распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спры́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласцівы фізічны спрыт; лоўкі, паваротлівы. Сам [хлапчына] высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. З усіх каралінскіх хлопцаў .. [Рыгор і Мікодым] былі самыя спрытныя і не баяліся лазіць на ясакар. Сабаленка. Валя ўсім падабаецца. Спрытная, усё ў яе руках гарыць. Ермаловіч. / Пра рукі, пальцы. Часам хто і слабейшы, ды спрытнай рукой зробіць больш за дужэйшых. Дубоўка. Прыемна было пазіраць, як пад спрытнымі пальцамі ў .. [маці] расцвітаюць васількі, рамонкі, сплятаюцца ў вянок. Карпаў. // Які валодае спрытам, уменнем (у якой‑н. галіне). Міхась Кірылавіч быў не надта спрытны лыжнік, ды яшчэ на пачатку крыху прыхінуўся, што не ўмее. Шамякін. Заўжды дзіўнаградцы — Племя заўзятых — І ў працы, і ў танцах Спрытныя надта. Калачынскі. Мабыць, найбольш гаваркі, вясёлы і спрытны на словы быў сёння Віктар. Зарэцкі. // Зроблены, выкананы са спрытам, уменнем; лоўкі. Віця доўга любавалася спрытнай работай Івана Харытонавіча. Новікаў. Вось .. [Мая] нагінаецца, бярэ рыбіну з вялікага каша, кладзе на стол, два спрытныя ўзмахі нажом — і рыбіна гатова. Дуброўскі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка.

2. Разм. Акуратны, зграбны. Спрытная постаць. □ А нос... я глянуць мушу ў неба, Бо не патраплю, як пачаць І з чым нос дзядзькаў параўнаць, Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. Колас.

3. Які лёгка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; кемлівы, знаходлівы. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Неадабр. Прадпрымальны, абаротлівы. Спрытнаму на розныя махінацыі і гешэфты Хурсу добра шанцавала. Кудраўцаў.

4. Разм. Добры, зручны ў карыстанні (пра рэчы, прадметы). Спрытная сякера. □ Боты спрытны, за калені. Рог — бы чортава рабро. Завяршала ўсё адзенне Тое гордае пяро. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́ла, ‑а, н.

1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ.

2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі. Асіпенка.

3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле. Скрыпка. Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла. Адамчык.

4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

5. перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу. Бярозкін.

6. перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.

7. перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася. Лынькоў.

8. звычайна мн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.

9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола. «Беларусь». // Фігура ў танцы.

•••

Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.

Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.

Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)