поднима́ться

1. (вверх) падыма́цца, падніма́цца;

поднима́ться на́ гору падыма́цца (падніма́цца) на гару́;

поднима́ться на самолёте падыма́цца (падніма́цца) на самалёце;

2. в др. знач. узніма́цца, уздыма́цца, падыма́цца, падніма́цца; (вставать с места, ото сна) устава́ць; (быстро, порывисто) усхо́плівацца; (возвышаться) узвыша́цца; (повышаться) павыша́цца; (начинаться) пачына́цца, усчына́цца, распачына́цца; (о тесте) падыхо́дзіць;

настрое́ние поднима́ется настро́й узніма́ецца;

поднима́ться в цене́ узніма́цца ў цане́;

поднима́ется тума́н узніма́ецца тума́н;

поднима́ется бу́ря узніма́ецца (пачына́ецца) бу́ра;

баро́метр поднима́ется баро́метр падыма́ецца;

вода́ поднима́ется вада́ падыма́ецца; (прибывает) прыбыва́е;

поднима́ться на цы́почки падыма́цца на ды́бачкі;

у него́ поднима́ется температу́ра у яго́ падыма́ецца тэмперату́ра;

они́ поднима́ются ра́но яны́ ўстаю́ць ра́на;

поднима́ться во весь рост устава́ць (узніма́цца) на ўвесь рост;

поднима́ться с посте́ли (проснувшись) устава́ць з пасце́лі; (выздоровев) ачу́ньваць;

вдоль на́бережной поднима́лись высо́кие зда́ния уздо́ўж набярэ́жнай узвыша́ліся высо́кія буды́нкі;

поднима́ются проте́сты пачына́юцца (падыма́юцца) пратэ́сты;

поднима́ется ссо́ра пачына́ецца (усчына́ецца) сва́рка;

в тёплом ме́сте те́сто хорошо́ поднима́ется у цёплым ме́сцы це́ста до́бра падыхо́дзіць;

3. страд. падыма́цца, падніма́цца; узніма́цца, уздыма́цца; ста́віцца; узвыша́цца, усчына́цца; распачына́цца; узганя́цца; успу́джвацца; см. поднима́ть;

рука́ не поднима́ется рука́ не падыма́ецца (не падніма́ецца).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

приноси́ть несов.

1. (доставлять) прыно́сіць;

приноси́ть дрова́ прыно́сіць дро́вы;

приноси́ть паке́ты прыно́сіць паке́ты;

2. (давать) прыно́сіць; дава́ць; (причинять) прычыня́ць, рабі́ць, нано́сіць;

приноси́ть по́льзу прыно́сіць (дава́ць) кары́сць;

приноси́ть неприя́тности прыно́сіць (прычыня́ць, рабі́ць) непрые́мнасці;

3. (рожать — о животных) прыво́дзіць, нараджа́ць;

4. (давать урожай) дава́ць, прыно́сіць;

земля́ прино́сит хоро́ший урожа́й зямля́ дае́ (прыно́сіць) до́бры ўраджа́й, зямля́ до́бра ро́дзіць;

5. (в сочетаниях со многими существительными, когда приноси́ть означает — производить какое-л. действие, соответствующее значению этого существительного) прыно́сіць; (давать) дава́ць; (подавать) падава́ць; (делать) рабі́ць; (выражать) выка́зваць; (заявлять) заяўля́ць; (просить) прасі́ць; а также переводится другими глаголами в соответствии со значением существительного;

приноси́ть в дар прыно́сіць (дава́ць) у дар, дары́ць;

приноси́ть в же́ртву прыно́сіць у ахвя́ру (каго, што), ахвярава́ць (кім, чым);

приноси́ть вред прыно́сіць (рабі́ць) шко́ду, шко́дзіць;

приноси́ть кля́тву дава́ць кля́тву, клясці́ся;

приноси́ть прися́гу дава́ць прыся́гу, прысяга́ць;

приноси́ть жа́лобу падава́ць (заяўля́ць) ска́ргу, ска́рдзіцца;

приноси́ть про́сьбу падава́ць про́сьбу, прасі́ць;

приноси́ть благода́рность выка́зваць падзя́ку, дзя́каваць;

приноси́ть свои́ извине́ния прасі́ць прабачэ́ння;

приноси́ть пови́нную прыхо́дзіць з пакая́ннем, ка́яцца;

6. безл., прост. (о неожиданном, нежелательном приходе, приезде кого-л.) прыно́сіць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ходи́ть несов.

