буке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

1. Падабраныя і прыгожа складзеныя ў пучок кветкі. Букет ружаў. □ А праз тры дні Стась з вялікім букетам ружовых цюльпанаў у руках крочыў у школу. Хомчанка. // Пра якія‑н. прадметы, складзеныя ў пучок. Дзяўчына з іх [сяброў] кампаніі, якая несла цэлы букет рознакаляровых шароў, падбегла да дома і выпусціла нітку. Шыцік.

2. Сукупнасць пахавых і смакавых уласцівасцей чаго‑н. Букет чаю. Букет віна.

[Фр. bouguet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́яцца, лаюся, лаешся, лаецца; заг. лайся; незак.

1. Гаварыць грубыя, абразлівыя, лаянкавыя словы. Лаяцца апошнімі словамі. □ — Каб цябе гром! Злыдзень бязногі! — лаяўся Ёсіп, выціраючы рукавіцай крысо ватоўкі. Дуброўскі.

2. з кім і без дап. Зневажаць адзін аднаго грубымі абразлівымі словамі; сварыцца. — Закаханыя лаюцца — толькі мілуюцца, — паспрабаваў пажартаваць Алег. Шыцік. Антось.. два дні з Ганнай лаяўся, а на трэці — ужо хацеў падаваць на яе ў суд. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Капаючы, дасягнуць чаго‑н., дабрацца да чаго‑н. Дакапацца да вады. Дакапацца да гліны. □ Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго немагчыма і дакапацца. Мележ.

2. перан. Разм. Дайсці да чаго‑н., дашукацца. Дакапацца да праўды. Дакапацца да прычыны. □ [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўночы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Дробная часцінка пуху. Раніцай жаваранак прачнуўся, выскачыў з гняздзечка, рупліва выкладзенага сухім пырнікам і лёгкімі пушынкамі. Даніленка. Ніна па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з.. [Алесевага] пінжака. Шыцік. / Пра што‑н. вельмі лёгкае, што нагадвае пушынкі. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю. Кавалёў. Побач з.. [Сняжком] куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая спрытная Волечка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́йсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйса; які ходзіць па пэўным маршруце. Гэта быў не звычайны рэйсавы аўтобус, якіх так многа ходзіць цяпер па дарогах Палесся, а тэатральны. В. Вольскі. Дваццаць хвілін лёту, і рэйсавы самалёт, на якім знаходзіўся Павел, прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце. Шыцік. Не, сабой Карней быў задаволены! Прыйшоў з арміі — адразу ж уладкаваўся матросам на рэйсавы цеплаход Гомель — Кіеў. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сферы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сферы (у 1, 2 знач.), які мае форму сферы, шара. Сферычная паверхня. □ [Акно] было шырокае, амаль на ўсю сцяну кабінета, і мела сферычную форму. Шыцік.

2. У геаметрыі — размешчаны на сферы; характэрны для яе паверхні. Сферычны трохвугольнік. // Які вывучае ўласцівасці геаметрычных фігур, размешчаных на сферы. Сферычная геаметрыя.

•••

Сферычная астраномія — аддзел астраноміі, які вывучае бачны рух свяціл па нябеснай сферы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усыпі́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

1. Выклікаць сон, прымусіць заснуць. Усыпіць дзіця. // Прымусіць заснуць пры дапамозе снатворных сродкаў, гіпнозу. Усыпіць хворага перад аперацыяй.

2. перан. Аслабіць увагу каго‑н. да чаго‑н., прытупіць пільнасць. Каб усыпіць падазрэнні немцаў, Заслонаў павінен так дзейнічаць, каб самі па сабе ўзнікалі падазрэнні ў сваіх. «Полымя». Але і.. [Булай] быў не лыкам шыты, умеў усыпіць падазрэнні і сумненні. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цудо́ўна,

1. Прысл. да цудоўны.

2. безас. у знач. вык. Пра надзвычай прыгожае наваколле, прыемную абстаноўку. Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Шыцік. А на возеры было цудоўна! Ваданосаў.

3. у знач. часціцы. Ужываецца як вокліч са значэннем: вельмі добра, выдатна. Партызан аж зажмурыўся, потым ізноў адплюшчыў вочы і ўбачыў бліскучую снарадную гільзу! Гільза! Цудоўна! Зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэмпіён, ‑а, м.

Званне пераможцы ў спартыўных спаборніцтвах, гульнях на першынство, а таксама асоба або каманда, удастоеныя такога звання. Чэмпіён свету. □ Павел любіў спорт. Але яшчэ больш любіў фізіку, а чэмпіёнам не зрабіўся толькі таму, што не хапіла часу для трэніровак. Шыцік. [Марына Паўлаўна:] — Ігар заняў першае месца па Саюзу па плаванню. Чэмпіён... Як я рада. Васілевіч.

•••

Абсалютны чэмпіён — спартсмен, які атрымаў найбольшую колькасць ачкоў у спаборніцтвах.

[Англ. — champion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́льнік, ‑а, м.

Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)