паро́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены якасцямі добрай пароды (пра свойскую жывёлу). [Максім:] — Трэба будзе сапраўды папрасіць у Гайнай, каб прадала пародзістых кароў. Шамякін. // Які з’яўляецца прыкметай добрай пароды, сведчыць аб прыналежнасці да добрай пароды.

2. Уст. Надзелены рысамі, якія сведчаць аб арыстакратычным паходжанні. // Які з’яўляецца прыкметай такога паходжання. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы,.. [Сотнікаў] пазіраў на свайго канваіра — маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Быкаў.

3. Разм. Моцнага складу, здаровы, дужы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атрэ́сці, атрасу, атрасеш, атрасе; атрасём, атрасяце; пр. атрос, атрэсла і атрасла; зак., што.

Трасучы, ачысціць што‑н. ад чаго‑н.; абтрэсці. Старэйшая дзяўчына паднялася, атрэсла са спадніцы траву і пясок. Асіпенка. Капеж зіме хвіліны лічыць, атрэслі снег цяжкі лясы. Машара. // Абабіць што‑н. трасучы, калоцячы; абкалаціць. Атрэсці грушу. // перан. Пазбавіць ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Народы нашы чорнай долі здзек атрэслі, І больш гісторыя кайданаў не начэпіць. Пушча. Зноў зацвітуць лугі, даліны, І атрасуць свой сон лясы. Колас.

•••

Рукі атрэсці гл. атрапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўдыто́рыя, ‑і, ж.

1. Памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў. Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы. Колас. Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Кудравец.

2. зб. Слухачы лекцыі, даклада, прамовы і пад. Дзіцячая аўдыторыя. □ Калі зала запоўнілася слухачамі, .. [Пілацееў] прыйшоў і адразу стаў каля трыбуны, пакланіўшыся аўдыторыі. Галавач. З прычыны таго, што .. аўдыторыя [дзеда Талаша] складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам. Колас.

[Лац. auditorium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жлу́кта 1, ‑ы, ДМ ‑кце, Т ‑ай, ж.; ‑а, М ‑у, Т ‑ам, н.

Абл. Пасудзіна для запарвання бялізны, выдзеўбаная ў форме кадушкі з драўлянай калоды. У клеці паставілі дзежкі, карыты, жлукту, ступу ды другія гаспадарчыя прылады. Галавач. [Уладзік] перакульвае жлукта і па ім узбіраецца на прыбудаваны да хаты хляўчук. Кандрусевіч.

жлу́кта 2, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е Т ‑ай, ж.

Разм. Пра таго, хто многа п’е, апіваецца. — Скарачае гэтай чорнай сівухай свой паганы век, жлукта няшчасная. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́ньба, ‑ы, ж.

1. Бясслаўнае становішча, якое выклікае крайняе асуджэнне, пагарду. — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Бядуля. Лепш са славаю памерці, Як жыць у ганьбе пад ярмом. Глебка. // Пра дзеянні, учынкі, якія выклікаюць пагарду, асуджэнне. Лічылася ганьбай, калі хто выдасць паліцыі зборшчыка. Машара. // Тое, што знеслаўляе, прыніжае чыю‑н. годнасць. — П’янства — гэта ганьба, і з ім мы змагацца будзем, — спакойна прамовіў Дзімін. Карпаў.

2. Загана, недахоп. Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапс[а]рдак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.

2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.

3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.

4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сліма́к, ‑а, м.

1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. // Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі. Матрунёнак.

2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак. Карпаў. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́па, ‑ы, ж.

Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. нізкі (у 1–3 і 7 знач.).

2. Самы просты, прымітыўны. Ніжэйшыя арганізмы.

3. Які знаходзіцца на першай, пачатковай ступені развіцця. Ніжэйшая стадыя таварнай вытворчасці.

4. Пачатковы. Ніжэйшая школа.

5. Малодшы па пасадзе, падначалены. У супрацоўніка, ніжэйшага па чыну, Сцяпан Сцяпанавіч абедаў раз... Корбан.

6. У класавым грамадстве — які не адносіцца да пануючых класаў. Сяляне засталіся і пасля вызвалення «ніжэйшым» саслоўем, падатным быдлам, чорнай косцю, з якой здзеквалася пастаўленае памешчыкамі начальства, выкалачвала подаці, біла розгамі, пускала ў ход рукі і нахабнічала. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыстава́ць, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце, ‑стаюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах. Да кары і сучкоў папрыставалі шматкі чорнай і рыжай поўсці. Сачанка.

2. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Хлопцы папрыставалі да кампаніі. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай — пра ўсіх, многіх. Браты папрыставалі па чужых вёсках у прымы. Місько.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Прычаліць да берага — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Караблі папрыставалі да прыстані.

4. Вельмі стаміцца, прыстаць — пра ўсіх, многіх. Папрыставалі коні ў дарозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)