здра́да, ‑ы, М ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 1 знач.); вераломства. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка.

2. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 2 знач.). Здрада ідэалам. □ Як самае нікчэмнае падзенне, народная мудрасць асуджае здраду звычаям свайго народа. Шкраба. // Парушэнне сямейнай вернасці, вернасці ў каханні. Урэшце рэшт скончылася тым, што дзяўчына знайшла больш уважлівага хлопца і вышла замуж. Андрэй балюча перажываў здраду. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зле́гчыся, злягуся, зляжашся, зляжацца; пр. злёгся, злеглася і зляглася, злеглася і зляглося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш цвёрдым, шчыльным ад доўгага ляжання. — А снег так злёгся, што рыдлёўка яго не бярэ, хоць сякерай сячы. Чарнышэвіч. Калі Юрка не думае пра Жэньку, чуе тады, як зноў пад ім шапаціць сухое сена, — не зляглося яшчэ: нядаўна прывезлі з Цянёў з бацькам два вазы. Пташнікаў.

2. Абл. Звязацца, падружыцца з кім‑н. — Сам ведаеш: злягліся яны з Юзікам Громам. Людзі ўжо гавораць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́цтва, ‑а, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнню, жыхарству да адной мясцовасці (вобласці, сяла і пад.). Як і часта бывае між людзьмі, зямляцтва яшчэ больш зблізіла нас, гаворка пайшла шчыра і непасрэдна. Кулакоўскі.

2. Аб’яднанне землякоў, адарваных ад радзімы, для ўзаемнай дапамогі. Ліскоўскія.. гаварылі многа. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі [А]лаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Колас. Дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

багаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца багатым, багацейшым. Панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка. Чорны. Цяжка было жыць пасля вайны. Але год за годам калгас багацеў, больш важкім рабіўся працадзень. Гроднеў. // Абзаводзіцца чым‑н., разжывацца на што‑н. Краіна пасля вайны багацела на самую дасканалую тэхніку. Паслядовіч. // Станавіцца паўнейшым, павялічвацца. Гумно паўнела з колевым годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. // Набываць якасна новыя рысы. Багацець духоўна. // Развівацца, удасканальвацца. Багацее мова, узнімаецца яе культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балансава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. Захоўваць раўнавагу пры дапамозе рухаў цела. [Вано] стаяў на адной назе, .. у правай руцэ трымаў маленькія восці, левай злёгку балансаваў у паветры. Самуйлёнак. // перан. Прыстасоўвацца. Больш за чатыры месяцы балансаваў Заслонаў між падазронасцю ворагаў і незразумелым здзіўленнем тых, што лічылі яго за свайго. «Беларусь».

2. Спец. Падводзіць баланс ​1 (у 2 знач.).

3. што. Спец. Прыводзіць у адпаведныя суадносіны ўзаемазвязаныя часткі чаго‑н. Балансаваць састаўныя элементы ў кармавым рацыёне.

4. што. Спец. Ураўнаважваць вярчальныя дэталі машын, механізмаў. Балансаваць дэталі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадзе́ць, ‑ее; зак.

Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Рабіць што‑н. вельмі павольна, доўга не пачынаць якой‑н. справы. — Ідзі да брыгадзіра, запражы каня ды толькі не марудзь. Гроднеў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць усе прапановы рабочых. А Булай чамусьці зноў марудзіў. Шыцік. // перан. Выказваць нерашучасць, быць нерашучым; муляцца. — Ёсць у мяне і больш складаная работа, але вельмі небяспечная. — сказаў Былінскі. — Якая? — Спецыяльная, — марудзіў з адказам Былінскі. — Рызыкаваць трэба. Гурскі. — Адчыняйце [веснічкі], дзядзька Іван, — падганяў Богдан Бобрыка, калі той марудзіў, пераступаючы з нагі на нагу. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак.

1. што. Перасягнуць які‑н. рубеж. Прадукцыя прамысловасці перавысіла даваенны ўзровень. □ Вада перавысіла плаціну і .. цякла цераз масток. Чорны. // Стаць большым за што‑н. Даходы перавысілі расходы. У воз тавараў перавысіў вываз. // Зрабіць больш, чым меркавалася, чым было прадугледжана. Перавысіць план. □ Прарыў у кавальскім цэху знішчылі. Нават перавысілі лічбы вытворчасці. Чорны.

2. што. Выйсці за вызначаныя або агульнапрынятыя нормы, межы чаго‑н. Перавысіць свае паўнамоцтвы. Перавысіць хуткасць руху.

3. каго. Выявіць перавагу над кім‑, чым‑н. Перавысіць усіх сваёй спрытнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Перакласці, перамясціць які‑н. груз у другое месца. Перагрузіць збожжа з машын у вагоны.

2. Пагрузіць, загрузіць грузам, паклажай звыш нормы, меры, больш, чым трэба. Перагрузіць машыну. Перагрузіць воз. // перан. Празмерна пагрузіць якой‑н. працай. Перагрузіць вучняў дамашнімі заданнямі. // перан. Загрувасціць што‑н. вялікай колькасцю чаго‑н. Перагрузіць лекцыю фактычным матэрыялам. Перагрузіць сюжэт апавядання лішнімі эпізодамі.

3. Пагрузіць што‑н. іначай, па-новаму. Перагрузіць паклажу шчыльней.

4. Пагрузіць усё, многае. — Колькі я перагрузіў ужо гэтага лесу? — уздыхнуў Санкоўскі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. пераліў, ‑ліла, ‑ліло; зак., што.

1. Выліць якую‑н. вадкасць з чаго‑н. у што‑н. Пераліць малако з гладыша ў шклянкі. Пераліць кроў параненаму.

2. Наліць больш, чым трэба. Пераліць цераз край.

3. Перарабіць пры дапамозе ліцця ў што‑н. іншае. На плугі гарматы перальём. Зарыцкі. // перан. Ператварыць у што‑н. іншае, адлюстраваць, падаць у другой форме. Я гарачыя словы у песенны сплаў пералью. Звонак.

4. Адліць нанава. Пераліць статую.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)