прыцэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Падрыхтавацца да стральбы, навёўшы зброю на цэль. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. Рагозін ускочыў у акоп, схапіў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Гурскі. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Аніся ўжо выліла ўсю ваду з лейкі, а Шаевіч ніяк не мог прыцэліцца і сфатаграфаваць яе. Сабаленка.

2. перан. Разм. Намерыцца зрабіць што‑н.; абраць аб’ект дзеяння, уздзеяння. [Цярэшка:] — Скажам, табе захочацца ўхапіць лепшую валоку панскай зямлі, і я на яе прыцэліўся, от і счэпімся загрудкі — каламі не разбароніш. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.

2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскруціўшыся, аддзяліцца. Вось адзін сноп .. стаў разлазіцца, аб’язджаць, пэўна перавясла было нямецкае ці адкруцілася. Мележ. // Адшрубавацца. Шруба адкруцілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павярнуўшыся, адкрыцца. Кран адкруціўся.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зламацца, адарвацца ад пакручвання ў розныя бакі; перакруціцца. Спелая макаўка лёгка адкруцілася.

4. Кончыць круціцца, адкружыцца. Адкруціліся пары ў вальсе.

5. Разм. Ухіліцца, вызваліцца ад чаго‑н. з дапамогай выдумак, хітрыкаў; пазбегнуць чаго‑н. Пасля таго, як.. [факір] зразумеў, што адкруціцца ніяк не выпадзе, ён шмат што нам расказаў. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напі́цца, ‑п’юся, ‑п’ешся, ‑п’ецца; ‑п’ёмся, ‑п’яцеся; пр. напіўся, ‑пілася, ‑пілося; заг. напіся; зак.

1. чаго і без дап. Выпіць чаго‑н., каб наталіць смагу; папіць. Напіцца чаю. □ Падмацаваўшыся, Сцёпка напіўся ў рэчцы вады. Колас. — Добра, — сказала жанчына, выслухаўшы Любу. — Дай мне напіцца. Чорны.

2. Дайсці да стану ап’янення. Ніяк не мог [Нічыпар] успомніць, з якой прычыны ўчора напіўся. Асіпенка.

3. перан.; чаго і без дап. Насыціцца, прасякнуцца чым‑н. Нават паветра змянілася ў сяле: напілося густога смалістага паху. Васілевіч.

•••

Напіцца (насмактацца) крыві чыёй — памучыць каго‑н., паздзекавацца з каго‑н.

Хоць вады напіся — пра вельмі прыгожы твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падла́дзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; заг. падладзься; зак.

1. Трапіць у тон (пры ігры на музычным інструменце або спяванні). Падладзіцца пад акампанемент гітары. // Выдаць гукі, падобныя да спеву птушак, галасоў звяроў і пад. Дзед добра перадае страшны голас мядзведзя або ваўка, а вось падладзіцца пад лісу ці пеўніка яму не ўдаецца. Рылько.

2. Прыстасавацца, прыладзіцца да руху, дзеяння каго‑, чаго‑н. Бяссонная ноч абрабавала сілы. Не хапала спрыту падладзіцца пад дружныя ўзмахі касцоў. Асіпенка. Крок.. [Лены] быў такі павольны, што я не мог ніяк падладзіцца пад яго з маім цяжкім салдацкім крокам. Кірэенка. // перан. Жадаючы дагадзіць, прыстасавацца да чыіх‑н. патрабаванняў, поглядаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм.

1. Прымацаваць да чаго‑н., злучыць з чым‑н. [Джвучка] прымайстраваў сам у кузні да перадка бочку і праклаў ад кароўніка ля плота дарогу да моста. Пташнікаў. Нешта, відаць, перашкодзіла Даміру прымайстраваць партрэт да сцяны! Асіпенка.

2. Размясціць, палажыць, паставіць дзе‑н. Я на выпадак бою ямчэй прымайстраваў за плячамі рацыю. Няхай. Звязаўшы ўсё гэта [адзежу], прымайстраваў за плечы і асцярожна ўвайшоў у ваду. Скрыпка.

3. Прыладзіць, прыстасаваць якім‑н. чынам. Мне здаецца, калі б прымайстраваць нашы калёсы на гэткія гладкія рэйкі, яны б каціліся. Баранавых. [Сабяга] ніяк не мог прымайстраваць, каб толькі да сябе.. [дзверы] адчыняць. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́снік, ‑а, м.

1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. — А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.

2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Чухаць, скрэбці сваё цела ці якую‑н. частку яго. Седзячы на ложку, [Маня] доўга сапла, пазяхала ўголас, чухалася, — ніяк не магла прачнуцца. Мележ. Дзядзька Мікалай зноў пачынае драмаць, але хутка ўсхопліваецца — не даюць спакою паразіты, чухаецца, і зноў нікне галавою. Ставер. // перан. Разм. Быць вымушаным ліквідоўваць вынікі якой‑н. дзейнасці. [Аляксандр Дзям’янавіч:] — Работкі лётчыкам хапіла. Фашысты і цяпер яшчэ чухаюцца, мост усё ладзяць. Лынькоў.

2. перан. Разм. Марудна, няўмела, без жадання што‑н. рабіць. [Бог:] — Ды нячыстай рознай твары Па адной вазьмі ты пары, А ўсіх чыстых па сем пар. Ну, не чухайся, а жар! Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шано́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дастойны павагі, паважаны. — Вы не знойдзеце нідзе Працы больш шаноўнае. Дзе ні вуліца, ні пляц, Як паглядзіш — мой палац. Астрэйка. // Які выклікае павагу. Шаноўныя гады. □ Народ наш старасць паважае. Заўжды схіляецца перад сівой Шаноўнай галавой. Корбан.

2. (звычайна ў звароце). Вельмі паважаны. Вы памыліліся, шаноўны грамадзянін, Вы па старому адрасу, а там мяне няма. А. Александровіч. / у іран. ужыв. [Вольга:] — Дарэчы, я ніяк не вызначу, якой масці наш шаноўны кватарант? Новікаў. / у знач. наз. шано́ўны, ‑ага, м.; шано́ўная, ‑ай, ж. Крык разбудзіў нечакана: — Гэй, уставайце, шаноўныя! Куляшоў. — Дык вось, шаноўны, — зноў пачаў Шарон (Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён). Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Развязаўшыся, аддзяліцца (аб вяроўцы, канаце і пад.). // Вызваліцца ад прывязі, стаць непрывязаным. Конь адвязаўся. □ Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў, без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.

2. перан. Разм. Пазбавіцца ад каго‑н. дакучлівага, назойлівага або непрыемнага, нежаданага. Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні. Гартны. Небяспечны чалавек, — падумаў пан. — ..Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д’ябла ў чорнай сутане. Бядуля.

3. перан. Разм. Перастаць дакучаць каму‑н. Адвяжыся, аса-назола! — жартаўліва замахваўся на бабку дзед. Даніленка. [Лаяна:] — Скажу вам яшчэ болей, каб вы ўрэшце адвязаліся ад мяне і не ліплі, як назойлівыя мухі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)