недавя́рак, ‑рка, м.

Разм.

1. Бязлітасны, жорсткі чалавек; ліхадзей. [Ласянё] яшчэ з тыдзень хадзіла. А потым і яго не стала. Таксама забілі, недавяркі. Ермаловіч.

2. Чалавек, які не верыць у бога; бязбожнік.

3. Тое, што і недаверак. Алік падсунуўся бліжэй да Лёнькі і папрасіў: — Раскажы гэтаму недавярку, як твой бацька позняй восенню пераплыў Дняпро са зброяй, з радыёстанцыяй. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратапта́цца, ‑тапчуся, ‑топчашся, ‑топчацца; зак.

1. Утварыцца ад частай хадзьбы (пра дарожку, сцежку і пад.).

2. Працерціся, пранасіцца ад хадзьбы. Галошы пратапталіся. □ Васілінцы маці накрухмаліла белую спаднічку з марлі, акуратненька зацыравала белыя шкарпэткі, што пратапталіся на вялікіх пальцах. Ус.

3. Таптацца некаторы час. [Цётка Палагея] можа і да самага вечара пратаптацца на шашы, пакуль на якую грузавую машыну сядзе. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піся́г, ‑а, м. і піся́га, ‑і, ДМ ‑сязе, ж.

Тое, што і пісага. Белы пісяг ад колішняй раны цераз усю шчаку Крыварота здаўся Антону зусім звычайным. Ермаловіч. Спіна ў Івана паліла агнём, на кашулі цямнеўся руды пісяг, але Іван быў рады сваёй перамозе. Кудравец. Толькі на шчацэ гарэла пісяга, нібыта Раман прыйшоў у хату з марозу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каржакава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Нізкі, з тоўстым сукаватым ствалом (пра дрэва). Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Колас.

2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каранасты (пра чалавека, яго постаць). [Міхей] быў малы супроць сваёй жонкі, але каржакаваты, з сілай у кожным вузле цела — галава ў лобе шырокая, у плячах ёмкі, хаця плечукі прыўзнятыя. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць люднага; мнагалюднасць. Пасля мазырскага бруку, жывой люднасці на вуліцах, прыпяцкага вясёлага прастору — як бы .. дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Мележ.

2. Колькасць людзей (насельніцтва, прысутных і пад.). Нарада па сваёй люднасці атрымалася значна большая, чым думалі. Ермаловіч.

3. Разм. Жыхары, насельніцтва; людзі. Зірнуў .. [Даніла] — люднасці багата, Ну, нібы ў бочцы селядцоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўгаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Здольны жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў. Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Чорны. Лявон перабраў у памяці род дзядзькоў, гэта значыць бацькавых братоў. Даўгавечны род. Гадоў па восемдзесят пяць, па дзевяноста, а ўсе жывуць. Ермаловіч. // Разлічаны на доўгі час; трывалы. Змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Колас. Беларускія аўтамашыны.. будуць самымі надзейнымі і даўгавечнымі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяры́на 1, ‑ы, ж.

Вялікая насыпка, напоўненая пер’ем, на якой спяць або якой накрываюцца. Спаць на пярыне. Накрыцца пярынай. Перасыпаць пярыну. □ Аўгінка ўзбівае пярыны на двух высокіх кляновых ложках. Асіпенка.

пяры́на 2, ‑ы, ж.

Адно птушынае пяро. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас. Іншаму цяжэй пярыну падняць, чым .. [Пракопу] любое палена ці мяшок. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Зняць з сябе верхняе адзенне. Бацька распрануўся, зняў гімнасцёрку, пагаліў бараду. Мележ. Усе распрануліся, чаго не бывала раней на вячорках, і селі за стол для зусім небывалай работы. Брыль.

2. перан. Зняць, скінуць з сябе покрыва (лісце, траву). Кусты арэшніку нібы наўмысля .. распрануліся і стаялі голыя, загарэлыя за лета. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

торк, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торкаць і торкацца. [Галя:] — Я кажу: «Дзед, канцылярыя не налічае». Дык ён кукіш мне пад нос торк. «Во і табе і тваёй канцылярыі». Во стары цяльпух, а? Ермаловіч. [Курнеў:] Другі стаіць ля станка і ні бэ ні мэ, торк сюды, порк туды, а станок — ні з месца. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкі́рка, ‑і, ж.

У выразе: за шкірку — а) за частку адзення, якая прылягае да шыі; за каўнер. [Сак:] — Што зраблю?.. Па шыі, во што зраблю. Або за шкірку і вон з хаты. Не падужаю, думаеш? Ермаловіч; б) за заднюю частку шыі, за загрывак. Напуджаныя авечкі адна за адной, — быццам іх за шкірку хто выкідае з хлеўчука, — на двор павыскоквалі. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)