стара́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да работы, справы са стараннем; дбайны, руплівы. Старанны вучань. □ Адразу ж пацяплеў блакіт: Хвалю Вясны ўпартасць і людзей старанных, Якія будзяць раніцай зямлю І славяць мір у песнях палымяных. Калачынскі. У школьным гуртку юных тэхнікаў Андрэй быў самы старанны, ніхто не мог зрабіць такой мадэлі, як ён. Чарнышэвіч. // Які выражае стараннасць, сведчыць аб ёй. Старанная падрыхтоўка. □ На кавалку бляхі нечай стараннай рукой .. былі выпісаны акуратныя словы: «Калгас «Ленінскі шлях». Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́пнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць трапнага. Трапнасць удару. Трапнасць стральбы. Трапнасць слова. □ Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў. Колас. У апавяданні «Андрэй Лятун» дыялогі займаюць даволі значнае месца і вызначаюцца сцісласцю і трапнасцю, а часамі, як у камічнай спрэчцы чыгуначнікаў, многагалоссем. Гіст. бел. сав. літ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фасо́ністы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Прыгожага, моднага фасону. Між.. [мужчын] быў і Руды Андрэй, акуратна паголены... у фасоністай гарадской шапцы, — першы ў Куранях палітык і прамоўца. Мележ. У кабінеце дырэктара на сцяне віселі ўзоры прадукцыі — фасоністыя жаночыя сукенкі з рознакаляровага квяцістага шоўку. Ус. // Вычварнага фасону. [Волечка:] — Ён не любіць нічога фасоністага. Калі прасцей — падабаецца. Савіцкі.
2. Фарсісты, франтаваты (пра чалавека). Юля заўважыла, што між сяброў Станіка Ралан быў як бы першым нумарам. Культурны, фасоністы. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Адзывацца пры ўдары гукам, падобным да лёгкага звону; дзвынкаць. Брынкае шыба. // Выклікаць ударам такі гук. Нехта доўга брынкаў на кухні пасудай.
2. на чым. Няўмела або ляніва іграць на якім‑н. музычным інструменце. Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай, сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Зарэцкі. Я ўжо ўмеў чытаць ноты, сяк-так брынкаў на раялі, і таму вучоба музыцы не была для мяне вялікім цяжарам. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вага́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.
2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.
3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адступно́е, ‑ая, ‑ое.
1. Які прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Адступныя грошы.
2. у знач. наз. адступно́е, ‑ога, н. Разм. Плата, якая прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. [Паціеўскі:] Яны згадзіліся, што Пшыкальскі дасць Пытлевічу адступнога, і Пытлевіч сабе сваю студню выканае. Чорны. — Я табе адступнога дам, — запрапанаваў «святы». Колькі ты просіш? Навуменка. Андрэй набраў туфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Абл.
1. Які робіцца, ствараецца з вялікай сілай, пачуццём і пад. [Клён] то ледзь варушыць асобнымі лістамі, то раптам заходзіцца, зашуміць ад дыхання ракі ўсім багатым шатром, і тады ўжо не так ляскоча ў вушах страснае і заходлівае крумканне жаб, ад якога аж звініць начное паветра. Ракітны. Іграе Андрэй Андрэевіч, ходзяць ходырам рукі, з імі ў руху вясёлым, заходлівым скачуць ногі. Лынькоў.
2. Які лёгка паддаецца раздражненням, часта заходзіцца ад плачу, гневу і пад. Заходлівае дзіця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Разм.
1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.
2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.
3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаме́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакамячыць (у 1, 3 знач.).
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі ад працяглага або неакуратнага нашэння, ужывання і пад. Стась устае, абцягвае на сабе мокрае, пакамечанае адзенне, папраўляе торбачку. Сачанка. Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Чарнышэвіч. // перан. Са слядамі стомленасці (пра твар, выгляд і пад.). Быў хлопец, здавалася, яшчэ зусім малады, а гэта — мужчына.. толькі ўвесь пакамечаны нейкі. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе і про́баваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.
1. што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. [Кампазітар] прабуе інструмент моцнымі і чулымі пальцамі. Бядуля. Да самага вечара ён цацкаўся з .. [гармонікам] — разглядаў, прабаваў галасы. Чорны. Там, у нізіне, прабуе голас кулік. Навуменка.
2. з інф. Рабіць спробу чаго‑н. Але .. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавала ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва. Андрэй прабаваў перавесці гаворку на іншае. Чарнышэвіч. Дзяўчаты звіняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)