бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.

Разм.

1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.

2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.

•••

Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. З бурамі; навальнічны. Расшумеліся цымбалы, Быццам Нарач бурным днём. Танк. З поўначы — холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць. Колас.

2. Які бушуе, бурліць. [Сярго:] На Каўказе ў нас, Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць, Укрытыя пушыстай белай пенай, Аж рэха скрозь ідзе... Глебка. // Багаты падзеямі, неспакойны, хвалюючы. Пачалося ўсё ў той бурны трыццаты год, калі ў Навасёлках загаварылі аб калгасе. Шчарбатаў. // Які вельмі моцна праяўляецца, палкі, гарачы. Тапурыя чамусьці не падзяляў бурнай радасці Іліко. Самуйлёнак. Бурная была тая размова бацькі з сынам. Жычка.

3. Які імкліва праходзіць або развіваецца. Бурныя тэмпы развіцця прамысловасць □ Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капы́л, а, м.

1. Кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак. Каб абутак шыць па мерцы: не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч. Я па-суседску часта забягаў паглядзець, як Пятро сукаў дратву, як ён нацягваў на капыл выцяжкі. Сабаленка.

2. Адзін з драўляных брускоў, якія ўстаўляюцца ў палазы і служаць апорай для кузава саней. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас. [У зямлянцы Сымона] ішлі самыя гарачыя дыскусіі..: з якога дрэва лепш зрабіць капыл, які полаз трывалейшы. Лынькоў.

•••

Гнуць на свой капыл гл. гнуць.

І з капылоў далоў гл. далоў.

На чый капыл — чыім‑н. спосабам, на чый‑н. манер (рабіць, раўняцца і пад.).

Усё (усе) на адзін капыл — аднолькава, аднолькавымі (парабіць, зрабіць, атрымацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́сла, а, н.

1. Харчовы тлушч, які атрымліваюць збіваннем смятанкі або смятаны. Топленае масла. □ Гасцей частуе гаспадыня І на ўсіх чыста вокам кіне, То сыр, то масла ім падносіць. Колас. — Дайце, я буду масла біць, — кажу я бабе Іванісе і забіраю ў яе бойку. Васілевіч.

2. Тлустае рэчыва, якое здабываюць з мінеральных рэчываў. Змазачнае масла. Парафінавае масла.

•••

Купарваснае масла — устарэлая назва канцэнтраванай сернай кіслаты.

Качацца як сыр у масле гл. качацца.

Кукіш з маслам гл. кукіш.

Масла масленае — пра таўталогію, паўтарэнні ў азначэнні чаго‑н.; адно і тое, тое самае.

Падліць масла ў агонь гл. падліць.

Як маслам па сэрцы — вельмі прыемна.

Як па масле — лёгка, добра, без ніякіх цяжкасцей (ідзе, атрымліваецца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло, а, н.

1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.

2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.

•••

На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знайсці (у 1 знач.). Знаходка абоймы выклікала ў хлопца паток самых неверагодных, фантастычных думак. Гамолка.

2. Р мн. ‑дак. Знойдзеная рэч, прадмет і пад. Летась, купаючыся, напаткаў .. [Андрэй] выпадкам гэты дуб у пяску на дне Нёмана. Пачаў тупаць каля яго, зацікавіўся знаходкаю. Колас. // перан. Што‑н. новае, створанае, знойдзенае ў працэсе творчага пошуку. Паэтычныя знаходкі. □ У рэпартажы ёсць цікавыя моўныя знаходкі. «ЛіМ».

3. Пра каго‑, што‑н. удала знойдзенае, набытае і вельмі патрэбнае для каго‑, чаго‑н. — Тут кожны чалавек дораг, а ты, таварыш Кручын, для нас — проста знаходка. Хадкевіч. Муляр 7‑га разраду — знаходка для кожнай будоўлі. Дадзіёмаў.

