прыблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Прыблудзіцца, прыблукаць куды‑н. Дзяўчына, відаць, трымала дзверы на засаўцы, баялася, каб не прыблытаўся салдат які ці афіцэр п’яны. Лобан.

2. Прыстаць да каго‑, чаго‑н.; прыняць удзел у чым‑н. [Наўмыснік:] — Цяпер і рад, што сюды прыблытаўся: тут жа такая работа вялікая пачынаецца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гайдама́к, ‑а, м.

1. Удзельнік народна-вызваленчай барацьбы на Правабярэжнай Украіне і поўдні Беларусі супраць польска-шляхецкага прыгнёту ў 18 ст.

2. Салдат асобых конных часцей контррэвалюцыйнай Цэнтральнай украінскай рады, а таксама розных контррэвалюцыйных атрадаў Пятлюры і Скарападскага ў перыяд грамадзянскай вайны 1918–20 гг. І вось разбіты гайдамакі, Пятлюра ледзь уцёк. Броўка.

[Тур. haydamak.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм. Падсцерагчы, высачыць каго‑, што‑н. [Балук:] — І Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу. Колас. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́гер, ‑а, м.

1. Паляўнічы-прафесіянал, які вядзе нагляд за дзікімі жывёламі, арганізуе паляванне, абучае паляўнічых сабак і інш. // Работнік лясной аховы ў запаведніках. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.

2. Салдат асобых стралковых палкоў у некаторых арміях 17 — сярэдзіны 19 стст.

[Ням. Jäger — паляўнічы, стралок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́кладка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак, ж.

1. Тое, што павінен мець пры сабе салдат у паходзе. Баявая выкладка.

2. звычайна мн. (вы́кладкі, ‑дак). Разлікі, вылічэнні; аргументы, доказы. Матэматычныя выкладкі. □ Прайшло яшчэ колькі часу, і гэты метад быў усебакова абгрунтаваны, падмацаваны тэхнічнымі выкладкамі, правераны практыкай. Васілёнак.

3. Дзеянне паводле дзеясл. выкласці (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бараба́ншчык, ‑а, м.

1. Салдат або піянер, які адбівае такт на барабане пры маршыроўцы; музыкант аркестра, які іграе на барабане.

2. Працаўнік, які падае снапы ў барабан малатарні. Маша.. падавала цяжкія снапы барабаншчыку: ёй хацелася ператрымаць іх усе ў сваіх руках. Шамякін.

•••

Адстаўной казы барабаншчык (іран.) — чалавек, які не заслугоўвае ніякай увагі, з якім ніхто не лічыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мы́ліца, ‑ы, ж.

Палка з папярочынамі ўверсе і ў сярэдняй частцы, на якую апіраецца рукою бязногі або з хворай нагою чалавек. Стаяла двое калек-салдат — адзін на двух мыліцах, другі — на драўлянай назе. Гартны. Малады яшчэ хлопец у армейскай форме, у фуражцы з зоркай, з-пад якой бялеў кучаравы чуб, крочыў на мыліцах, асцярожна перастаўляючы правую нагу. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раво́к, раўка, м.

1. Памянш. да роў; невялікі роў.

2. Паглыбленне, выкапанае ў зямлі і прызначанае для ўкрыцця салдат, гармат і пад. Клямт яшчэ спаў у раўку, як прасвіс[та]ла некалькі снарадаў і грымнула непадалёк. Мележ.

3. Падоўжанае паглыбленне ў чым‑н. Калі нізенькі дзядок дабіраўся шчоткай да яго шаўкавістага з раўком пасярэдзіне крыжа, Віхор [конь] прыгінаўся. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цір 1, ‑а, м.

Закрытае ці паўзакрытае памяшканне для вучэбнай і трэніровачнай стральбы з ручной агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі. Вася колькі разоў страляў да гэтага з дробнакалібернай у ціры. Пальчэўскі. Страляць навучаецца ў ціры Суворавец, юны салдат. Аўрамчык.

[Фр. tir.]

цір 2, ‑у, м.

Спец. Састаў з смалы, каніфолі і інш., якім змазваюць стаячы такелаж і рангоўт на караблях.

[Гал. teer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)