казёл, ‑зла, м.
1. Самец казы. Стралец расказвае: — Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Якімовіч.
2. Дзікая млекакормячая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах.
3. Разм. Род гульні ў карты, даміно. Пасля абеду на палубе першага класа пачалі стукаць «казла» — настрой узрушаны, воклічы. Мележ.
4. Метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.
5. Гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох высокіх ножках.
6. Разм. Род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання.
7. Разм. Тое, што і казляк. Назбіраць казлоў.
8. Разм. Легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці. «Казёл» выпісаў круг на плошчы і спыніўся каля адной крамы. Ермаловіч.
•••
Казёл адпушчэння — пра чалавека, на якога заўсёды звальваюць чужую віну, адказнасць за правіннасць.
Казлы драць гл. драць.
Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.
Як з казла малака з каго — пра таго, хто не прыносіць ніякай карысці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знаёмы, ‑ая, ‑ае; знаем, ‑а.
1. Раней зведаны, спазнаны, прывычны. Знаёмы голас. Знаёмая мелодыя. □ Зося лёгка разбірала знаёмы почырк. Крапіва. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду. Колас.
2. з чым або каму-чаму. Які зведаў, выпрабаваў што‑н., мае пазнанні ў чым‑н. Як чалавек, знаёмы з тутэйшымі парадкамі, .. [Кібрык] з самага пачатку сеў воддаль, на тахту. Шыцік. Рэдактар надзеў акуляры, паклаў на стол жылістыя рукі — ім, відаць, знаёма была ў свой час фізічная праца. Хадкевіч.
3. Які знаходзіцца з кім‑н. у знаёмстве (у 1 знач.). Мяркуючы па тым, як .. [юнакі] сустрэліся, як жартуюць, лёгка можна было заключыць, што яны даўно знаёмыя і паважаюць адзін аднаго. Анісаў.
4. у знач. наз. знаёмы, ‑ага, м.; знаёмая, ‑ай, ж. Той, (тая), хто знаходзіцца ў знаёмстве з кім‑н.; знаёмы чалавек. У цэнтры горада, ля крамы, на рагу, Знаёмая знаёмую спаткала. Корбан. Бацька і маці пайшлі да знаёмых у госці, а Віця застаўся дома. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́жа 1, ‑ы, ж.
1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкаю для невялікай колькасці асоб. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў. Увечары .. [Эльга], нібы цень, прашмыгнула ў артыстычную ложу, забілася ў кут, каб не ўбачылі яе з залы. Мікуліч.
2. Уст. Аддзяленне масонскай арганізацыі.
[Фр. loge.]
ло́жа 2, ‑ы, ж.
Драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол. Падняў я стрэльбу. Снег абцёр з рулі і ложы. Сачанка. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.
ло́жа 3, ‑а, н.
1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток; рэчышча. Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа. Колас.
2. Уст., паэт. Пасцель.
•••
Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць, прыстасоўваюць што‑н. (Ад імя міфічнага грэчаскага разбойніка Пракруста, які клаў захопленыя ім ахвяры на сваё ложа і абсякаў ногі тым, хто быў даўжэй ложа, а тым, хто карацей, выцягваў іх.)
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загавары́ць 1, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
1. Надакучыць, стаміць працяглымі размовамі. — Што ж гэта я цябе загаварыла зусім! Ты ж, мусіць, не абедаў яшчэ? Асіпенка. // Размовай адцягнуць увагу ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. — Загаварылі вы мяне, а там яечня гарыць. Беразняк.
2. Ва ўяўленні ў забабонных людзей — уздзейнічаць на што‑н. замовай, магічным словам, загаворамі. Загаварыць кроў. Загаварыць зубы. □ Была нерухомая, зачараваная ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу не было чуваць. Гартны.
загавары́ць 2, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак.
1. Пачаць гаварыць. // Усчаць гаворку, пачаць размову з кім‑н. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі. // перан. Абазвацца, пачаць дзейнічаць. Кулямёты загаварылі.
2. Навучыцца гаварыць, карыстацца мовай. Дзіця ўпершыню загаварыла.
3. перан. Праявіцца ў дзеяннях, настроях і інш. Прачнулася і загаварыла бязмерная нянавісць пакрыўджаных людзей. Чорны.
•••
Кроў загаварыла гл. кроў.
Сумленне загаварыла гл. сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нако́лькі, прысл.
1. меры і ступені. У якой ступені, у якой меры. [Гудовіч партызанам:] Абяцаю вам, што я выкарыстаю гэтую зброю на ўсю яе магутнасць, наколькі хопіць маіх сіл. Крапіва. Жанчына, наколькі я разумеў гэта, хварэла на сэрца, і яе, небараку, у дарозе хапіў прыступ. Чыгрынаў.
