зрасці́ць, зрашчу, зросціш, зросціць; зак., што.
1. Лечачы, ствараючы спрыяльныя ўмовы, даць магчымасць зрасціся. Зрасціць зламаную косць.
2. Спец. Змацоўваючы канцы, зварваючы краі чаго‑н., злучыць, з’яднаць. Канат павінен быў вытрымаць велізарны груз. Таму зрасціць яго — не простая справа. Даніленка. Ад радасці Дзмітрый падсвіснуў. Ён не ўяўляў яшчэ, як удасца зрасціць трубку, але ў адным не сумняваўся: танк узрываць не прыйдзецца. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каапера́цыя, ‑і, ж.
1. Форма арганізацыі працы, пры якой вялікая колькасць людзей удзельнічае ў адным і тым жа або розных, але звязаных між сабой працэсах працы.
2. Калектыўнае вытворчае, гандлёвае і пад. аб’яднанне, якое ствараецца на сродкі яго членаў-пайшчыкаў. Прамысловая кааперацыя. Спажывецкая кааперацыя.
3. Разм. Кааператыўны магазін. [Качагар] бегма ляціць у кааперацыю, бярэ напавер сала, хлеба, садзіцца насупраць топкі і есць. Барашка.
[Ад лац. cooperatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́кіравацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
1. Разм. Выйсці, выехаць у пэўным кірунку. Даехаўшы да Вялікага скрыжавання, ..[аўтаматчыкі] выкіраваліся на шашу. Чорны. // Пралегчы ў якім‑н. кірунку. Вось дарога з пясчанага ўзгорка пакацілася ўніз і выкіравалася ў алешнік. С. Александровіч.
2. перан.; на каго. Разм. Стаць кім‑н., дасягнуць пэўнага чыну, пасады і пад. [Сцяпан Крыніцкі пра Быкоўскага:] Ён не [зусім] яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́трываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Цярпліва, стойка перанесці што‑н.; выцерпець. Вытрываць боль. □ Раба састарэў у касмічных падарожжах. Ці хопіць у яго сілы, каб вытрываць дадатковыя дзесяць гадоў? Шыцік.
2. без дап. (звычайна з адмоўем). Праявіць вытрымку, стрыманасць; сцярпець. [Ладынін] рэдка злаваўся, але тут не вытрываў. Шамякін. Палкоўнік у адстаўцы, ведаючы лад у вайсковай справе, не вытрываў і ўмяшаўся ў размову. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
газе́та, ‑ы, ДМ ‑зеце, ж.
Перыядычнае, звычайна штодзённае, друкаванае выданне інфармацыйнага характару, а таксама экземпляр гэтага выдання ў форме двух ці некалькіх вялікіх лістоў. Працаваць у газеце. Купіць газету. □ Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін.
•••
Насценная газета — напісаная ад рукі або на машынцы і вывешаная на сцяне газета, орган якой‑н. арганізацыі або ўстановы.
[Іт. gazzetta.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адукава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адукаваць.
2. у знач. прым. Які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковыя веды. [Янка] вучыўся ў беларускай гімназіі, і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам. Брыль. // Інтэлігентны, культурны, выхаваны. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адхрысці́цца, ‑хрышчуся, ‑хрысцішоя, ‑хрысціцца; зак., ад чаго.
Разм. Адвязацца, адчапіцца ад каго‑, чаго‑н.; хрысцячыся, пазбавіцца, паводле ўяўлення набожных людзей, ад нячыстай сілы. [Сымонка:] — Дзедка, чуеш: во — спявае! Ці ж не чуеш, дзедка? Вунь! — Гэта здань твая такая: Адхрысціся, хлопча, плюнь! Колас. // перан. Адкараскацца, адгаварыцца, адвязацца. Андрэй Руды хацеў забраць сваіх старых у мястэчка, але тыя адхрысціліся: — Ідзі ты ад нас, згінь! Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Іграючы, вярнуць прайгранае; тое, што і адыграць (у 1 знач.). Хто прайграў, таму хацелася адыграцца і яшчэ зарабіць. Колас.
2. перан. Разм. Умела выйсці з няёмкага становішча, не астацца ў даўгу, спагнаць. [Іваніцкі] уступіў у спрэчку, думаючы адыграцца тут, пасля спрэчкі з Ігнасём. Мурашка. // Спагнаць злосць на кім‑н. [Роб:] — Вы хацелі адыграцца на нас — але не ўдалося! Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ажы́на, ‑ы, ж.
1. Кустовая ягадная расліна сямейства ружакветных з калючымі сцябламі. Масюк і Сушыцкі ў гэты час сядзелі ў канцы вёскі пад кустом ажыны. Пальчэўскі.
2. часцей мн. (ажы́ны, ажын). Чорна-шызыя ядомыя ягады гэтай расліны, з выгляду падобныя на маліны. [Каза:] — Але я ўсю пушчу гэту Абягаю з лета ў лета. Пакажу, дзе шмат чарніц, Шмат малін, ажын, суніц. Муравейка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аксесуа́р, ‑а, м.
1. Прыналежнасць чаго‑н.
2. звычайна мн. (аксесуа́ры, ‑аў). Пабочныя з’явы, дэталі, якія дапаўняюць што‑н., ствараюць фон для галоўнага (у жывапісе, літаратуры, скульптуры). Яшчэ больш прасталінейна-алегарычныя фігуры Капіталу і Працы ў вершы «Два». Яны, праўда, дадзены з разнастайнымі аксесуарамі ў рэзкім кантрасце адзін аднаму, але проціпастаўляюцца тут не больш як «носьбіты» пэўных паняццяў. Перкін. // Прадметы тэатральнага абсталявання; бутафорыя.
[Фр. accessoire.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)