дакуме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Дзелавая папера, якая служыць доказам чаго‑н. ці пацвярджае права на што‑н. Апраўдальны дакумент. Прыходныя і расходныя дакументы.

2. Пісьмовае пасведчанне, якое пацвярджае асобу прад’яўніка. У вагоне загаманілі, пасажыры стоўпіліся ў калідоры — ля выхаду з вагона два вайсковыя правяралі дакументы. Хадкевіч. Васіль зайшоў у будку, падаў вартаўніку свой дакумент. Кулакоўскі.

3. Пісьмовы акт, грамата, здымак і пад., якія маюць значэнне гістарычнага паказання, сведчаць аб чым‑н. Архіўныя дакументы. Дакумент гістарычнай важнасці. □ У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх .. Гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.

[Ад лац. documentum — доказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бамбардзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Абстрэльваць з артылерыйскіх гармат або скідваць з самалёта бомбы на каго‑, што‑н. Немцы бамбардзіравалі з паветра ўвесь гэты куток на ўсю яго разлегласць. Чорны. // Удараць аб паверхню чаго‑н. (пра часцінкі разнастайных рэчываў). З абабітай бляшанымі лістамі камеры, дзе адліўкі ачышчаліся шротам, які бамбардзіраваў іх, паволі выпаўзалі дэталі, падвешаныя на круках. Карпаў. Малыя часцінкі, зараджаныя за доўгі час вандравання ў космасе вялікай энергіяй, бамбардзіравалі корпус карабля, разбіваючыся аб яго і пакідаючы свае сляды. Шыцік.

2. перан. Разм. Тое, што і бамбіць (у 2 знач.). Два гады .. [Насця] бамбардзіравала здзіўленага Васіля супярэчлівымі лістамі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчува́нне, ‑я, н.

Спец.

1. Псіхічны працэс успрымання асобных уласцівасцей прадметаў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуцця. Адчуванне ёсць вобраз матэрыі, якая рухацца. Інакш, як праз адчуванні, мы ні аб якіх формах рэчыва і ні аб якіх формах руху нічога даведацца не можам; адчуванні вызываюцца дзеяннем рухаючайся матэрыі нашы органы пачуццяў. Ленін.

2. Перажыванне, уражанне, прадчуванне. З адчуваннем непапраўнага няшчасця.. стары падводзіў эшалон да станцыі. Мележ. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Зарэцкі. // Успрыманне свядомасцю, разуменне; пазнаванне. Паэтычнае адчуванне свету. Адчуеш не рэчаіснасць.

3. Самаадчуванне, стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.

1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.

2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.

3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзе́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Дагавор паміж дзвюма асобамі або арганізацыямі аб якіх‑н. узаемных абавязацельствах (звычайна гандлёвых). Гандлёвая здзелка. Зрабіць здзелку. □ Усё ўжо было ўладжана — і цана і парадак куплі-продажу, як раптам тэлеграма: здзелкі не адбудзецца. Быкаў. // Тайнае пагадненне аб якіх‑н. дзеяннях (звычайна нядобрых) на аснове ўзаемнай выгады; змова. Лозунг усенароднага ўстаноўчага схода сам па сабе, асобна ўзяты, ёсць у цяперашні час лозунг манархічнай буржуазіі, лозунг здзелкі паміж буржуазіяй і царскім урадам. Ленін.

•••

Здзелка з сумленнем — учынак супраць уласных перакананняў.

Міравая здзелка — прымірэнне бакоў на любой стадыі судовага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.

2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меха́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Раздзел фізікі, які вывучае законы перамяшчэння цел у прыродзе. Механіка ў больш шырокім або вузкім сэнсе слова ведае толькі колькасці, яна аперыруе хуткасцямі і масамі і, у лепшым выпадку, аб’ёмамі. Энгельс. // Галіна тэхнікі, якая распрацоўвае пытанні скарыстання вучэння аб руху і сілах для практычных задач. Прыкладная механіка.

2. Разм. Тое, што і механізм (у 1 знач.). Механіка гэтага ўзрыва[льніка] была даволі простая. Карпюк.

3. перан. Складаная сутнасць, будова чаго‑н. Механіка рэвалюцыі. // Разм. Аб якім‑н. хітрым, замаскіраваным ўчынку.

•••

Квантавая механіка — тэорыя механічных працэсаў з удзелам мікрачасцінак.

Нябесная механіка — раздзел астрапоміі, які вывучае рух нябесных цел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паклапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; зак.

1. Патурбавацца, панепакоіцца з выпадку чаго‑н., каб забяспечыць кім‑, чым‑н. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынак не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца. Колас. [Камлюк:] — Паклапаціся пра коней, калі матацыкл не наладзіш. М. Ткачоў. — Хлопцы, паклапаціцеся адносна вячэры. Машара.

2. Праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. — Калі не хочаш, падумаць пра сябе, дык пра сына паклапаціся. Пальчэўскі. — Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнат, паклапаціцца, каб у іх было цёпла, светла і ўтульна, і абавязкова — весела, — працягвае Катаводаў. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.

Вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне. Часам.. дзверы вагона адчыняліся, і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць пэўную порцыю вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глытнуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты... Маўр. Рэўнасць.. [Сцяпана] нарадзілася разам з каханнем, і гэтыя пачуцці-блізняты па чарзе то натхнялі яго, то прычынялі пакуту. Дуброўскі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. — Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас. // Аб выяўленні пакутлівых адчуванняў. Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, і на твары яе была пакута. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пялёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Ударацца аб што‑н., утвараючы пры гэтым шум; плюхацца (звычайна пра ваду). Мора ў гэты час было спакойнае і ляніва пялёскалася аб гальку. Паслядовіч. Голас замоўк, але ўсім здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму і паплавы з шолахам дубоў, і Дняпро, што пялёскаўся ля берага. Караткевіч.

2. Рухацца, перамяшчацца ў вадзе, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. У недалёкай рачулцы пялёскаліся, відаць, качкі. Лынькоў.

3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. Каля.. [дачніц], з берага, пялёскаюцца і вішчаць ад захаплення іх дзеці. Васілевіч. З задавальненнем пялёскалася .. [Людміла] каля студні. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)