угрэ́цца, угрэюся, угрэешся, угрэецца; зак.

Разм.

1. Сагрэцца, пагрэцца. Так [Парамон] устыў, што і на гарачай печы не мог угрэцца. Лобан. Угрэецца зямля — хутчэй [зерне] узыдзе і ўраджай будзе. Савіцкі.

2. Успацець, упарыцца; вельмі ўтаміцца. [Ніна] спяшалася і праз якую гадзіну добра ўгрэлася, але не спынілася, каб перадыхнуць, а толькі на хаду расшпіліла кажушок. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

унутры́, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіне, у межах. [Маёр:] У мяне ўсё кіпіць унутры. І я ледзьве стрымліваюся... Кучар. Валодзя асцярожна заглянуў у адтуліну, але ўнутры было чорна і нічога не відаць. Арабей.

2. прыназ. з Р. У сярэдзіне, у межах чаго‑н. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. З намаганнем пранікнуць, прабірацца куды‑н.; уціснуцца. Але вось паказаўся з-за рога аўтобус, усе разам кінуліся да яго, некаторы час ціскаліся ў дзвярах і нарэшце ўпхнуліся ўсярэдзіну. Курто. // перан. Умяшацца ў што‑н., улезці. — Вечна ты ўпхнешся! — накінуўся [Сяргей] на Гарыка і Руля. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ураўні́лаўка, ‑і, ДМ ‑лаўцы; Р мн. ‑лавак; ж.

Разм. Аднолькавае, нічым не апраўданае ўраўноўванне чаго‑н. — Бы жывяце ў абшчыне, — зноў устаў бургамістр, — але яна яшчэ не ўмацавалася. І ты, стары, не гні, ураўнілаўкі тут ніякай не будзе. Федасеенка. // Сістэма аплаты працы незалежна ад яе колькасці і якасці. Ліквідаваць ураўнілаўку ў зарплаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уціска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уціснуць.

уціска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Груба абмяжоўваць свабоду, правы каго‑н.; прыгнятаць. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Я люблю князёўну Ніну, але я не магу жыць так, як вы, і ўціскаць народ. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паглыбіцца ў чытанне, унікнуць у змест, сэнс напісанага. Дастала [Ганна] газету з сумкі, але ўчытацца не паспела: пачула знаёмую назву — Есяновікі... Аж сэрца замерла.. Хто тут яе зямляк. Лось. Учытаўся я [у кніжку баек Кандрата Крапівы] і ўсцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё, што адбываецца ў жыцці людзей, у жыцці вёскі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапатлі́васць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць хапатлівага. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як і сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу. Мележ. Такое гарэнне непакоіла Зімчука, якога гэта і цешыла і непакоіла. Непакоіла, бо ў хапатлівасці Васіля Пятровіча адчувалася хваравітасць і надрыў. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хро́снік, ‑а, м.

Уст. Хросны сын у адносінах да хросных бацькоў. Праўда, хросная Вольга Епіфанаўна, тая, якой Максім паказваў свае першыя вершы па-беларуску, хоць і не разумела, не спачувала ў галоўным, але, добрая душа, не адмовіла хросніку ў просьбе выпісаць для яго спачатку «Нашу долю», а потым «Нашу ніву». М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цесната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Уласцівасць цеснага (у 1 знач.). Цесната памяшкання.

2. Адсутнасць вольнага месца, недахоп патрэбнай плошчы, прасторы. Невялікі з двума вокнамі і балкончыкам пакой быў застаўлены рэчамі — ложкамі, шафай, канапай. Але, нягледзячы на цеснату, тут было чыста і прыбрана. Сапрыка. У цеснаце, ды не ў крыўдзе. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікаўнага. У .. [Вінгеля] была нейкая падатлівасць, мяккасць, своеасаблівая цікаўнасць да ўсяго. Чорны. Людскую цікаўнасць можна лёгка зразумець: не толькі ў былой палескай глухамані, але наогул ва ўсёй Беларусі такія магутныя земснарады працуюць упершыню. Дадзіёмаў.

2. Жаданне, імкненне ўсё ўведаць, убачыць. Некалькі рабочых з цікаўнасцю пазіралі работу вадалазаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)