ко́раб, ‑а; мн. карабы, ‑оў; м.

1. Пасудзіна, сплеценая з дубу, саломы і пад., для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Залез з перапуду [мужык] на гару і схаваўся там у кораб з пер’ем. Якімовіч. [Рыбакі] паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі, і яшчэ адзін — з сялявай. В. Вольскі.

2. Разм. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Мележ.

•••

Поўны кораб — вельмі многа (звестак, навін і пад.).

Сем карабоў — вельмі многа (нагаварыць, наабяцаць і пад.).

Як з кораба — у вялікай колькасці (валіцца, сыпацца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.

Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкі стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць з ляскам. Ляпаць малатком. □ Ляпалі вароты, бразджалі вёдры ля студні, гаманілі жанчыны. Пташнікаў. Гудзелі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

2. Біць, удараць па чым‑н. з шумам. Майстар па-бацькоўску ляпаў хлопца па плячах і супакойваў: — Не трэба спяшацца. Даніленка.

3. што. Кідаць што‑н. густое, ліпкае. Ляпаць цеста на патэльню.

4. перан.; што і без дап. Гаварыць што‑н. неабдумана, нетактоўна. — А ты падрыхтуй прамоўцаў да сходу, — параіў Ляшчэня. — Каб абы-хто там усякае лухты языком не ляпаў. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́віць 1, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Ставячы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю плошчу, прастору. Заставіць пакой мэбляй. Заставіць паліцу кнігамі.

2. Закрыць, загарадзіць чым‑н. пастаўленым. Заставіць праход шафай. □ [Антось] убачыў на стале вялікую кнігу запісу хворых, узяў яе і заставіў шыбу. Мележ. // Перагарадзіць (раку). Злева было відаць шырокае возера — там нядаўна заставілі раку. Пташнікаў.

3. Паставіць што‑н. за што‑н. Заставіць ложак за шырму.

заста́віць 2, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго, з інф.

Прымусіць рабіць, зрабіць што‑н. Заставіць змоўкнуць. □ Пайшла Алена ў школу, прынесла сама некалькі газет, заставіла Насцю чытаць іх. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гняздзі́цца, гнязджуся, гнездзішся, гнездзіцца; незак.

1. Жыць, рабіць гнёзды (пра птушак). Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Чорны. — Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дае птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх. Колас. // Мець прытулак, прыстанішча (пра людзей, звяроў, насякомых). — Вы думаеце — многія ведаюць пра падзямелле? — сказаў дзед Піліп. — Дзе там! Людзі здаўна стараліся абыходзіць гэта месца, бо тут вечна гняздзіўся ўсякі зброд... Ваданосаў.

2. перан. Моцна трымацца, караніцца ў кім‑, чым‑н. (пра абстрактныя паняцці). [Крамарэвіч] некалькі разоў на ноч курыў і ўжо заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзілася ў душы яго. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.

1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.

2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.

3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рабіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Зрабіць, выпрацаваць з чаго‑н. якую‑н. рэч; выпусціць. Там з такой красы-пароды.. Лесапільныя заводы Дзіва вырабяць для вас. Глебка.

2. Апрацаваць шкуру дубленнем; выдубіць. Вырабіць авечую шкуру.

3. Выканаць пэўную колькасць работы; выпрацаваць. Вырабіць норму.

4. Добра падрыхтаваць глебу для пасеву, пасадкі. Вырабіць поле. □ [Тарэнта:] — Як пух мяккая [зямля на панскім полі].. Вырабілі людзі, сваю так не выраблялі. Галавач.

5. Дасканала зрабіць, стварыць што‑н. ручным спосабам; змайстраваць.

6. Выбраць, выкарыстаць усе карысныя выкапні. Вырабіць вугальны разрэз. Вырабіць шахту.

7. Разм. Запэцкаць, сапсаваць што‑н. неахайным абыходжаннем. Вырабіць паліто ў мел. Вырабіць касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэабілітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.

2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сватаючы, атрымаць згоду на шлюб; паспяхова завяршыць сватаўство. [Мацей:] — Даўней не гэтак жаніліся. Не. Хто іх, маладых, сасватае цяпер? Пальчэўскі. // перан. Разм. Зблізіць, з’яднаць. Задача ў нас [людзей] была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.

2. перан. Разм. Прапанаваць, уладкаваць каго‑н. куды‑н. Год назад, можа і сам не здагадваючыся, сасватаў.. [Глушко] на двайную службу начальнік дыстанцыі. Навуменка. [Дзернушкоў:] — Колькі ўжо старшынь калгаса тым Хатлянам сасваталі! З райактыву пасылалі таварышаў, і ніхто не мог замацавацца там. Бялевіч. // Угаварыць, схіліць каго‑н. на што‑н. Ці не здагадваўся [дзед], што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дудзе́ць, дуджу, дудзіш, дудзіць; незак.

Іграць не дудцы, дудзе. // Разм. Гусці. Аднекуль зверху пранозліва дудзіць сігнал маставога крана. Асіпенка. [Максімка] зняў тэлефонную трубку і доўга слухаў, як там нешта дудзела. Сабаленка. // што і без дап. Разм. Аднатонна, нягучна гаварыць, чытаць, спяваць. Дудзець пад нос. □ Голас то змаўкаў, то зноў пачынаў дудзець пра храбрага камара, і ад гэтага аднастайнага дудзення пачынала хіліць да сну. Лынькоў. Лявон канчаў падплятаць лапаць і дудзеў пад нос нейкую сумную песню. Чарот. // перан. Надаедліва паўтараць адно і тое. [Фінцечцы] заўсёды гаварылі, што яна прыгожанькая. Асабліва перад бацькамі. А бацькі штодня дудзелі ёй аб гэтым. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)