стано́ўчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае адабрэнне. Станоўчы водзыў. Станоўчая характарыстыка. // Які выражае згоду. Станоўчы адказ.
2. Які мае дадатныя ўласцівасці, якасці; які заслугоўвае адабрэння. Станоўчы прыклад. Станоўчыя вынікі. □ Граматыка В. А. Тарашкевіча адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні пачатковых ведаў па роднай мове і доўгі час служыла падставай для ўкладальнікаў пазнейшых школьных граматык. Суднік. Моўныя з’явы запазычваюцца ў выніку ўзрастаючых патрабаванняў да мовы, што з’яўляецца станоўчым фактам прагрэсіўнага развіцця. Жураўскі.
3. Які характарызуецца дадатнымі якасцямі. Станоўчы вобраз аповесці. □ Сам Лукаш быў чалавек станоўчы. Не курыў, піў у меру і пры выпадку. Чарнышэвіч. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трады́цыя, ‑і, ж.
Гістарычна выпрацаваныя звычаі, погляды, нормы паводзін, густу і пад., якія пераходзяць ад папярэдняга да наступнага пакалення. Крытычныя традыцыі Бялінскага. Рэвалюцыйныя традыцыі пралетарыяту. Класічныя традыцыі тэатра. □ [Пятро Тадаровіч] чапляўся за зямлю, за традыцыі працавітага простага чалавека, за жыццё. Чорны. Ламаць устаноўленыя традыцыі нельга было без рызыкі здабыць славу нейкага адшчапенца і чалавека падазронага, асабліва ў такі час, калі настаўнікі зарэкамендавалі сябе як людзі з крамольніцкім складам мыслей. Колас. // Парадак, няпісаны закон, што ўстанавіўся ў паводзінах, быце. Стаць традыцыяй. Увайсці ў традыцыю. □ Начальнік порта ў захапленні ад адвагі капітана, які застаўся адзін .. і не пакідаў судн[а] паводле лепшых мараходных традыцый. Самуйлёнак. У брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось. // Норма чаго‑н. Традыцыя сцэнічнага вымаўлення.
[Ад лац. traditio — перадача.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ару́д 1 ’засек’, гару́д (Гіст. мовы, 2, 59), ару́да (Яруш.). Рус. зах. ару́д ’тс’, польск. вільн. (h)orud ’тс’. Ст.-бел. орудъ (Гіст. лекс., 148). Беларускае (як і польскае) з літ. arúodas (Грынблат, Белор., 152; Кіпарскі, Лекс. балт., 14; Аткупшчыкоў, Лекс. балт., 32; Курс суч., 159 — у форме аруда; Гіст. лекс., 148; Урбуціс, Baltistica, V (I), 1969, 47–48). Карскі (Труды, 391) адзін з першых высунуў думку пра літоўскае паходжанне бел. аруд, лічыў беларускае слова рэдкім, без пратэтычных в або г і з неславянскім коранем. Адзначым, што ў не так ужо рэдкага беларускага слова ёсць і форма з пачатковым г‑, а таксама, што ў старабеларускай на пачатку пісалі о‑; этымалогію літоўскага слова нельга лічыць бездакорнай. Параўн. рус. орудница ’кладоўка зброі’ (ці не орудий?). Гл. Супрун, Балтийские яз., 42.
Ару́д 2 ’парушальнік грамадскіх правіл паводзін’ (КЭС, брэсц.). Магчыма, бязафіксны назоўнік ад дзеяслова арудаваць, параўн. укр. дыял. оруда ’праца, кіраўніцтва’ (застар.), ’клопат’, орудар ’верхавод’, ці не сюды ж прозвішча Арудко (Бірыла, Бел. антр., 242). Параўн. смал. а́ред ’шум, непарадак’, магчыма, звязанае з а́ред ’стары чалавек, чорт’, сувязь аруд са словам аред няпэўная (адрозненні ў фанетыцы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
недахо́п, ‑у, м.
1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.
2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрабава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. патрабаваць.
2. Просьба, жаданне, выказаныя ў катэгарычнай форме. — Адчыніце! — патрабаванне паўтарылася ўжо голасам больш настойлівым. Галавач. // Загад зрабіць што‑н. — Добры дзень, — сказаў .. [Карніцкі] пасля пэўнай паўзы Шынкевічу такім тонам, у якім выразна чулася патрабаванне назваць сябе. Паслядовіч.