2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. Сцяпан Каваль не раз трапляў пад паліцэйскую аблаву. Даводзілася ўсяк — і цяжка і лёгка. Усё залежала ад таго, наколькі сілы паліцыі пераважалі яго сілы. Пестрак. Сам па сабе ўзровень мастацкага твора не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі пісьменнік выкарыстаў свае творчыя магчымасці. Крапіва; б) у даданых дзейнікавых сказах. Вочы .. [зубра] паблісквалі з-пад кучаравай, навісаючай грывы. Барада была чорная і густая. Дзіўна, наколькі яго аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі; в) у даданых сказах меры і ступені (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «настолькі», «нагэтулькі» ў галоўным сказе). Наколькі дапамог.. [Чыкілевічу] Пракоп, нагэтулькі, калі не болей, пашкодзіць яму.. [Мікіта]. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
намёк, ‑у, м.
1. Слова, выраз, у якіх адкрыта не выказваецца думка таго, хто гаворыць, але яе можна зразумець. Празрысты намёк. Далікатны намёк. □ [Пісьмо] было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Колас. — Не задавайце мне недарэчных пытанняў, якіх я не разумею. Гаварыце, што вам трэба, толькі без загадак і намёкаў, — суха адказала Вера. Машара. // Аб дзеяннях, учынках, якія намякаюць на што‑н. Дастаткова было .. выразу твару, вачэй і яшчэ якога-небудзь намёку на тое, што паэт [М. Багдановіч] паказаны ў час творчай працы. Ліс. // Ускоснае ўказанне на што‑н. У кенігсбергскіх актах няма нават і намёку на тое, што паездка Скарыны ў Прусію была звязана з выдавецкай справай. Алексютовіч.
2. перан. Слабае падабенства чаго‑н. Пракоп прыглядаецца, пазнае. .. Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас. // Слабая прымета чаго‑н. Нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага намёку на дождж. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ныра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Поўнасцю апускацца ў ваду. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі. Бяганская. Качкі збіліся ў шэры гурт, ныраюць, пераклікаюцца адна з адной. Лупсякоў.
2. Лётаючы ў паветры, крута і хутка апускацца ўніз. Дзед Антон стаяў ля сваёй хаты і бачыў, як.. [самалёты] з вышыні ныралі ўніз і сыпалі бомбы на варожыя войскі. М. Ткачоў. У небе бясконца ныраў уніз і зноў узмываў угору, заліваючы наваколле спевам, палявы жаўрук. Мыслівец.
3. перан. Разм. Хутка знікаць з вачэй, хаваючыся куды‑н. Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй. Колас. Ліхтар гасяць. Двое «шахцёраў» ныраюць у зеў падполля. Мікуліч. Коні сыходзяць з дарогі і разам з вазком ныраюць пад навіслыя галіны сосен і ялін. Лупсякоў. // Знікаць з вачэй і зноў з’яўляцца. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі. Шамякін.
4. У боксе — ухіляцца ад бакавых удараў праціўніка ў галаву.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няпо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Запоўнены чым‑н. не да краёў, не да верху. Пачак быў ужо распячатаны і няпоўны. Чарнышэвіч. Здаравенны фельдфебель, мардаты, вусаты,.. з няпоўным кухлем у руцэ, узбіўся з ботамі на стол, пайшоў па ім... Брыль.
2. Які праяўляецца не ў поўнай меры. Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі [партызаны] вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў.. Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Лынькоў. Мне здаецца і шчасце маё будзе няпоўным, калі я пакіну школу. Шамякін.
3. Які не дасягнуў пэўнай нормы, мяжы, неабходных памераў. Па небе павольна плыў няпоўны месяц. Шамякін. // Які не мае поўнага камплекту, саставу; не ўвесь. Няпоўная калекцыя. □ Брыгада няпоўная — пяць хлопцаў. Адам незадаволены. Нядзведскі. // Які не з’яўляецца вычарпальным. Няпоўная інфармацыя. Няпоўнае азнаямленне. □ — Па няпоўных дадзеных.. [з Арэхаўкі] пайшло ўжо ў лясы сем чалавек. Шамякін. // Не закончаны, не завершаны да канца. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. Творчы партрэт Бірылы будзе няпоўным, калі мы не скажам аб працы яго ў класічным рэпертуары. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што і цераз што. Перамясціцца скачком цераз каго‑, што‑н. Пераскочыць канаву. Пераскочыць цераз плот. □ Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік, нібы здань, у зялёным гушчары. В. Вольскі. // Разм. Імгненна перамясціцца на другі бок чаго‑н.; праскочыць. Праз хвілін дзесяць уся мясцовая паліцыя была ўжо на нагах .. Пераскочылі масток праз раку і апынуліся на месцы пажараў. Якімовіч. // Разм. Перайсці да наступнага, мінуўшы што‑н. прамежкавае. Пераскочыць з першага класа ў трэці. Пераскочыць цераз два раздзелы і чытаць далей.
2. Перамясціцца скачком, скачкамі з аднаго месца на другое. Пераскочыць з аднае купіны на другую. Пераскочыць ад акна да дзвярэй. □ Вавёрка спалохана крыкнула, пераскочыла на верхавіну і пачала там трывожна мітусіцца. Маўр.
3. перан. Не скончыўшы аднаго чаго‑н., перайсці, пераключыцца без усякіх падстаў на што‑н. другое. Пераскочыць на новую тэму.
•••
Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш гл. казаць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.
1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.
2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.
3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.
4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)