падкалупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Тое, што і падкалупнуць (у 1 знач.).

2. перан. Сказаць што‑н. непрыемнае. І хадзіў Амелька сярод людзей, цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць цябе хто. Лынькоў. Анціп разгортвае газету і пачынае яе моўчкі ўважліва чытаць... Макейчык, ведаючы, што кулі зусім непісьменны, вырашыў у сваю чаргу падкалупіць яго. — Дык што там пішуць? — і хітра прыжмурыў вока. Рылько. Валя ўвесь час услухоўвалася ў маю размову па тэлефоне, і як толькі я паклаў трубку, яна, як бы хочучы падкалупіць мяне, сказала: — Усё ж такі знайшла яна цябе. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падла́дзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; заг. падладзься; зак.

1. Трапіць у тон (пры ігры на музычным інструменце або спяванні). Падладзіцца пад акампанемент гітары. // Выдаць гукі, падобныя да спеву птушак, галасоў звяроў і пад. Дзед добра перадае страшны голас мядзведзя або ваўка, а вось падладзіцца пад лісу ці пеўніка яму не ўдаецца. Рылько.

2. Прыстасавацца, прыладзіцца да руху, дзеяння каго‑, чаго‑н. Бяссонная ноч абрабавала сілы. Не хапала спрыту падладзіцца пад дружныя ўзмахі касцоў. Асіпенка. Крок.. [Лены] быў такі павольны, што я не мог ніяк падладзіцца пад яго з маім цяжкім салдацкім крокам. Кірэенка. // перан. Жадаючы дагадзіць, прыстасавацца да чыіх‑н. патрабаванняў, поглядаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немалы́, ‑ая, ‑ое.

1. Даволі вялікі, значны па велічыні, памерах, колькасці. Немалыя грошы. □ Немалую дарогу прайшлі мы Па чужой і па роднай зямлі. Колас. — Колькі сёння атрымана патронаў? — запытаўся камандуючы. І хоць начальнік тыла назваў немалую лічбу, камандуючы быў незадаволены. Мележ. // Даволі працяглы (пра тэрмін, час і пад.). Чатыры гады — немалы час. Чарнышэвіч.

2. Значны па сіле, інтэнсіўнасці, глыбіні праяўлення. Немалая радасць. □ Рух узняўся за лесам І лязгат, і гром немалы. Куляшоў.

3. Які мае даволі вялікае значэнне, аўтарытэт у грамадстве; значны, важны. Сярэдні чыноўнік губернскіх канцылярый або немалы чын на чыгунцы заўсёды будаваў сабе пад старасць такі дом. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непахі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.

2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., чаго.

1. Нарабіць многа платоў, перагародак. Нагарадзілі катухоў, ані павярнуцца, ані слова сказаць, бо ўсё скрозь сцяну чуваць. Карпюк.

2. Разм. Наставіць, накідаць у беспарадку вялікую колькасць чаго‑н. У сенцах нешта грукнула і пачулася прыглушанае вохканне: — Хто гэта тут нагарадзіў?.. Ледзь духі не адбіла... Б. Стральцоў.

3. перан. Разм. Нагаварыць, напісаць многа лішняга, непатрэбнага; напляткарыць. [Максім:] — Ты тут нагарадзіў такога, што трэба адразу ўнесці яснасць. Калі ты нас дрэнна разумееш, дык навошта ж распачынаць размовы. Машара. [Іван Пятровіч:] — Не ведаў, Мікалай Барысавіч, што ты такі дробязны чалавек. Пісаць на мяне.. такую лухту. — Сам ты што на мяне нагарадзіў? Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.

Разм.

1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.

2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́раб, ‑а; мн. карабы, ‑оў; м.

1. Пасудзіна, сплеценая з дубу, саломы і пад., для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Залез з перапуду [мужык] на гару і схаваўся там у кораб з пер’ем. Якімовіч. [Рыбакі] паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі, і яшчэ адзін — з сялявай. В. Вольскі.

2. Разм. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Мележ.

•••

Поўны кораб — вельмі многа (звестак, навін і пад.).

Сем карабоў — вельмі многа (нагаварыць, наабяцаць і пад.).

Як з кораба — у вялікай колькасці (валіцца, сыпацца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люстра́ны, ‑ая, ‑ае і люстраны́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да люстра ​1 (у 1 знач.). Люстраная майстэрня. Люстраная вытворчасць. // Уласцівы люстру, такі, як у люстра. Люстраны глянец. Люстраная паліроўна. // Які з’яўляецца люстрам, з люстрам. Люстрана-лінзавы тэлескоп. □ Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней, чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.

2. перан. З бліскучай, гладкай паверхняй. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел. Колас. Над ракою над шырокай, Над люстранаю ракой, Над лазою невысокай Ходзіць ветрык-неспакой. Астрэйка.

•••

Люстранае шкло гл. шкло.

Люстраны карп гл. карп.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).

2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.

3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.

2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)