дублі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць у другі раз; паўтараць. Дубліраваць паведамленне. // Паралельна з кім‑, чым‑н. выконваць аднолькавую работу, функцыі. Дубліраваць работу іншай установы.

2. Замяняць асноўнага выканаўцу якой‑н. ролі ў спектаклі, кіно. Дубліраваць вядучага артыста.

3. Замяняць моўную частку гукавога фільма перакладам на іншую мову. Дубліраваць кінафільм.

[Ад фр. doubler.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Выконваць абавязкі слугі, служанкі. Прыслужвае маўклівая, з маршчыністым тварам кабеціна. Навуменка. — Прыслужвала за сталом твая прабабка. Бегала ад печы да поку[ці], насіла смажаныя качкі, падавала ручнікі. Асіпенка.

2. Разм. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н. Прыслужваць даме. □ Мальвіна прыслужвала Ціхану ўвесь вечар, клала кампрэсы, прыносіла есці, раскурвала яму папяросу. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дурны́, -а́я, -о́е.

1. 3 абмежаванымі разумовымі здольнасцямі; бесталковы.

За дурной галавой нагам неспакой (з нар.).

2. Які не выяўляе розуму, пазбаўлены разумнай разважлівасці.

Задаць дурное пытанне.

Дурныя паводзіны.

3. у знач. наз. дурны́, -о́га, м., дурна́я, -о́й, ж., мн. -ы́я, -ы́х. Тое, што і дурань (у 1 знач.).

Дурному закон не пісан (прыказка).

Дурны як бот; дурны як пень (разм., груб.) — пра разумова адсталага чалавека.

Няма дурных! — выказванне нязгоды з кім-н., адмаўленне выконваць што-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

запява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Пачынаць песню, выконваць запеў (у 1 знач.). На другой ці трэцяй рэпетыцыі, калі Наташа больш-менш асвоілася ў хоры, Ала Міхайлаўна даручыла і ёй запяваць нейкую песню. Краўчанка.

2. Пачынаць спяваць. Пачынае запяваць сваю спрадвечную песню .. зязюля. Лынькоў.

запява́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да запець ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напе́рснік 1, ‑а, м.

Уст.

1. Блізкая давераная асоба або таварыш, якому давяраюць свае тайны. Наперснік паэта.

2. Традыцыйны персанаж у класічных трагедыях 17–18 ст. ст. — друг галоўнага героя. Выконваць ролі наперснікаў.

напе́рснік 2, ‑а, м.

Спец. Частка вупражы верхавога каня, якая складаецца з перакрыжаваных на грудзях рамянёў, з якіх адзін ідзе ўніз паміж пярэднімі нагамі да папругі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фланкі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што і без дап.

1. Весці агонь уздоўж лініі фронту ў фланг баявых парадкаў ворага. // Прыкрываць з флангаў. Фланкіраваць бераг.

2. Быць, размяшчацца па баках чаго‑н. Стройныя ажурныя вежы [касцёла] фланкіруюць .. фасад і далёка відны на фоне нізкай забудовы Замосця. «Помнікі».

3. Уст. Выконваць баявыя прыёмы пікай, седзячы на кані.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халту́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. зневаж.

1. Займацца якой‑н. работай звыш асноўнай для пабочнага, звычайна лёгкага заробку. [Жыжка:] — За эканомію гарою стаяць шафёры. Напрыпісваюць кіламетраў, а тады халтураць. Мыслівец.

2. Нядобрасумленна працаваць, неахайна выконваць якую‑н. работу. [Шугаеў:] Завод толькі яшчэ ўступіў у строй, дзе ж тут даб’ешся, каб усё было на выдатна. [Страмілін:] Дык ты прапануеш халтурыць? Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Легава́цца ’качацца’ (зэльв., Сцяшк. Сл.), укр. ляговитися ’лажыцца’, ст.-рус. наўг. лѣгивати — мнагакратны дзеяслоў да лѣгативыконваць палавы акт’, польск. legiwać, паўд. legować ’часта ляжаць, лажыцца’, н.-луж. zlagowaś, в.-луж. zlehować ’класці, накладваць’, чэш. polehovati ’класціся, прылягаць’. Паўн.-прасл. leg‑ovati sę ’лажыцца (неаднаразова)’ — ітэратыўны адыменны дзеяслоў, утвораны пры дапамозе суф. ‑ovali ад асновы leg‑/log‑/lag‑. Семантыка бел. лексемы развілася ад ’(неаднаразова) лажыцца’ праз ’вылёжвацца’ да ’качацца’. Да легчы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

служы́ць, служу, служыш, служыць; незак.