1. в разн. знач. хадзі́ць;

ходи́ть по ко́мнате хадзі́ць па пако́і;

ходи́ть в разве́дку хадзі́ць у разве́дку;

ходи́ть в теа́тр хадзі́ць у тэа́тр;

ходи́ть в сапога́х хадзі́ць у бо́тах;

часы́ хо́дят хорошо́ гадзі́ннік хо́дзіць до́бра;

ходи́ть по грибы́ хадзі́ць у грыбы́;

ходи́ть с короля́ (в игре) хадзі́ць каралём;

2. (ездить) хадзі́ць, е́здзіць;

тут ча́сто хо́дят маши́ны тут ча́ста хо́дзяць (е́здзяць) машы́ны;

3. (плавать) хадзі́ць, пла́ваць;

ходи́ть на вёслах хадзі́ць (пла́ваць) на вёслах;

4. (ухаживать) дагляда́ць (каго, што);

ходи́ть за больны́м дагляда́ць хво́рага;

5. (шататься, колебаться) хадзі́ць, хіста́цца;

пол хо́дит под нога́ми падло́га хо́дзіць (хіста́ецца) пад нага́мі;

6. (работать) разг. хадзі́ць, працава́ць, быць; (плавать) пла́ваць;

ходи́ть в пло́тниках працава́ць (быць) цесляро́м;

ходи́ть на парохо́де шту́рманом хадзі́ць (пла́ваць, працава́ць) на парахо́дзе шту́рманам;

хо́дят слу́хи хо́дзяць чу́ткі;

ходи́ть вокру́г да о́коло хадзі́ць круго́м ды наўко́ла;

ходи́ть на голове́ хадзі́ць на галаве́;

ходи́ть по́ миру хадзі́ць з то́рбамі, жабрава́ць;

ходи́ть ходуно́м хадзі́ць хо́дырам;

ходи́ть по стру́нке па адно́й до́шчачцы скака́ць;

ходи́ть на за́дних ла́пках на ды́бачках (на па́льчыках) хадзі́ць; па адно́й масні́чыне хадзі́ць;

ходи́ть с протя́нутой руко́й на хлеб спява́ць; з рук глядзе́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.

2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха. Дайліда. [Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага. Чорны. / у знач. наз. лю́дскае, ‑ага, н. [Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці. Кучар.

3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Лужанін. За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце. Якімовіч.

людскі́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Колас. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы. В. Вольскі. Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской. А. Александровіч. // Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін. // Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской. Нікановіч.

2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской. Колас. [Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское. Кулакоўскі.

3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб. Пальчэўскі.

4. Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі. Якімовіч.

5. у знач. наз. людска́я, ‑ой, ж. Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нібы́, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца ў параўнальных зваротах і сказах пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару; па значэнню адпавядае злучніку «як». — Валенты Скіба, — назваў стары сваё імя і прозвішча, і абодва мы, нібы старыя, добрыя знаёмыя, усміхнуліся. Брыль. І гул нарастаць стаў, нібы пры абвале. Панчанка. Застыў пан Богут нерухома, Нібы прыбіў яго пярун. Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару ў значэнні злучнікаў: «быццам», «як быццам», «як быццам бы». Нібы на ўзмыленым кані, Віхор аблётвае прасторы. А. Александровіч. З.. [айцом Уладзімерам] быў Віктар і незнаёмы малады чалавек, смуглявы, мускулісты, нібы высечаны з каменя. Колас. У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі, нібы там мітусіліся якія цені, раз-пораз засцячы святло. Лынькоў. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для сувязі параўнальных зваротаў і сказаў з адценнем меркавання, сумнення; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «як бы», «нібыта». Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі. Леначка прыпала тварам да маіх грудзей, нібы хаваючы яго і ад мяне і ад сябе. Брыль. У мацеры... такія дзіўныя вочы, нібы глядзяць і не бачаць яго, яе Міколку. Лынькоў.

2. злучн. тлумачальны. Ужываецца для падпарадкавання: а) даданых азначальных сказаў. Заліты бляскам пажару, .. [панскі палац] робіць уражанне, нібы ён у агні. Колас. Паабапал дарогі старыя прысады з голым апруцянелым галлём стаяць маўклівыя і задуманыя, нібы ўспамінаюць сваю нядаўнюю летнюю прыгажосць. Крапіва; б) даданых дапаўняльных, дзейнікавых і выказнікавых сказаў. Кажуць, што немец лютуе ўжо аж пад самым Мінскам, нібы нашы адступаюць і пакінулі багата гарадоў. Лынькоў. Першае ўражанне ад саўгаса такое, нібы вы трапілі на нейкую новабудоўлю. Крапіва; в) даданых сказаў меры і ступені, характару і спосабу дзеяння. І стала [Толю] адразу чамусьці так горача, весела, добра, нібы ён фарсіраваў нейкі нялёгкі, запаветны рубеж. Брыль. [Нічыпар:] Калі разгаворыцца [Чарнавус], дык люба слухаць.. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым. Крапіва.

