бо́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

1. Вялікая драўляная або жалезная цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі.

Дубовая б.

Саліць агуркі ў бочцы.

2. Старая руская мера вадкіх і сыпкіх цел, роўная сарака вёдрам (каля 490 літраў).

Б. жыта.

3. Фігура вышэйшага пілатажу: поўны абарот самалёта вакол яго падоўжнай восі.

Бяздонная бочка (разм.) —

1) пра тое, што патрабуе вялікіх затрат і не акупляе сябе;

2) пра таго, хто можа выпіць многа спіртнога і не ап’янець (неадабр.).

Бочка з порахам — неадступная пагроза, вялікая небяспека.

Нясе як з бочкі (разм., неадабр.) — моцна патыхае ад таго, хто выпіў спіртнога.

|| памянш. бо́чачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. бо́чкавы, -ая, -ае.

Бочкавае піва.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разбе́гчыся, -бягу́ся, -бяжы́шся, -бяжы́цца; -бяжы́мся, -бежыце́ся, -бягу́цца; -бе́гся, -бе́глася; -бяжы́ся; зак.

1.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра многіх: бягом накіравацца ў розныя бакі.

Дзеці з шумам разбегліся.

2. Прабегчы некаторую адлегласць, каб падрыхтавацца да скачка, пад’ёму і пад.

Разбегся і скочыў.

Перад скачком трэба добра р.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра думкі: страціць здольнасць сканцэнтравацца на чым-н.

Вочы разбегліся ў каго (разм.) — не ведае, што выбраць, на чым спыніцца.

|| незак. разбяга́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. разбе́г, -у, м. і разбе́жка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 2 знач.).

Разбег самалёта (даўжыня прабегу па зямлі да моманту ўзлёту). Разбежка перад скачком.

З разбегу

а) набраўшы скорасць, разбегшыся;

б) не змогшы спыніцца пасля бегу.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пралёт I (род. пралёту) м. (действие) пролёт;

п. самалёта — пролёт самолёта

пралёт II (род. пралёта) м., в разн. знач. пролёт; (ж.-д. — ещё) перего́н;

мост з шасцю́ ~тамі — мост с шестью́ пролётами;

п. памі́ж ста́нцыяміж.-д. пролёт ме́жду ста́нциями;

ле́свічны п. — ле́стничный пролёт

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пану́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад панаваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае ўладу, знаходзіцца на чале ўлады. Пануючыя класы.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пераважае; найбольш распаўсюджаны. З борта самалёта лёгка панесці на карту не толькі занятыя лесам плошчы, але і вызначыць пануючыя пароды, узрост і якасць лясоў, горы, балоты, высечкі... Гавеман.

4. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ўзвышаецца над чым‑н. Рота капітана Батурына заняла рубеж якраз насупраць пануючай вышыні. Сіняўскі.

5. Дзеепрысл. незак. ад панаваць (у 1, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руль, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і пад. у зададзеным кірунку. Руль камбайна. Руль трактара. □ Дзядзя шафёр трымаецца за руль і глядзіць толькі наперад, у акно. Брыль. Назар заняў сваё ранейшае месца за рулём і ўпэўнена павёў машыну ўзнімаць новыя скібы. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Пра органы кіравання, кіраўніцтва чаго‑н. Руль дзяржаўнага кіравання. □ О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам Дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, А мове, песням іх — узмах арліны крылаў. А. Александровіч.

•••

Лева руля гл. лева.

Права руля гл. права.

[Ад гал. roer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сігналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.

1. Падаць (падаваць) сігнал (у 1 знач.), паведаміць (паведамляць) сігналам што‑н., аб чым‑н. Сігналізаваць ракетай. Сігналізаваць аб набліжэнні самалёта. □ Аб гэтых перакатах [на дне Прыпяці] сігналізуюць бакеншчыкі ў тэхнічны ўчастак, а ўчастак, у сваю чаргу, паведамляе яму, Гарышнаму. Ракітны. Я падказваў, а Сяргей сігналізаваў пальцамі: множ першы дроб на дваццаць сем. Жычка.