1. Працаваць па найму ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго‑, чаго‑н. А Андрэй Стронін думаў: — Што ў жыцці радаснага? Вось скончу я універсітэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамі, ноччу спаць, але што з гэтага? Чорны. На большае маці не магла разлічваць, бо яна служыла ў адным з універсальных магазінаў і зарабляла не так ужо багата. Лынькоў.

2. Выконваць воінскія абавязкі, быць ваенным. — Вы дзе служылі? — спытаў .. [Лугавец] Міколу. — У трэцяй арміі, у дывізіі генерала Панова. Краўчанка. — Муж, — ахвотна адказала Вера. — Тады ён у кавалерыі служыў. Кулакоўскі.

3. Выконваць абавязкі слугі, прыслугі. Якаў стаў у дзядзькі жыць, Дзядзьку парабкам служыць. Крапіва. У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак. Брыль.

4. каму. Выконваць якія‑н. абавязкі ў адносінах да каго‑н., выконваць чыю‑н. волю, падпарадкоўваючыся каму‑н. І ёсць напэўна і шпікі, Што служаць пану паслухмяна. Колас. // Рабіць якія‑н. паслугі каму‑н. [Чарнавус:] Чым магу служыць? Крапіва.

5. каму-чаму. Працаваць у імя каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Служыць навуцы. □ [Алесь:] — Паклянёмся служыць народу, змагацца за яго лепшую долю. С. Александровіч. Хвядос Шынклер да апошняга дыхання служыў сваёй айчыне. Арабей. // Быць карысным каму‑, чаму‑н. І служаць людзям рэкі-сёстры — Амудар’я і Сырдар’я. Агняцвет. [Сіўцоў:] — Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за пераўтварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка.

6. каму і без дап. Выконваць сваё прызначэнне, сваю ролю. Пісалася мала, не служыла галава, дый рукі адмаўляліся. Лужанін. Штаны-ватнікі зіму служылі, яшчэ зіму паслужаць, вата ані нідзе не параз’язджалася і ў кучу не пазбівалася. Ермаловіч. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. // чым, для чаго. Прызначацца, выкарыстоўвацца для чаго‑н. Застаўшыся адзін, Андрэй сеў на парожнюю скрынку, якая служыла яму зэдлікам. Скрыпка. Па сутнасці хата служыла.. [Калядку] толькі месцам адпачынку. Чарнышэвіч. Адушаўлёныя назоўнікі, якія служаць для абазначэння асоб, называюцца асабовымі. Граматыка.

7. чым. Быць, з’яўляцца чым‑н. Служыць прыкладам. □ Выглядам сваім і адзежай.. [хлапчукі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. Я агледзеўся, але ніякіх прыкмет, якія маглі б служыць арыенцірам, не знайшоў. В. Вольскі.

8. што і без дап. Выконваць, праводзіць набажэнства. Разы два-тры ў год аднекуль з-за Лашыч прыязджаў сюды старэнькі, увесь прапахлы ладанам і цвіллю поп і служыў перад бабулькамі абедню. Хадкевіч. [Маці] абазвалася: — Мусіць, біскуп.. служыў. Чорны.

9. Стаяць на задніх лапах, падняўшы пярэднія (пра сабак).

10. Размяшчацца пэўным чынам, быць у нейкім становішчы. Шапка ў.. [чалавека] служыла казырком набок. Чорны.

•••

Служыць верай і праўдай — служыць вельмі добра, аддана.

Служыць двум багам — паводзіць сябе як двурушнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вызво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Выконваць звонам што‑н.; званіць. Званы ў гарадку кожны дзень вызвоньвалі сваё. Чорны. На Спаскай вежы куранты вызвоньваюць поўнач. Брыль. // Адзывацца звонам, звінець. Прыемна было слухаць, як вызвоньваюць малаткі, бачыць, як паддаецца чалавеку жалеза. Даніленка. Пад вузкімі кладкамі вызвоньвала вада. Савіцкі.

2. Спяваць, звінець (пра птушак, насякомых і пад.). Высока ў небе вызвоньвалі свае песні жаваранкі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)