3. Афіцыйны дакумент з просьбай выдаць што‑н. або накіраваць каго‑н. у чыё‑н. распараджэнне. Неўзабаве.. ў кантору да нас зайшоў чалавек у паношанай брызентавай спяцоўцы і падаў Собічу патрабаванне на кісларод. Скрыган.
4. звычайна мн. (патрабава́нні, ‑яў). Норма, умовы, якім хто або што‑н. павінны адпавядаць. [Вагуцкі:] — Вы ведаеце мае патрабаванні да кожнага рабочага і яго работы. Яны застаюцца нязменнымі: працаваць на выдатна. Лынькоў. // Правілы, нормы паводзін, абумоўленыя чым‑н. Патрабаванні моды. Патрабаванні ветлівасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.
2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Аця́цца ’згубіць жаданне есці’ (Сцяц.). Да цяць, тну з развіццём значэння ад ’рэзаць, біць’ да ’рэзка мяняць стан або паводзіны’, параўн. зацяць, уцяць ’раптоўна змоўкнуць, схаваўшыся і прыслухоўваючыся’ (Мядзв.), зацін ’прымус’, зацінлівы ’наравісты’ (Гарэц., Сцяц.), затнуцца ’занатурыцца’ (Сцяц.), зацяты ’ўпарты’; магчыма, што на семантыку гэтых слоў аказалі ўплыў даўнія ўяўленні аб умяшанні звышнатуральных сіл (чым і тлумачылася рэзкая змена паводзін ці стану), параўн. безасабовыя формы дзеяслова зацяло́ (гаварыць) (Арх. Бяльк.), цяло́ ’схапіла, узяло’ (Нас.) і асабліва архаічнае палескае зацінаць ’загаворваць хатнюю жывёлу, якая згубілася ў лесе; заткнуўшы нож у дрэва, чараваць’, параўн. таксама засека ’чараўніцтва з мэтай, каб жывёла, якая адбілася ад статка, стаяла на адным месцы’. Дзеепрыметнік ацяты ’абрэзаны’ і ’наравісты’ адпавядае польск. ocięty зацяты, упарты, свавольны, шалёны’, ociętny ’тс’ (апошняе Брукнер (374) звязвае з архаічным ocokały ’заўзяты’ няяснага паходжання), параўн. таксама ст.-польск. o(b)cięt(y) ’той, каму адрэзалі якую-небудзь частку цела, часцей за ўсё галаву’ (Крупянка, Formacje, 70); наяўнасць балг. дыял. о́тет ’які цяжка згаджаецца’, ’непаслухмяны, своеасаблівы’, параўн. таксама выраз «ега́ си про́клет и о́тет» (каб ты быў пракляты і ?), дазваляе паставіць пытанне аб праславянскім архаізме o‑tętъ ’зацяты, наравісты’ (ад o‑tęti). Параўн. таксама ацяць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кру́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.
2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.
3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.
4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).
•••
Кручаны мяч гл. мяч.
Кручаны ўдар гл. удар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.
2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.
3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.
[Грэч. taktike.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адно́сіны, ‑сін; адз. няма.
1. Характар паводзін, абыходжання каго‑н. з кім‑, чым‑н. Выхаваць сацыялістычныя адносіны да сродкаў вытворчасці. □ Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы. Шамякін. Дзеці нейкім сваім дзіцячым пачуццём разбіраюцца ў шчырасці дарослых, у адносінах іх да сябе. Васілевіч. // Погляд на што‑н., разуменне чаго‑н. Камуністычныя адносіны да працы.
2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі ці краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці, суіснавання. Дыпламатычныя, гандлёвыя, эканамічныя адносіны. Адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таварыскія адносіны.
3. Узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў. Адносіны прычыны да выніку. Пытанне аб адносінах свядомасці да матэрыі.
4. Дачыненне да каго‑, чаго‑н., сувязь з кім‑, чым‑н. І прозвішча яго — Дарожка — ніякіх адносін, здаецца, да дзятлаў не мае. Якімовіч.
•••
Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.
У адносінах да каго, чаго — ужываецца ў якасці прыназоўніка са значэннем напрамку дзеяння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)