2. перан. Папярэдзіць (папярэджваць), паведаміць (паведамляць) пра што‑н. непажаданае. Пачалі зніжацца надоі — і даярка.. Соф’я Заяц сігналізуе аб гэтым. «Звязда». Мала сігналізаваць аб тым ці іншым праліку, важна прыняць рэальныя меры, каб пралікі ліквідаваць. «Помнікі».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

путево́й

1. даро́жны; (о расходах, заметках и т. п.) падаро́жны;

путевы́е запи́ски даро́жныя запі́скі (ната́ткі);

путевы́е расхо́ды даро́жныя (падаро́жныя) выда́ткі;

путева́я ско́рость самолёта ав. даро́жная (ху́ткасць) ско́расць самалёта;

2. (о железнодорожном пути) пуцявы́; (железнодорожный) чыгу́начны;

путево́й обхо́дчик пуцявы́ абхо́дчык;

путево́й сто́рож чыгу́начны (пуцявы́) вартаўні́к.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бамбардзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Абстрэльваць з артылерыйскіх гармат або скідваць з самалёта бомбы на каго‑, што‑н. Немцы бамбардзіравалі з паветра ўвесь гэты куток на ўсю яго разлегласць. Чорны. // Удараць аб паверхню чаго‑н. (пра часцінкі разнастайных рэчываў). З абабітай бляшанымі лістамі камеры, дзе адліўкі ачышчаліся шротам, які бамбардзіраваў іх, паволі выпаўзалі дэталі, падвешаныя на круках. Карпаў. Малыя часцінкі, зараджаныя за доўгі час вандравання ў космасе вялікай энергіяй, бамбардзіравалі корпус карабля, разбіваючыся аб яго і пакідаючы свае сляды. Шыцік.

2. перан. Разм. Тое, што і бамбіць (у 2 знач.). Два гады .. [Насця] бамбардзіравала здзіўленага Васіля супярэчлівымі лістамі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палёту (самалёта, дырыжабля і пад.). Лётнае поле. □ Сафонаў збівае некалькі гітлераўскіх самалётаў, хаця яго самалёт па сваіх лётных якасцях горшы за дасканалыя нямецкія апараты. Кучар. // Спрыяльны для палёту, лятання. Лётны дзень. Лётнае надвор’е. // Прызначаны для лётчыка, палёту (на самалёце, дырыжаблі і пад.). Лётны касцюм. □ Макараў расшпіліў сінюю лётную куртку, адлажыў каўнер і, скінуўшы шапку-вушанку, сеў за стол. Алешка.

2. Звязаны з прафесіяй лётчыка; авіяцыйны. Лётная справа. Лётная школа. □ З лёгкай часці.. паступіла трывожная тэлефонаграма: на аэрадроме робіцца нешта незвычайнае. Лынькоў.

3. Які ўмее лятаць (пра птушак, насякомых). Лётныя гусі.

•••

Лётная дарожка гл. дарожка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. над чым і без дап. Рабіць што‑н. складанае, незвычайнае; прыдумваць што‑н. Два гады Анатоль мудраваў над разцамі, заходзіў у тупік і зноў, як апантаны, браўся за новае. Асіпенка. Трое хлапчукоў-падлеткаў мудравалі над вялікай і прыгожай мадэллю самалёта. Ракітны.

2. Залішне ўскладняць якую‑н. справу. Ганька за сталом доўга не мудруе. Раз-раз алюмініевай лыжкай .. — і неўзабаве па ўсёй поліўцы. А затым і па кашы! Васілевіч. // Хітрыць. — Мудруеш, ты Язэп, — гаворыць нарэшце [Максімка]. Не, не мудруе Язэп.. Не жыў бы ён у тым доміку фінскім. Не прывык бы. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)