3. часціца. Указвае на ўмоўна-ўяўную дапушчальнасць, няўпэўненасць выказвання. Сонца пачырванела і нібы растала ў кіпелі хмар. Новікаў. Усе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь. Скрыпка. Здалёк данесліся нібы людскія галасы і зніклі, праглынутыя начным туманам. Лынькоў.

4. часціца. Указвае на наўмысны характар выказвання, неадпаведнасць яго рэальным фактам, намерам. [Даўгілыч:] — Шчасце тваё, што стары, а то я паказаў бы, як станавіцца поперак дарогі. — Макар Міхайлавіч нібы і не чуў пагрозы. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падысці́, падыду, падыдзеш, падыдзе; пр. падышоў, ‑шла, ‑ло; заг. падыдзі; зак.

1. Ідучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў. Ноччу, павольна пасоўваючыся,.. [зубры] падышлі непрыкметна пад самы лагер. В. Вольскі. // Пад’ехаць, наблізіцца (пра машыну, поезд і пад.). [Задруцкі] падаўся да экскаватара — падышоў чарговы самазвал. Дадзіёмаў. [Нілаўна:] — Тузануць за шнур я павінна была тады, калі падыдзе поезд. Якімовіч. // Разм. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Тым часам падышлі яшчэ трое чыгуначнікаў з вакзала ды два хлапцы з горада. Мурашка. Час ад часу.. [Мартын] пазіраў у акно і хваляваўся. Павінен быў падысці сын. Ракітны. // перан. Надысці, настаць (пра час, падзею і пад.). Хлеб запах суха і кісла — так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны. Неўзаметку падышлі экзамены. Васілевіч.

2. Прайсці крыху. За.. [Грушэўскім] крыху падышлі сябрукі, але хутка адсталі: ён ім больш не таварыш! Карпюк.

3. Прыблізіцца да чаго‑н., дайсці да мяжы чаго‑н. (пра дарогу, раку, ваду і пад.). Вада падышла да агародаў. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі.

4. перан. Прыступіць да чаго‑н., узяцца за якую‑н. справу. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. // Паставіцца пэўным чынам да чаго‑н. — Як бачыце, таварышы, справа вельмі сур’ёзная і падысці да яе мы павінны па-сур’ёзнаму. Васілевіч.

5. Здолець заваяваць чыё‑н. давер’е, выклікаць прыхільнасць каго‑н. да сябе. Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас. [Чубок:] — Пагавары з Кацяй, парай ёй не спяшацца. Далікатна падыдзі да яе... А там відаць будзе. Гаўрылкін.

6. Падняцца, павялічыцца (пра цеста). [Цеста] падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя шапкі грыбоў. Васілеўская. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто.

7. Быць прыдатным, адпаведным каму‑, чаму‑н. па сваіх памерах, якасці, форме. Кажуха ў мяне не было. Але мне добра падышла матчына куртка на ваце. Якімовіч. Хоць з бядой папалам, аднак падышла да галавы кепачка дзесяцігадовага Алёшкі. Брыль. [Сашка] падумаў аб сабе, што яму бадай лепш падышла б не цывільная, а вайсковая адзежа. Чорны.

•••

Гады падышлі гл. год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. правёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. правядзе; зак.

1. каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці. Мележ. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем. Чорны.

2. што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.

3. што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата. С. Александровіч. [Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё. Карпюк.

4. чым па чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Мележ. [Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч.

5. каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю. Чорны.

6. што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін.

7. каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар. Чорны. // Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.

9. каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал. Скрыган. — Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс. Карпюк.

10. што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе. Гурскі. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. С. Александровіч. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Ермаловіч.

11. каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці. Няхай.

•••

Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.

Правесці ў жыццё — ажыццявіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́к, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлічваць — разлічыць.

2. Плата за работу, паслугі, па рахунках і пад. [Ганна:] — Э, — э, мілая вы мая, няма чаго казаць аб разліку. Будзем здаровы — разлічымся. Васілевіч. // Звальненне з поўнай выплатай заробленых грошай. Дамашнія справы, разлік на службе затрымалі хлопца на некалькі дзён. Дуброўскі. Пакуль Славік узяў разлік, атрымаў характарыстыку, прайшло колькі часу, і на першую машыну мы спазніліся. Даніленка.

3. перан. Расплата, пакаранне. Кароткі разлік. Разлік за недагляд будзе суровы. // звычайна мн. (разлі́кі, ‑аў). Узаемныя крыўды, непаразуменні. Толькі на час такіх важных для ўсяго народа падзей, як вайна супроць чужаземцаў, забываюцца старыя спрэчкі і разлікі паміж асобнымі родамі і сем’ямі. В. Вольскі.

