

20. Есці, спытваць (часцей з адмоўем). Нічога ў рот не браць.

21. Мацнець. Нанач бярэ мароз.

•••

Браць (блізка) да сэрца — пакутліва, хваравіта ўспрымаць што‑н.

Браць (узяць) быка за рогі — пачынаць дзейнічаць энергічна, адразу і з самага галоўнага.

Браць (узяць) верх над кім — дамагацца (дамагчыся) перавагі, адольваць (адолець) каго‑н.

Браць (узяць) волю над кім — навязваць (навязаць) каму‑н. свае жаданні, сваю волю.

Браць (узяць) голымі рукамі — авалодваць (авалодаць) кім‑н. без асаблівых цяжкасцей.

Браць горлам — дамагацца чаго‑н. крыкам.

Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.

Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.

Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.

Браць (узяць) за жывое — даймаць (даняць) чым‑н., расстройваць, прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Браць (узяць) за каўнер, за карак — прыцягнуць да адказнасці.

Браць (узяць) за сэрца — хваляваць, рабіць (зрабіць) моцнае ўражанне.

Браць (узяць) з бою (боем) — а) у працэсе бою авалодаць тэрыторыяй, умацаваннямі праціўніка; б) дамагацца чаго‑н. энергічнымі дзеяннямі.

Браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор — а) адольваць (адолець) каго‑, што‑н., давёўшы да поўнай страты сіл; б) дамагацца (дамагчыся) чаго-небудзь ад каго‑н. настойлівым, назойлівым уздзеяннем.

Браць каўшом — тое, што і чэрпаць каўшом (гл. чэрпаць).

Браць (узяць) на абардаж — атакаваць варожае судна, шчыльна наблізіўшыся да яго.

Браць на арапа — браць ашуканствам, падманам.

Браць на бога — выпытваць што‑н., ставячы правакацыйныя пытанні.

Браць (узяць) на буксір — памагаць каму‑н., хто адстае, выконваць што‑н.

Браць (узяць) на веру што — верыць, давяраць, калі па якой‑н. прычыне нельга ўпэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н.

Браць (узяць) на заметку (на карандаш) — звяртаць (звярнуць) на што‑н. увагу, запамінаць (запомніць), запісваць (запісаць) для памяці.

Браць (узяць) на мушку (на прыцэл) — а) прыцэльвацца (прыцэліцца) у каго‑, што‑н.; б) сканцэнтроўваць (сканцэнтраваць) увагу на кім‑, чым‑н.

Браць на ўсе застаўкі — старацца з усіх сіл бегчы, што‑н. рабіць.

Браць (узяць) напрамак (кірунак) — пачынаць рухацца, ісці ў якім‑н. напрамку.

Браць на пуп (груб.) — перанапружвацца фізічна.

Браць (узяць) на сябе што — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.

Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.

Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.

Браць (узяць) пад абстрэл гл. узяць.

Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.

Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.

Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.

Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.

Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.

Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.

Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.

Браць (узяць) слова з каго — дамагацца (дамагчыся) ад каго‑н. абяцання выканаць што‑н.

Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.

Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.

Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго‑н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.

Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго‑н., імкнучыся схіліць да чаго‑н., зрабіць уплыў на каго‑н.

Браць (узяць) у галаву што — многа думаць пра што‑н.

Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго‑н.

Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.

Браць у рукі каго, што — рабіць каго‑н., што‑н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.

Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго‑н. ва ўчынках.

Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.

Дзіва бярэ гл. дзіва.

Ліха яго бяры гл. ліха.

Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.

Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.

Смех бярэ гл. смех.

У рот не браць — нічога не есці.

Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.

Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.

Чорт не бярэ гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)