універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.

2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.

[Ад лац. universitas — сукупнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гама́рня, ’медны завод’ (Нас.), ’рудня, медзеплавільная майстэрня, плавільны завод’ (Яшкін). Укр. гама́рня ’металаплавільны завод’. Як можна меркаваць, гэта запазычанне З польск. hamernia ’тс’ (а гэта да ням. Hammer ’молат’); параўн. ст.-бел. XVI ст. гамеръ ’кузня’ < польск. hamer < ням. (Булыка, Запазыч., 78). Рудніцкі (553–554) бачыць крыніцу запазычання прама ў ням. Hammerwerkstatt (без польскага пасрэдніцтва). Такая версія гісторыі адпаведных слоў вельмі няпэўная. Параўн. форму гамэ́рня (гл.) з другасным значэннем, якая, як здаецца, пацвярджае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Гама́рня2 ’шумная гутарка’ (Шат.), ’шум, садом’ (Касп.), ’гамарня, шумнае месца’ (Бяльк.), ’шумнае месца; будынак музычнай установы; школа’ (Яшкін). Укр. гама́рня ’крык, шум’ (гл. Рудніцкі, 553). Па паходжанню ідэнтычнае з гама́рня1 ’плавільны завод і да т. п.’ (гл.). Перанос значэння ’плавільны завод, майстэрня і да т. п.’ — ’шумнае месца’, ’шум, гутарка і г. д.’ не патрабуе дакладная паяснення. Параўн. гамэ́рня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праца, занятак у якой‑н. галіне. Грамадская дзейнасць. Гаспадарчая дзейнасць. □ Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.

2. Сукупнасць дзеянняў, мерапрыемстваў якога‑н. прадпрыемства, установы, арганізацыі. З кожным годам актывізуецца дзейнасць бібліятэк. «Звязда». Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі.

3. Работа, функцыяніраванне якіх‑н. органаў, арганізма. Сардэчная дзейнасць. Дзейнасць кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга. // Дзеянне сіл прыроды. Разбуральная дзейнасць ветру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гаспадаркі (у 2 знач.), да эканомікі, вытворчай дзейнасці. Гаспадарчыя поспехі. Гаспадарчыя задачы. Гаспадарчае будаўніцтва. // Які вядзе гаспадарку якога‑н. прадпрыемства, установы і пад. Гаспадарчыя арганізацыі. Гаспадарчае ўпраўленне. Гаспадарчы узвод.

2. Звязаны з вядзеннем гаспадаркі (у 3, 4 знач.). Гаспадарчыя клопаты. // Які належыць да прылад дамашняй гаспадаркі, неабходны для яе вядзення. Гаспадарцы інвентар. Гаспадарчы магазін. Гаспадарчае мыла.

3. Заснаваны на правільным вядзенні гаспадаркі; даходны, рацыянальны. Гаспадарчы падыход да выкарыстання зямлі.

4. Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); уважлівы, клапатлівы. Гаспадарчае вока.

•••

Гаспадарчы разлік гл. разлік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кандыда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Той, хто намечан для выбрання, назначэння або для прыёму куды‑н. Кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Залічыць у інстытут кандыдатам.

2. чаго. Малодшая вучоная ступень у дарэвалюцыйнай Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навучальнай установы. Кандыдат славеснасці.

•••

Кандыдат навук якіх — малодшая вучоная ступень у СССР, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Кандыдат філалагічных навук. Ступень кандыдата тэхнічных навук.

Кандыдат у члены КПСС (партыі) — асоба, якая праходзіць устаноўлены статутам выпрабавальны тэрмін перад прыёмам у члены КПСС.

[Ад лац. candidatus — адзеты ў белае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пава́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Важны, поўны годнасці, самавітасці. Сама [Гайная] трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Шамякін. Каржакаватыя, паважныя дубы як бы застылі ў спрадвечным спакоі. Навуменка. // Разм. Вельмі важны; уплывовы. У кабінеце Пятра Іванавіча, дырэктара даволі паважнай установы, сядзеў галоўны бухгалтар Васіль Сазонавіч. Арабей.

2. Спакойны, няспешны, павольны. Паважныя рухі. □ Голас .. [Мікіты] стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Колас. Грузкай паважнай хадою прайшоў Няслаўскі разы два па пакоі. Мурашка.

3. Старэчы (пра ўзрост). Але нішто не кранала лорда. Мо таму быў прычынай больш чым паважны ўзрост. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.

1. Стаць больш высокім. Узровень вады павысіўся. □ Нерастуе лінь з сярэдзіны мая да другой паловы ліпеня, калі тэмпература вады павысіцца да 20–21°C. Матрунёнак.

2. Павялічыцца, стаць большым. Надоі павысіліся. □ [Русаковіч:] Калі ўмела і з душой узяцца за справу, дык і план будзе выкананы, і сабекошт не павысіцца. Крапіва. // Палепшыцца. Павысіліся веды вучняў. Павысіўся культурны ўзровень. Павысіўся аўтарытэт установы.

3. Разм. Перайсці на больш высокую пасаду. Павысіцца па службе.

4. Стаць мацнейшым, стаць больш высокім па тону. І раптам павысіўся ў Міхася голас. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгалінава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгаліноўваць — разгалінаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. разгаліноўвацца — разгалінавацца. // Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца ў розныя бакі. На разгалікаванні дарог.. [Пеця] павярнуў на бальшак, які вёў да вёскі, і прыбавіў кроку. Сіняўскі.

2. Частка ствала, сцябла, дзе разыходзяцца ў розныя бакі галіны, парасткі. // Пра тое, што нагадвае частку ствала з галінамі. Гледзячы на густое разгалінаванне рэк і рачулак, нельга было не здзівіцца той мудрасці, з якой прырода паклапацілася аб гэтым краі. Данілевіч.

3. Адгалінаванне, галіна чаго‑н. (якой‑н. установы, арганізацыі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)