зо́ркі, ‑ая, ‑ае.

Які мае востры зрок, добра бачыць далёкія і дробныя прадметы. Убачыўшы .. [шчупака] сваім зоркім вокам, каршун кінуўся на рыбіну з вышыні. В. Вольскі. Бабка Наста стаяла збоку, глядзела сваімі яшчэ даволі зоркімі вачамі, але нічога не чула, і дакорліва ківала галавой. Шамякін. // Праніклівы, пільны, уважлівы. Будзь жа смелым і адважным, Зоркім цёмнымі начамі. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., што і без дап.

Невыразна, з адценнем незадаволенасці сказаць што‑н. Адна старая сялянка не выцерпела — буркнула: — Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць! Бядуля. [Глушкевіч] хацеў загаварыць з ёю, але жанчына нешта буркнула ў адказ, і нельга было зразумець, ці то яна павіталася так, ці выказала незадаволенасць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затану́ць, ‑тану, ‑тонеш, ‑тоне; зак.

Пайсці, апусціцца на дно ракі, возера, мора і пад.; патануць. Карабель затануў. □ Куст, вырваны.. з зямлі, раптам паплыў на сярэдзіну і там затануў. Лупсякоў. Ці то паром быў перагружаны, а можа проста няспраўны, але ён затануў. Васілеўская. // Загінуць, апусціўшыся ў ваду; утапіцца. На вачах у мяне байдарка і пяць паляўнічых затанулі. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збля́кнуць і збле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць яркасць афарбоўкі; выцвісці. Матэрыя зблекла. □ Зара тым часам падалася ўправа, і светлы ветразь яе зменшыўся, ружовыя фарбы збляклі. Дуброўскі.

2. Завянуць, страціць свежасць (пра расліны). Зблякла трава. / Пра чалавека, яго твар. Вочы .. [Сцяпана] на момант загарэліся, але тут жа і збляклі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́нку, прысл.

1. Са знешняга боку. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Толькі звонку, з калідора, даносіліся мерныя крокі вартавога. Навуменка.

2. Разм. Знешне, з выгляду. Звонку .. [Ліпняк] быў чалавек грозны і непадступны. Лупсякоў. Карызна не сцерпеў — пахваліўся звонку нібыта спакойна, безуважна, але з прытоеным унутры трапятаннем: — Ты ведаеш, што я з жонкаю разышоўся? Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згнаі́ць, згнаю, згноіш, згноіць; зак., каго-што.

Дапусціць да гніення, зрабіць непрыгодным для ўжывання. — Не на пана працуем, — сказаў Кірыла, — усё гэта наша, калгаснае... Сабе ж горш, зробім, калі згноім жыта. Гурскі. // перан. Загубіць (у турме, ссылцы і пад.) цяжкімі ўмовамі жыцця. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мату́з, ‑а, м.

Разм.

1. Скручаная вузкая палоска тканіны, шнурочак для завязкі. Суконным тугім матузом Кустам завязалі галовы, Каб вецер дрыготкі і гром З іх цвет не атрэслі ліловы. Калачынскі.

2. пераважна мн. (матузы́, ‑оў). Завязкі ў фартуху, шапцы-вушанцы і пад. Зося спрабавала завязаць непакорлівыя матузы халата, але рукі дрыжалі, матузы выслізгвалі з пальцаў. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мелады́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да мелодыі (у 1 знач.). [Птушынае] пяянне зліваецца ў адну меладычную гаму. Барашка. Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

2. Прыемны для слыху; мілагучны. У Маі быў голас ціхі, але меладычны і такі багаты пачуццямі, што яе слухалі, нават ніхто ў зале не варухнуўся. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

1. Скачучы, дасягнуць якога‑н. месца. Тры крокі скокне ён [ляснічы], нябога, Ды спыніцца і спыніць пана. Глушца ж таго і нечувана. І вось да хвоі даскакалі, Але глушца там не засталі. Колас. // Наўскач дасягнуць якога‑н. месца (на кані). Коннік даскакаў да лесу.

2. што. Разм. Скончыць скакаць (танец). Даскакаць польку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даты́чыцца, ‑чыцца; незак., каго-чаго.

Мець адносіны, дачыненне да каго‑, чаго‑н. Справа датычылася дысертацыі, якую ўчора паказваў Толю Максім. Брыль. [Сусед] распытаў Антося, што робіцца на свеце, але найбольш, цікавіўся законамі, якія датычацца сялян. Чарнышэвіч.

•••

Што датычыцца каго-чаго, то... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., то... Што датычыцца Задруцкага, то ён на адкрыцці першай чаргі [электрастанцыі] не прысутнічаў. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)