прымаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць што‑н., суправаджаючы якое‑н. дзеянне; прыгаворваць. Калі лажыўся на далонь З сявенькі завадскі авёс, Я прымаўляў: — Расці, каб конь Браў з ходу лёгка цяжкі воз. Астрэйка. Прымаўляючы «а давай, братка, пабачым, ці смачны дарожны хлеб», .. [Кузьма Чорны] разламаў акрайчык на роўныя кавалкі і адзін падаў мне. Кірэенка.

2. Уст. Угаворваць каго‑н. што‑н. зрабіць. Крыўдна трохі і на бацьку, што прымаўляў .. [Насту] ісці [замуж] — ды стары ён, што ты возьмеш з яго... Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустапа́сам, прысл.

Разм.

1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.

2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.

3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дасны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае радасць. Натомленая, але радасная ўвайшла ў хату Люба. Мурашка. І, радасны, дамоў сястрычку нёс, Не чуючы, што анямелі рукі. Тармола. // Які выяўляе радасць. Радасны позірк. □ Ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае ўра. Лынькоў.

2. Які выклікае, прыносіць радасць. На дарозе, сярод акіяна, .. [людзей] дагнала радасная вестка: рускія разбілі немцаў. Шамякін. // Якому ўласціва радасць. Аж захапіць дух блазноце Нейкі радасны парыў, І ў самоцеадзіноце Песні, байкі ён [Сымонка] тварыў. Колас. Многа клопату, многа ў старой, Ды ўсё радасны клопат. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рай, ‑ю, м.

Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля іх смерці. Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Прымаўка. // перан. Пра прыгожую мясцовасць; пра месца, дае можна шчасліва і прывольна жыць; пра добрыя жыццёвыя ўмовы наогул. — Рай! Зялёны рай! — захапляўся Мікалай Мікалавеіч, азіраючыся па баках. Шашкоў. З мілым па душы — рай і ў шалашы. Прымаўка.

•••

Рай адамкнуўся каму — адкрылася добрае жыццё, насталі добрыя ўмовы.

Рай зямны — незвычайна прыгожае месца, дзе ўсяго многа і дзе можна шчасліва і бесклапотна жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распарадзі́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Аддаць загад; загадаць. [Мікітка] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка. Колас. — Дык збірайся, і каб да вечара выехаў, — распарадзіўся маўклівы і заўсёды стомлены прараб. Б. Стральцоў.

2. Абысціся з кім‑н. або з чым‑н. тым або іншым чынам. Ні весткі, ні паўвесткі стуль. Адна даверлівасць прадбачання салдата. Ды гнаць адкуль, што лёсам Сашкі-брата Інакш, распарадзілася вайна. Чэрня. // Спатрэбіць, скарыстаць што‑н. Тысяча на сяле немалыя грошы. Калі па-гаспадарску, то можна імі разумна распарадзіцца. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачо́к 1, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да сак ​1.

сачо́к 2, ‑чка, м.

Конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад. Лавіў наш дзядзька нераткамі і венцярамі і сачкамі, Ды аднаго ўсё ж бракавала: У дзядзькі чоўна неставала. Колас. — Зайка, зайка, русачок! Не злаўлю цябе ў сачок. Бічэль-Загнетава.

сачо́к 3, ‑чка, м.

Абл. пагард. Лодар, гультай. [Сямён:] — Сачок ты, Сярога! Умудрыцца — каля станка заснуць... Мыслівец.

сачо́к 4, ‑чка, м.

Разм. Той, хто збірае сакрэтныя звесткі для каго‑н.; даносчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́льня, ‑і, ж.

1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.

2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ведзь, ‑і, ж.

1. У хрысціянскай царкве — пакаянне ў сваіх грахах перад свяшчэннікам і дараванне ім грахоў. Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Чарнышэвіч.

2. перан. Шчыры расказ пра ўласнае жыццё; прызнанне ў чым‑н. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Гартны. Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэарэ́тык, ‑а, м.

1. Той, хто распрацоўвао тэарэтычныя пытанні ў якой‑н. галіне ведаў, мастацтва. Ленін з’явіўся дастойным пераемнікам Маркса і Энгельса не толькі як геніяльны тэарэтык, але і як вялікі арганізатар рэвалюцыйнай барацьбы. «Звязда». У адным месцы .. [дзед] гаворыць, што малыя спадарожнікі Сатурна раптам зацікавілі тэарэтыкаў касмічных палётаў. Шыцік.

2. Разм. Чалавек, які любіць абстрактна разважаць. [Тышкевіч:] — Начытаўся кніг і радуецца. Ды зразумей ты, тэарэтык, што немца ў Маскву да зімы не пусцяць, хай ён расп[яража]цца, а не пусцяць яго. А адтуль ён хутчэй за Напалеона пабяжыць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)