прысні́цца, ‑снюся, ‑снішся, ‑сніцца; зак.

З’явіцца, паказацца ў сне. І заспала. Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка, хоць і не родная. Брыль. Кастусь варочаўся так і гэтак, але сон не браў яго. А калі нарэшце задрамаў, прыснілася Алеся. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўдзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Ажыццявіцца, здзейсніцца; збыцца. Мары тысячагоддзяў Аб светлай долі чалавецтва Спраўдзяцца ў жыцці. Бядуля. [Барашкін] проста верыў у тое, што гэтыя планы павінны абавязкова спраўдзіцца. Савіцкі. — А божачка мой, Кандратка прыйшоў! — з радасці загаласіла.. [маці]. — Сон спраўдзіўся. Лобан.

2. Аказацца правільным, пацвердзіцца. Чуткі пра выклік у камісію спраўдзіліся. Лынькоў. [Рыгорава] падазронасць і здагадка спраўдзіліся. Адамчык. Меркаванне камандзіра брыгады спраўдзілася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́рыць (безас.) ’марыць, зморваць (пра сон)’ (Ян., ТС), мары́цца ’таміцца, мучыцца, стамляцца, знясільвацца’ (ТСБМ, Нас.: паст., валож., КЭС, лаг., Сл. ПЗБ). Рус. ма́рить, мари́ть (безас.) ’моцна стамляць, расслабляць, хіліцца да сну’. Да ма́рыва (гл.).

Мары́ць1, моры́ць ’атручваць’, ’стамляць’, ’мардаваць, мучыць, даводзіць да знямогі’, ’набліжаць смерць’ (КЭС, лаг.; ТСБМ, Власт, Нас., Яруш., ТС). Да мор (гл.).

Мары́ць2 ’трымаць драўніну ў вадзе, у спецыяльным растворы для надання ёй цёмнага колеру’ (ТСБМ). Укр. мари́ти, рус. мори́ть, чэш. mořiti, славац. moriť. Роднаснае да ст.-грэч. μορύσσω ’пэцкаць, рабіць чорным’. Параўн. таксама мара́ць, мара́ты ’брудны’ (Махэк₂, 374).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жба ‘смутак, маркота’, ‘клопат’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Янк. БП): u dware służba ni wielika tużba (Арх. Федар.). Укр. тужба́ ‘журба, маркота’, рус. тужба́ ‘клопат’, польск. tużba ‘смутак’, в.-луж. tužba ‘сум, журба, маркота’, чэш. tužba ‘моцнае жаданне’, tužby ‘спадзяванне’, славац. túžbaсон, мара’, ‘цяга, імкненне да чаго-небудзь’, ‘смутак, туга’, харв. tùžba, чак. tužbȁ ‘скарга, нараканне’, серб. ту̀жба ‘скарга, іск’, балг. тъ́жба ‘скарга’, ‘сум, журба, гора’, макед. тужба ‘судовы іск’. Прасл. *tǫg‑ьba > *tǫžьba. Да туга́, тужыць1, 2 (гл.). Літ. tūžbà ‘злосць’ запазычана з беларускай, гл. Фрэнкель, 2, 1147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бяссо́нніца, ‑ы, ж.

1. Нездаровая адсутнасць сну. Клопікаў часцяком наведваўся ў бальніцу са сваімі раматусамі, бяссонніцамі і іншымі нуднымі старэчымі хваробамі. Лынькоў. // Адсутнасць магчымасці для сну; звязаная з рознымі знешнімі прычынамі. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Мележ.

2. Жан. да бяссоннік. — Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзёрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што і без дап.

Надаваць сілы, энергіі, бадзёрасці; ажыўляць. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Прыемна было адчуваць, як свежае, халаднаватае ад вільгаці паветра лілося за расшпілены каўнер касавароткі, астуджвала і бадзёрыла цела. Дуброўскі. // Натхняць. [Леся:] — Стаяць над табой неадступна, Бадзёрыць і клікаць да бою, Здабыць у баі перамогу, Ці пасці, дык побач з табой! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нечалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Не ўласцівы чалавеку. Схапіў [Стась] за рукі жанчыну і што было сілы пачаў выцягваць яе з палонкі. Ён спалохаўся яе вачэй, яе твару. Яны былі нейкія нечалавечыя, вырачаныя, налітыя крывёю, а твар перакошаны. Сабаленка. Цішыню ночы парушыў нечалавечы крык мацеры. Галавач.

2. Які перавышае чалавечыя магчымасці; празмерны. Нечалавечыя намаганні. □ Ноччу, перамагаючы нечалавечую стому і сон, Тышкевіч пайшоў да Самароса. Асіпенка.

3. Бесчалавечны. Нечалавечыя катаванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плю́шчыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

Закрываць, заплюшчваць (вочы). Бацька курыў, плюшчыў вочы ад сіняга дыму. Савіцкі. Як ні намагаўся хлапец заснуць, як ні плюшчыў вачэй, сон не прыходзіў. Пальчэўскі.

плю́шчыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

Спец. Удараючы або ціскаючы, рабіць што‑н. плоскім, пляскатым, тонкім. Што ні кажы, а вельмі цікава пазіраць, як дзядзька Архіп цяжкім молатам плюшчыць распаленае жалеза. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усыпі́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

1. Выклікаць сон, прымусіць заснуць. Усыпіць дзіця. // Прымусіць заснуць пры дапамозе снатворных сродкаў, гіпнозу. Усыпіць хворага перад аперацыяй.

2. перан. Аслабіць увагу каго‑н. да чаго‑н., прытупіць пільнасць. Каб усыпіць падазрэнні немцаў, Заслонаў павінен так дзейнічаць, каб самі па сабе ўзнікалі падазрэнні ў сваіх. «Полымя». Але і.. [Булай] быў не лыкам шыты, умеў усыпіць падазрэнні і сумненні. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хта, ‑ы, М ‑хце, ж.

1. Сістэма падземных збудаванняў, дзе здабываюцца падземныя выкапні, або месца правядзення якіх‑н. падземных работ. Шахта будаўніцтва метро. □ Сон маладзецкі шахцёрскі Там абрываюць гудкі. З горада Салігорска У шахты ідуць гарнякі. Звонак. // Горнапрамысловае прадпрыемства, якое вядзе падземную здабычу карысных выкапняў. На заводы, шахты, гуты Прыйшла фабрычная вясна. Таўбін.

2. Спец. Вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых канструкцыях. Ліфтавыя шахты. Вентыляцыйная шахта.

[Ням. Schacht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)