правалі́цца, -алю́ся, -а́лішся, -а́ліцца; зак.

1. Упасці ў якую-н. адтуліну.

П. ў яму.

Гатоў скрозь зямлю п. (хочацца знікнуць, схавацца ад сораму, страху і пад.). Як скрозь зямлю праваліўся (знік невядома куды). П. мне скрозь зямлю (клятвеннае запэўненне ў праўдзівасці сваіх слоў; разм.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абрушыцца ад цяжару.

Столь правалілася.

3. перан. Пацярпець няўдачу (у якой-н. справе або пра якую-н. справу; разм.).

Спробы праваліліся.

П. на экзамене.

4. перан. Прапасці, знікнуць (разм.).

Куды ты праваліўся на два тыдні?

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уваліцца¹ (у 2 знач.).

Вочы праваліліся.

|| незак. права́львацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. права́л, -у, м. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

заара́ць 1, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.

1. Аручы, прыкрыць, засыпаць зямлёй. Заараць лубін. □ Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне заараў у глебу разам з гноем. Ермаловіч.

2. Разм. Аручы, захапіць кавалак чужой зямлі, чужога ўчастка. То закосіш чужога трохі, то заарэш, а праз гэта кожны дзень сваркі, панятыя. Галавач.

3. Абл. Узараць. Група партызан — дзесяць падвод — ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Пестрак.

•••

Заараць носам (зямлю)упасці ніцма ад удару або спатыкнуўшыся.

заара́ць 2, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак.

Разм. Пачаць араць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачаць думаць, разважаць над чым‑н., пра што‑н. Ёсць над чым задумацца. □ Мікола задумаўся над сваім апошнім учынкам. Бядуля. // Аддацца думкам, упасці ў задуменнасць. Задумацца на момант. □ Кастусь сеў пад бярозу на мяккую, як падушка, рудую купіну, задумаўся. Ваданосаў.

2. звычайна з інф. Паказаць, выявіць нерашучасць у чым‑н.; завагацца. Сказана гэта было такім катэгарычным тонам, што я, прызнацца, задумаўся: ехаць ці не. Ляўданскі.

3. безас. каму з інф. Разм. Прыйсці ў галаву; захацецца. Задумалася мне пайсці ў кіно. Задумалася яму пакатацца на лыжах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Даваць магчымасць упасці, скаціцца таму, што аддзялілася, адарвалася. Ходзіць [Стася], слёзы раняе цяжкія, як шрот. Куляшоў. Лазняк раняў буйныя кроплі на мокры пясок. Няхай. // Пазбаўляцца чаго‑н., скідаць (лісты, спелыя плады і інш.). На дол хваёвы ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. / у перан. ужыв. У дубах крычаць сіваваронкі, І свіст над лугам рэзкі, звонкі Каршун маркотна так раняе І нейкі смутак закідае. Колас.

2. перан. Прыніжаць, траціць. Ды і як .. [Аўгіні], так ганебна .. выгнанай, было варочацца, кланяцца... [Васілю], раняць перад ім свой жаночы гонар? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скапы́ціцца, ‑пычуся, ‑пыцішся, ‑пыціцца; зак.

Разм.

1. Зак. да капыціцца.

2. перан. Памыліцца, зрабіць што‑н. няправільна. — Мы от тут акурат і баяліся скапыціцца... Шынклер.

3. перан. Паваліцца, упасці. Шчэхула як стаяў, так і скапыціўся, грымнуўшыся на падлогу. Машара. // Захварэць, злегчы. — Бачыш, не ў пару скапыціўся, — сказаў.. [дзядзька Даніла], відаць, думаючы пра тое, што праз тыдзень-два трэба будзе пачынаць сяўбу. Асіпенка.