•••

Стол знаходак гл. стол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыві́ць, жыўлю́, жы́віш, жы́віць; незак., каго-што.

1. Забяспечваць чым‑н. неабходным для нармальнай дзейнасці, развіцця. Жывілі падкормкай усходы, палолі палеткі не раз. Машара. // Быць для чаго‑н. крыніцай нармальнай дзейнасці, развіцця. Снег даўно сышоў, цёплыя дні жывілі зямлю. Чорны. // перан. Быць апорай, асновай для чаго‑н.; падтрымліваць што‑н. Жывіць душу зноў надзея, Сэрца цешаць песні рання... Колас. Рэвалюцыйны энтузіязм эпохі жывіў творчасць і творы пісьменнікаў. Адамовіч.

2. і без дап. Ажыўляць, бадзёрыць. З паходных кубкаў у сыноў Напіся ты вады. Яна жывіць. Броўка. // Мець лекавыя якасці; гаіць. А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.

3. (у спалучэнні са словамі «стрэльба», «ружжо»). Не забіваць напавал, толькі раніць. Стрэльба жывіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́муж,

1. прысл. У выразах: пайсці (выйсці, зайсці) замуж за каго — стаць чыёй‑н. жонкай. [Марына] друга мілага знайшла І выйшла замуж за Данілу. Колас; пайсці (выйсці, зайсці) замуж куды — пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. — Жыве .. [бабка Мар’яна] ў суседнім сельсавеце, у Забалоцці: выйшла некалі туды замуж. Якімовіч; выдаць (аддаць) замуж за каго — зрабіць чыёй‑н. жонкай, садзейнічаць уступленню ў шлюб жанчыны. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль; браць (узяць) замуж — жаніцца з кім‑н.

2. у знач. наз. за́муж, а, м. Замужжа, шлюб. І Марфа — не маленькая. Сам чуў — яна прыходзіла да Кляновіча і з яго жонкай гутарыла. Няўдалы замуж, гаворыць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гара́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм.

1. Хвароба, пры якой у хворага бывае высокая тэмпература; ліхаманка. Два дні Марынка не выходзіла з кватэры бацькоў — ляжала ў пасцелі, перамагаючы гарачку і трызненне ў паўсне. Хадкевіч.

2. перан.; чаго або якая. Моцнае ўзрушэнне, захапленне, азарт. Гарачка нажывы. Карцёжная гарачка. □ Усіх [вяскоўцаў] ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Шамякін. // Спешка ў якой‑н. рабоце. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае, Бо хмара сіваю градою Ужо звісла нізка над зямлёю. Колас.

•••

Белая гарачка — захворванне, якое ўзнікае ў выніку алкагалізму і суправаджаецца трызненнем і галюцынацыямі.

Пароць гарачку гл. пароць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даклярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе;

1. зак. і незак., з інф. або злучн. «што». Даць (даваць) абяцанне зрабіць што‑н., аднесціся пэўным чынам да каго‑, чаго‑н. Камендант доўга распякаў салдат, якія вартавала чыгунку. Дакляраваў пад суд пааддаваць іх за страту пільнасці. Сабаленка. [Мар’яна Іванаўна і Сяргей Пятровіч] дакляравалі быць абавязкова, толькі крыху пазней: трэба ўправіцца з хатнімі справамі, як-ніяк — нядзеля. Дубоўка. // перан.; што і чаго. Запэўніць (запэўніваць) каго‑н. у тым, што ён атрымае што‑н. А Пятрусь і Міхась вывучылі ўвесь буквар, бо Паўлюк дакляраваў ім за гэта кніжак з малюнкамі. Колас.

2. незак., што або з інф. Падаваць якія‑н. надзеі; абнадзейваць. [Ганна] хвалявалася радасцю чакання нечага невядомага, блізкага, якое шмат дакляравала, вабіла і афарбоўвала ўсё ў ружовыя колеры. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)