4. Намер, меркаванне. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Шыцік. І бачу, бяруцца [зладзеі] напрасцяк на касу, намагаюцца хутчэй да берагу даплысці — відаць, быў у іх нейкі хітры разлік. Краўчанка. // Спадзяванне на што‑н. [Юра] спадзяваўся сустрэць .. [у бары] Ніну, бо, па яго разліках, яна яшчэ не магла паехаць. Навуменка. [Міхась:] — А мне здаецца, што гэта — толькі педагагічны прыём. Разлік на давер’е, самая модная ў наш час тэндэнцыя. Савіцкі.

5. Карыслівыя намеры, меркаванні. Выратаваць Мірона можа толькі новы грамадскі лад, калі на крэўныя сувязі і на суадносіны паміж людзьмі не будуць мець уплыву матэрыяльныя разлікі. Каваленка. // Разм. Выгада, карысць. А сам я мяркую: разліку няма, каб праца мая прападала дарма. А. Вольскі. На поплаве, дзе пасвяцца каровы, агонь раскладаць няма разліку. Навуменка.

6. Беражлівасць у расходаванні сродкаў. Ты любіш ціха, добра жыць — З разлікам і выгодай. Броўка.

7. Група байцоў, якая абслугоўвае гармату, мінамёт, кулямёт і пад. Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы. Чыгрынаў. Толькі што пры мне старшына роты даў добры наганяй зараджаючаму мінамётнага разліку Уразбаеву. Хомчанка.

•••

Безнаяўны разлік — разлік шляхам пералічэння сум з рахункаў даўжнікоў на рахункі крэдытораў.

Гаспадарчы разлік — метад планавага сацыялістычнага вядзення гаспадаркі прадпрыемства, заснаваны на самаакупаемасці, без дапамогі сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Наяўны разлік — разлік грашыма, якія маюцца ў наяўнасці.

Брацца (прымацца) у разлік гл. брацца.

Браць (узяць) у разлік гл. браць.

Звесці разлікі гл. звесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́ка, ‑і, м.

1. Свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад. Службовы сабака. Пакаёвы сабака. Паляўнічы сабака. Язда на сабаках. □ Пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Колас. На дварэ пільнуюць панскі супакой злосныя сабакі-ваўкадавы. Бядуля. Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка. Дурны сабака і на гаспадара брэша. Прыказка.

2. Самец сукі.

3. перан. Разм. лаянк. Пра нягодніка, злоснага, шкоднага чалавека. — Трэба падавацца ў вёску, — параіў Сталярэвіч, — там вас [Ганну] Ніхто не ведае, а тут можа кожны сабака ўкусіць.... Гурскі. [Лясніцкі] падумаў: «Здраднік. Іш, выгнуўся, сабака». Шамякін. // Груб. Пра чалавека, які не трымае слова, лаецца. Обер — аб’ездчыкам лічыўся, Брахун не горшы ад сабакі. Колас. Ці сабака гаў, ці ён сказаў — то ўсё роўна. Прыказка. / Ужываецца пры выказванні адабрэння, захаплення чыёй‑н. здатнасцю да якой‑н. справы. Добра спявае, сабака.

4. Драпежнае млекакормячае сямейства сабачых. Янотападобны сабака. / у знач. наз. саба́кі, ‑бак. Тое, што і сабачыя (у 4 знач.)

•••

Сабака-сышчык — паляўнічы або службовы сабака, прывучаны да пошуку дзічыны або чалавека па следу.

Вешаць (чапляць) сабак на каго гл. вешаць.

Вось (вот, во) дзе сабака закапаны — вось у чым сутнасць справы, прычына чаго‑н. Ды ты, як бачу, не толькі закаханая ў Тарашкевіча, але і ў яго жонку, — засмяяўся Максім. — Во дзе сабака закапаны! Машара.

(Жыць) як кот з сабакам гл. кот.

З сабакамі не знойдзеш — тое, што і (днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш (гл. знайсці).

Ні адзін сабака не гаўкне — ніхто нічога не скажа.

Па сабаку з рота скача гл. скакаць.

Сабакам сена касіць гл. касіць ​1.

Сабак ганяць гл. ганяць.

Сабаку з’есці ў чым, на чым гл. з’есці.

Сабаку пад хвост (груб.) гл. хвост.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага гл. трэба.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Як пабіты сабака — пра чалавека, які ў выніку свайго ўчынку няёмка сябе адчувае.

Як сабак — вельмі многа, поўна. Паабапал усёй дарогі было поўна іх [жандараў і салдат], як сабак. Лынькоў.

(Як) сабака на сене — пра чалавека, які сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)