4. Памерці, згінуць. Вядзьмар жа керхаў, керхаў ды і скапыціўся: відаць, Тодараў дручок быў мацнейшы за яго чары. Якімовіч. І дзед злуецца ды гадае, Калі скапыцяцца паны. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

погрузи́ться

1. (опуститься) апусці́цца;

2. перен. агарну́цца (чым); (впасть во что) упа́сці (у што); (потонуть) патану́ць (у чым); (углубиться) паглы́біцца (у што);

погрузи́ться в размышле́ния паглы́біцца ў ро́здум; см. погружа́ться;

3. (произвести посадку) пагрузі́цца;

погрузи́ться на парохо́д пагрузі́цца на парахо́д.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Валі́ць1 ’прымушаць упасці, перакульваць’ (БРС). Рус. валить, укр. валити, польск. walić, в.-луж. walić, н.-луж. waliś ’круціць’, чэш. valiti ’каціць’, славац. váľať ’валіць (дрэва)’, балг. ва́лям, макед. валка ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва́лјати, славен. valíti, ст.-слав. валити. І.‑е. паралелі: літ. võlioti ’катаць’, лат. uolît ’катаць, круціць’, ст.-інд. válati ’ён круціцца, паварочваецца’, ст.-в.-ням. wuolên ’качаць’, лац. volvo ’катаю, кручу’, грэч. ἐλύω ’катаю, закручваю’. Гл. вал2 у Фасмера, 1, 268. Параўн. Шанскі, 1, В, 12; Брукнер, 599–600; БЕР, 1, 116–117; Скок, 3, 562–563.

Валі́ць2 ’вырабляць з воўны’ (Бяльк.); ’качаць, збіваць сукно’ (КЭС), валка (тканіны) (КТС). Да валіць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зрані́ць, зро́ніваць ’заўчасна нарадзіць нежывое дзіця’ (Нас.). Рус. валаг. изроня́ть ’страціць’, вяцк. изрони́ть ’пражыць у бядзе’, укр. зрони́ти ’не ўтрымаць, упусціць’, ’сказаць’, польск. zronić ’упусціць’, ’нарадзіць заўчасна’, чэш. zroniti ’змачыць (слязьмі, потам)’, славац. zroniť ’скінуць уніз, забіць’, в.-луж. zronić ’упусціць’, н.-луж. zroniś ’упусціць, рассыпаць’, серб.-харв. изро̀нити ’выйсці з-пад вады на паверхню’, ’выйсці на свет’, ’узнікнуць’, ’праліць, прасыпаць’, балг. изо̀нвам (се) ’крышу́ на дробныя часцінкі’, ’падаю (пра лісце, пот, зерне, слёзы)’, макед. изрони ’тс’. Ст.-рус. изронити ’дазволіць упасці, утраціць’ (XII ст.). Прасл. jьz‑ron‑i‑ti верагодна, мела значэнне ’ўпусціць, праліць, прасыпаць’, якое развілося ў бел., польск. да значэння ’нарадзіць заўчасна’ (аналагічнае развіццё ў выкінуць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпёшка1 ’перапечка, праснак, скавароднік’ (Нас., Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’няўдалая булка хлеба’ (Ян.). Рус. лепёшка ’блін’, ’аладка’, ’дранік’, ’пірог’, ’круглая буханка’. Да ляпі́ць (Міклашыч, 178; Праабражэнскі, 1, 448; Младэнаў, 273). Сюды ж звычайна адносяць і рус. ле́пех, лепехи́, бел. ляпёшка (прастамоўн.) і балг. ле́пешка ’каравячы памёт’, ’кізяк’ (Фасмер, 2, 484; БЕР, 3, 363). Бернекер (1, 701) дапускае роднаснасць з рус. лепе́нь ’акравак’, лепест. Буга (Rinkt., 1, 452) супастаўляе рус. лепёшка з літ. lepaĩšis ’праснак з бульбы і ячменнай мукі’, lepatur̃šis ’праснак’.

Ляпёшка2 ’ўдар далоняй па мякаці цела’, ляпёшку падняць (зʼесці) ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.). Да ля́паць1 (гл.).

Ляпёшка ’лісічка, Cantharellus cibarius’ (воран., Сл. ПЗБ). Відазмененае ля́пушкі (гл.) паводле ляпёшка пад уплывам народнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

схуднець, зблажэць, паблажэць, змарнець, змізарнець, памізарнець, зачаўраць; асунуцца, падацца, з'ехаць, аб'ехаць (разм.); высахнуць (перан.) □ упасці ў целе, спасці з твару, звастрэць тварам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)