пя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і пята. [Харытон Іванавіч] пастаяў на сярэдзіне пакоя, пераступаючы з наскоў на пяткі. Васілёнак. — А яны ў мяне скурай падшыты, — хваліцца Вулька, смела падымаючы і паказваючы пятку валенка. Лынькоў. Першыя замахі былі няўдалыя: то каса ўразалася ў густую траву адною пяткаю, а носік яе выскакваў напаверх.., то насок касы ўпіраўся ў зямлю і неставала сілы пацягнуць. Сабаленка.
•••
Душа ў пятках (у пяткі) гл. душа.
Лізаць пяткі каму гл. лізаць.
Падмазаць пяткі гл. падмазаць.
Паказаць пяткі гл. паказаць.
Толькі пяткі заблішчалі — пра хуткі бег.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., што.
1. Разбіць, паламаць, разваліць, ператварыць у руіны. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Шамякін. Цяпер жа Грысева хатка выглядае зусім адзінокай, бо вёску Паддубаўку немцы спалілі, пасеку разбурылі, а калгасныя агароды запуставалі. Кулакоўскі. // перан. Давесці да поўнага развалу. Разбурыць гаспадарку. // перан. Парушыць, прымусіць распасціся. Разбурыць сям’ю.
2. перан. Загубіць, знішчыць, расстроіць. Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара. Колас. Вайна бязлітасна разбурыла светлыя мары. Данілевіч. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любага чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Страціць правільнасць пастраення, стаць беспарадкавым. Калона ў момант ажывілася, расстроілася. Сачанка. Рады адразу расстроіліся, і стракаты натоўп завіраваў на платформе. Карпаў.
2. Страціць свой строй, лад (пра музычныя інструменты). Піяніна расстроілася.
3. Парушыцца, перарвацца ў сваім ходзе, працэсе. Гутарка расстроілася. Сувязь расстроілася. // Не збыцца ў выніку якіх‑н. акалічнасцей. План расстроіўся. Вяселле расстроілася.
4. Прыйсці ў заняпад. Гаспадарка расстроілася.
5. Прыйсці ў ненармальны, хваравіты стан. Здароўе расстроілася.
6. Прыйсці ў дрэнны настрой, засмуціцца. Святлана так расстроілася, што нават не запытала, якая гэта работа. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ручны́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны, прыстасаваны для рукі (у 1, 2 знач.), для рук. Ручны гадзіннік. Ручны багаж.
2. Які робіцца рукамі, уручную, а не машынай. Ручная здабыча вугалю. // Зроблены ўручную. Ручная вышыўка. // Які прыводзяцца ў дзеянне рукой, рукамі. Ручны станок. Ручная граната.
3. Такі, які не баіцца чалавека, прывык да чалавека; прыручаны (пра жывёлін, звяроў). Зайчанятка так прывыкла да Жэні, што зрабілася проста ручным: Жэня выпускае яго з клеткі, і яно бегае за ёй, як кошка. Якімовіч. А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сана́цыя, ‑і, ж.
1. Лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы па аздараўленню, палепшанню стану здароўя (звычайна пра поласць рота).
2. Сістэма мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў капіталістычных краінах з мэтай папярэдзіць банкруцтва буйных банкаў, трэстаў і пад.
3. Назва рэакцыйнага рэжыму ў панскай Польшчы 1926–1939 гг. Каралюку ўспомнілася, як у гады санацыі, калі ён засыпаўся на адной справе і паны ледзь не запраторылі яго туды, адкуль наўрад ці выкараскаўся б, людзі, асабліва сяляне, падняліся як адзін і нібы крыкнулі так, што ўвесь свет пачуў: не дадзім нашага Каралюка ў крыўду! Сабаленка.
[Лац. sanatio — лячэнне, аздараўленне ад запо — лячу, вылечваю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свіня́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які мае адносіны да свінні, належыць свінні. Свінячы лыч. // Уласцівы свінні, свінням. [Злобіч:] — Трэба не нервы мець, а вяроўкі, каб трываць гэты свінячы піск. М. Ткачоў. // Прызначаны для свіней. Але япручкі пішчаць там [на другім паверсе] пачалі, непакоіцца, галадоўку аб’явілі і свінячых прысмакаў не захацелі есці. Колас.
2. перан. Лаянк. Паганы, свінскі, які не заслугоўвае павагі. Свінячая морда. □ [Цётка Даша:] — Я гэтага свінячага пана зараз так турну з двара, што ён дарогі ў свой маёнтак не знойдзе! Шашкоў. Загула грамада Ды загаманіла: — Ці ж дастойна суда свінячае рыла? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да саха (у 1 знач.). Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся, Як сошку часта ён спыняе, І пырнік дзікі вытрасае. Колас.
2. Жэрдка, падпорка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры збудаванні палаткі і пад. Пад дрэвам стаяла нязграбная палатна: на чатыры сошкі былі напяты посцілкі і дзяругі. М. Ткачоў.
3. Падстаўка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры стральбе з упору, а таксама прыстасаванне для ўпору ствала ручнога кулямёта, мінамёта. Кулямётныя сошкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старамо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены па старой мадэлі, пашыты па старой модзе; які выйшаў з моды. Старамодны капялюш. Старамодная мэбля. □ З мэблі, што мне відна, — шафа, круглы стол пад квяцістым абрусам, на ім буйны старамодны будзільнік. Ракітны. Зазвінеў старамодны, з нікеляванымі каўпачкамі тэлефон, Глушко паспешліва зняў трубку. Навуменка.
2. Які не адпавядае сучаснасці, уласцівы мінулым часам. Старамоднае выхаванне. Старамодныя манеры. □ Лапшын славіўся на заводзе старамоднымі бакенбардамі. Асіпенка. // Які прытрымліваецца ўстарэлых поглядаў, прывычак. «Памдзей» аб’ездчык быў не шкодны: Так, чалавек ён старамодны І не такі, як Ворцюх, зыркі І меней здольны на прыдзіркі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суме́жны, ‑ая, ‑ае.
Які размешчаны побач, паблізу; суседні. У гэтым годзе выйшла так, што і Пятрок, і Кузьма на сваіх сумежных палетках будуць сеяць жыта. Нікановіч. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. В. Вольскі. // перан. Цесна звязаны з чым‑н.; падобны, блізкі. Кожны з .. [членаў брыгады] па прыкладу брыгадзіра асвоіў сумежныя прафесіі, а многія па яго ж прыкладу сталі рацыяналізатарамі. Лось. Паэт-эрудыт, Багдановіч у сваёй працы заўсёды кіраваўся яшчэ адным вельмі важным запаветам: паэзія не павінна развівацца ў адрыве ад сумежных відаў мастацтва. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фла́гман, ‑а, м.
1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).
2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.
3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.
4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.
[Гал. vlagman.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)