спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа служыць прыкладам для іншых; дасканалы, паказальны. Узорны парадак. Узорная школа. □ — Дзякуй, дачка, за ўзорную службу, — па-бацькоўску павіншаваў .. [Кацю] генерал. Алешка. Куды ні зірні: на кухню, дзе рыхтуецца корм жывёле, у кароўнік, у цялятнік — усюды ўзорная чыстата і парадак. «Беларусь».

2. Разм. Тое, што і узорысты. Жалеза з узорным ліццём Абнесла тут ліпы і клёны. Калачынскі. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умудры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Ухітрыцца зрабіць, ажыццявіць што‑н., выйсці з цяжкага становішча. Бацька мой, Карн Яўстратавіч, неяк умудрыўся навучыцца чытаць, трошкі пісаць і слыў на вёсцы за грамацея. Сабаленка. Ходзячы ў дзесяты клас, Пятрок умудрыўся адначасова скончыць курсы трактарыстаў. Хадановіч. // Разм. іран. Зрабіць што‑н. непажаданае, тое, чаго лёгка можна было б пазбегнуць. — Як вы ўмудрыліся ўвесці машыну ў штопар? — задумліва, нібы сам з сабою разважаючы, запытаўся [у Макарава] Дым. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Бязладна пераплецены, заблытаны. Блытаныя сляды. □ Ніжэй павуцінне плыве доўгімі блытанымі ніткамі. Алешка. Яшчэ на сцежках блытаных Стаяць іх [партызанаў] буданы. Хведаровіч. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра крокі, хаду). Блытаныя крокі.

2. У якім цяжка разабрацца, няясны, недакладны, супярэчлівы. Блытаная справа. Блытаныя паказанні. □ Прамова Лабановіча была наўперад крыху блытаная, словы неяк не слухалі яго, і язык варочаўся не так, як належыць. Колас. Хлопцы недаўменна слухалі блытанае Казікава апавяданне і не зусім разумелі яго. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзевя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Лічба 9. Напісаць прыгожа дзевятку. // Разм. Назва розных прадметаў (круга ў мішэні, тралейбуса маршруту № 9 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 9. Трапіць у дзевятку. Прыехаць дзевяткай.

2. Разм. Група з дзевяці чалавек або з дзевяці аднародных прадметаў. Строем, важка, як на парадзе, дзевяткамі плылі самалёты. Алешка.

3. Ігральная карта з дзевяццю ачкамі. — Добрыя карты! — шапнуў Зязюльскі, глянуўшы на званковую дзевятку і на храстовага караля. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зго́дна, прысл. і прыназ.

1. Прысл. да згодны (у 3–6 знач.).

2. прысл. У знак згоды; сцвярджальна. Капітан усміхнуўся і згодна кіўнуў галавой. Алешка.

3. прыназ. з Д. У адпаведнасці з чым‑н. Згодна загаду. Згодна абавязку. Згодна ўказу. □ [Андрэй] намагаецца ўспомніць, якія словы павінен сказаць далей згодна плану, што распрацоўваўся шэсць гадоў. Мехаў.

4. прыназ. з Т. Тое, што і згодна (у 3 знач.). [Вушман:] Генерал Готберг з’явіўся згодна з вашым загадам. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́ма, прысл.

1. Дзіка, роспачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.). — Давай грошы! Аддай мае грошы! — нема крычаў Яўхім. Колас. [Дзядзька Вінцук:] — Хворыя паўскоквалі з ложкаў і нема крычалі. Машара. Пакараў даў газ, прытрымаў тармазы, і рухавік нема завыў, а потым з неймавернай сілай ірванулася пад самалёт роўным шэрым палатном узлётная паласа. Алешка.

2. Моўчкі, без слоў. Людзі стаялі і нема дзівіліся на цяжкую салдацкую працу. Лынькоў. [Цётка Марыля] не галасіла, як старая маці, а енчыла нема, без слоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пааба́пал, прыназ. і прысл.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паабапал» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне па абодва бакі чаго‑н. На гарызонце ў ружовым мроіве паказалася вёска, а паабапал яе серабрыліся сінія лясы. Алешка. Тут, паабапал шляху з прысадамі старых ясакараў і ліп, да вайны размяшчаліся ўсе грамадскія будоўлі: сельсавет, бальніца, школа, клуб, сельмаг. Шамякін.

2. прысл. Па абодва бакі. [Мужчыны] увайшлі ў калідор, у якім паабапал было многа дзвярэй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Тое, што і падраўнаваць. — Прасячэ Тарэнта ў стопцы акно, падраўняе падлогу, глінай яе пазамазвае і будзе жыць. Галавач.

2. Размясціць у рад па прамой лініі. Ужо роту падраўняў старшына.., далажыў капітану Ігнатаву. Алешка.

3. перан. Зрабіць аднолькавым, аднастайным у якіх‑н. адносінах. Увайшоў Сяргей.. — Ого! Зусім не пазнаць, — заўважыў Максім.. — Толькі трэба схадзіць у цырульню, — параіла Вера. — Трохі падраўняць валасы. Шавялюры не шкадуй, хутка адрасце. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыса́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Невысокага росту, але шыракаплечы, моцнага складу. На вуліцу выйшаў Рыгор. Прысадзістая ў змроку постаць яго шырылася ва ўсе бакі. Чорны. [Харчаў] быў шырокі ў плячах, .. прысадзісты, падобны на каржакаваты палескі дуб. Мележ.

2. Нізкі, але шырокі, тоўсты. Там над абрывістым берагам Нёмана стаяў стары, прысадзісты, т[о]ўсты дуб. Колас. Лушчыцкі нічога не сказаў і выйшаў. Прынёс з кухні два кілішкі і прысадзістую зялёную бутэльку, потым талеркі з салам, хлебам і відэльцы. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)